Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэракты 11.09.2001 – колькасьць ахвяраў працягвае расьці


У аўторак спаўняецца 11 год з дня тэрактаў у ЗША, калі чальцы тэрарыстычнай арганізацыі «Аль-Каіда» захапілі чатыры пасажырскія самалёты, накіраваўшы два зь іх на вежы Ўсясьветнага гандлёвага цэнтру, а два іншых — на Пэнтагон і, як мяркуецца Белы дом альбо Капітолі. Усе самалёты, акрамя апошняга, дасягнулі мэтаў.

Раніцай прэзыдэнт ЗША Барак Абама і першая лэдзі Мішэль Абама разам з усёй краінай ушанавалі памяць загіблых хвілінай маўчаньня.



Пасьля гэтага Барак і Мішэль Абамы адправяцца ў Пэнтагон, дзе прымуць удзел у цырымоніі памяці ахвяраў трагедыі.

«Прэзыдэнт, вядома ж, спадзяецца і ўпэўнены ў тым, што амэрыканцы па ўсёй краіне знойдуць час заўтра, каб падумаць пра падзеі 11 верасьня 2001 году, і пра тое, праз што прайшла наша краіна з таго моманту. І асабліва для таго, каб узгадаць пра ахвяраў і сем’і тых, хто загінуў у той страшны дзень», — заявіў на брыфінгу для журналістаў у панядзелак афіцыйны прадстаўнік Белага дому Джэй Кэрні.

У выніку тэрарыстычнай атакі загінула каля трох тысяч чалавек.

Нацыянальны інстытут прафэсійнай бясьпекі і аховы здароўя ЗША паведаміў напярэдадні ўгодкаў трагедыі, што захворваньні, зьвязаныя з атакай 11 верасьня 2001 году працягваюць забіраць чалавечыя жыцьці.

Каля 1000 сьмерцяў на працягу апошніх 11 гадоў былі зьвязаны з захворваньнямі, выкліканымі таксычным пылам, які ўзьняўся пасьля таго, як абрынуліся дзьве вежы Сусьветнага гандлёвага цэнтру.

Блізу 70 тысяч чалавек – пажарнікаў, паліцыянтаў і працаўнікоў іншых службаў, якія бралі ўдзел у выратавальнай акцыі 11 гадоў таму – маюць права на бясплатны маніторынг стану здароўя і лячэньне.

Пад гэтыя ўгодкі тэрарыстычных атакаў было заплянаванае адкрыцьцё адмысловага музэю, але ягонае кіраўніцтва заявіла, што спатрэбіцца яшчэ год, каб скончыць працу над ім. Музэй, сярод іншага, будзе ўключаць артэфакты з дня нападу, такія як пажарныя каскі і кавалкі друзу. Кошт праекту ацэньваецца на суму 1,4 мільярда даляраў.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG