Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Помста геаграфіі»


Робэрт Каплан
Робэрт Каплан
«Помста геаграфіі: што кажа мапа пра маючыя адбыцца канфлікты і бітва супраць лёсу» – у кнізе пад такой назвай вядомы амэрыканскі журналіст Робэрт Каплан аналізуе ўплыў геаграфічнага становішча краін на іх гісторыю і нават палітычную культуру. Пра некаторыя высновы сваёй кнігі аўтар распавёў у інтэрвію нашаму радыё. Прапануем вам фрагмэнты гутаркі.

РС: Спадар Каплан, вы пішаце, што «месца дзяржавы на мапе вызначае больш, чым яе філязофія». Чаму геаграфія такая важная?

Каплан: Таму што яна вызначае абмежаваньні і магчымасьці краіны. Напрыклад, Вялікабрытанія – гэта вялікі востраў. Там ня трэба баяцца вонкавага нападу. Таму на працягу сотняў гадоў яна мела магчымасьць спакойнага ўнутранага разьвіцьця і гэта адна з прычын, чаму там усталявалася дэмакратыя.

Паглядзіце на мапу Злучаных Штатаў – там на паўночным усходзе вельмі шмат добрых натуральных гаваняў. Гэта адна з прычын, зь якіх 13 калёній маглі ўтварыць жыцьцяздольную дзяржаву. Мы глядзім на ўсё ўзьбярэжжа Афрыкі – яно надзвычай вялікае, але там параўнальна мала натуральных гаваняў, што перашкаджала разьвіцьцю краін гэтага рэгіёну.

Паглядзіце на Расею. Расея распасьціраецца па даўгаце на палову сьвету. Тым ня менш, яна мае вельмі мала натуральных межаў. Яна адкрытая для ўварваньня зь некалькіх бакоў. Гэтым і тлумачыцца адсутнасьць бясьпекі Расеі і падазронасьць як рыса нацыянальнага характару.

РС: Вы кажаце пра вялікі гістарычны ўрок «Мюнхэну» – што гэта такое?

Каплан: Размова ідзе пра канфэрэнцыю ў Мюнхэне ў 1938 годзе, дзе брытанскі прэм'ер Чэмбэрлен саступіў патрабаваньням Гітлера. Гэта прывяло да захопу Судэцкай вобласьці Чэхаславаччыны і да Другой сусьветнай вайны. Урок Мюнхэну: «Спыніце дыктатара зараз, таму што калі вы ня спыніце яго сёньня, ён захопіць вялікую тэрыторыю і прывядзе да яшчэ большага хаосу заўтра».
Іншымі словамі, трэба было ўмешвацца ў Босьніі, пакуль ня стала занадта позна, трэба было зрынуць Садама Хусэйна, пакуль ня стала занадта позна, трэба ўмешвацца ў Сырыі, пакуль ня стала занадта позна.

РС: Вы пішаце пра тое, што адсутнасьць у Расеі натуральных межаў спрыяла нацыянальнай апантанасьці кантролем над тэрыторыямі, каб прадухіліць рызыку ўварваньня. Ці дапамагае гэта растлумачыць цяперашнюю жорсткую палітыку прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна?

Каплан: Заходнія СМІ ненавідзяць Пуціна, таму што ён не гуляе ў дамарослага лібэрала, што прынесла б яму аплядысмэнты гэтых СМІ. Але ня трэба бачыць у Пуціне стваральніка таталітарнай дзяржавы, ён проста нармальны, пасрэдны расейскі паўдыктатар. Ягоны цынічны нэаімпэрыялізм тлумачыцца глыбокай заклапочанасьцю геаграфічнай небясьпекай яго краіны.

Пуцін глядзіць на мапу Эўропы і бачыць на ёй тое ж, што бачылі цары і камісары: шляхі ўварваньня ў Расею, шляхі, па якіх у яе ўрываліся швэды, палякі, французы, немцы, літоўцы і г.д. І ён, як і яго камуністычныя папярэднікі, хоча буфэрных дзяржаваў. Ён хоча мець пераважны ўплыў у краінах Балтыі. Ён хоча буфэрных дзяржаваў ва Ўсходняй Эўропе, ён ня згодны з распадам Варшаўскай дамовы. Ён ведае, што ён ня можа ўзнавіць Варшаўскую дамову, ён ведае, ён ня можа ўзяць пад кантроль краіны Балтыі, якія зьяўляюцца чальцамі НАТА. Але ён паспрабуе. Ён будзе працягваць рабіць ціск рознымі спосабамі – праз газаправоды, злачынныя групоўкі, кібэратакі і г.д.

Тым жа тлумачыцца яго патрэба ў буфэрных дзяржавах у Беларусі і Ўкраіне. З гэтай жа прычыны ён уварваўся ў Грузію ў 2008 годзе і хоча ўплыву ў Цэнтральнай Азіі, хоць яму не хапае вайсковай моцы для аднаўленьня расейскай імпэрыі там. Пуцін думае, як традыцыйны расейскі кіраўнік, таму што Расея адкрытая для ўварваньня з розных бакоў. Расейцам не хапае бясьпекі марскіх дзяржаваў, якія знаходзяцца пад абаронай акіянаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG