Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пачаўся маратон салідарнасьці


Штовечар ад панядзелка да пятніцы на сядзібе партыі БНФ вядомыя музыкі і паэты будуць сьпяваць і чытаць вершы. Вечарыну 10 верасьня наведала карэспандэнт «Свабоды».

Адкрываючы маратон, кіраўніца каардынацыйнай групы «За волю» Ганна Шапуцька заўважыла, што сёньня сабралася ня вельмі шмат людзей. Заля офісу БНФ сапраўды не была запоўнена цалкам. Між тым арганізатары запрасілі вядомых музыкаў Зьмітра Вайцюшкевіча, Віктара Шалкевіча, Лявона Вольскага, Андрэя Мельнікава, мастака Алеся Пушкіна.

10 верасьня для гледачоў выступілі бард Зьміцер Бартосік і паэт Славамір Адамовіч. Для апошняга тэма палітвязьняў асабліва балючая: у 1996 годзе паэт правёў восем месяцаў у ізалятары КДБ за верш «Забі прэзыдэнта».

Стартаваў маратон салідарнасьці з палітвязьнямі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:28 0:00

«Я быў, на жаль, першым палітычным сядзельцам, затрыманым у 1996 годзе. Праклаў гэту сумную сьцежку, вобразна кажучы. На дадзены момант гэта самае меншае, што я магу зрабіць – гэта адгукнуцца на заклік, прадэманстраваць лішні раз – а дэманстраваць гэта трэба часцей – што мы памятаем нашых землякоў, нашых людзей, якія зараз садзяць у турмах рэжыму ўнутранай акупацыі, не ў нарвэскай якой-небудзь турме», – кажа Славамір Адамовіч.
Выступае Славамір Адамовіч
Выступае Славамір Адамовіч

Ідэя музычна-літаратурнага маратону салідарнасьці зьявілася пасьля таго, як 28 жніўня лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча асудзілі на яшчэ адзін год пазбаўленьня волі, распавяла «Свабодзе» Ганна Шапуцька. Адмыслова для імпрэзаў актывісты групы «За волю» выдалі буклет з інфармацыяй пра кожнага з 14-ці палітычных зьняволеных і адрасам у турме, куды вязьням можна даслаць ліст. Пад час канцэртаў у залі ставяць скрынку для ахвяраваньняў сем'ям палітвязьняў.
Ганна Шапуцька
Ганна Шапуцька

Як музычныя вечарыны могуць паўплываць на вызваленьне людзей, што трапілі ў турму за свае палітычныя погляды? Ганна Шапуцька ня мае сумневаў, што нават такімі крокамі рэальна зьмяніць сытуацыю да лепшага:

«Зараз мы вельмі-вельмі слабыя ў сваёй разрозьненасьці, але я спадзяюся, што гэтыя імпрэзы ўзмоцняць хвалю нашай… увесь час кажу слова салідарнасьці, яно самае галоўнае. Сёньня, калі мы слухалі Зьмітра Бартосіка, я азірнулася ў залю і ўбачыла ўсьмешку на твары Ўладзя Яроменка. Чалавек, які прайшоў праз турму, катаваньні, столькі выпрабаваньняў... – 22 гады яму нядаўна споўнілася – я лічу, што гэта самая вялікая заслуга гэтага вечара, гэтых людзей, Змьмітра Бартосіка, Адамовіча. Нашыя маленькія сілы ўсё роўна перамогуць гэтую вялікую рэпрэсіўную машыну. Я ў гэта веру».

11 верасьня ў рамках маратону салідарнасьці у офісе БНФ пройдзе сустрэча з музыкам Зьмітром Вайцюшкевічам і мастаком Алесем Пушкіным. Пачатак а 18-й гадзіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG