Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нельга зводзіць ролю амбасадаў толькі да гандлёвых функцыяў»


Пятро Садоўскі

Пятро Садоўскі

Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў скараціць прадстаўніцтва Беларусі ў міжнародных арганізацыях. «Міністру замежных спраў і кіраўніку адміністрацыі даручана ў бліжэйшы час унесьці прапановы па скарачэньні нашага прадстаўніцтва там, дзе гэта не трэба, дзе мы можам абысьціся», — заявіў кіраўнік Беларусі. Наколькі мэтазгодная гэта ідэя, ці можа такое скарачэньне прынесьці нэгатыўныя палітычныя наступствы? Чаму беларускія амбасадары займаюцца пераважна эканамічнымі пытаньнямі і фактычна пазбаўленыя палітычных функцыяў? На гэтыя пытаньні адказвае першы амбасадар незалежнай Беларусі ў Нямеччыны Пятро Садоўскі.

— Ці можна назваць апраўданым такі падыход Лукашэнкі? Ці бачыце вы пэўныя нэгатыўныя палітычныя моманты ў такім намеры?

— Сама па сябе заява Лукашэнкі — у ёй няма ніякага абсурду. Трэба казаць вельмі канкрэтна, калі будзем дакладна ведаць пра скарачэньні. Я ня думаю, што пойдзе гутарка пра тое, каб скарачаць важныя амбасады ў Нямеччыне, Францыі, Галяндыі, Расеі, Кітаі. Калі гутарка ідзе пра Лацінскую Амэрыку, магчыма, там можа быць амбасадар па сумяшчальніцтве.

Нельга сказаць, што амбасада — гэта танная рэч. Канечне, амбасада зарабляе на візах. Паводле майго досьведу ў Нямеччыне, мы тады зараблялі мільён даляраў на візах. А «праядалі» (траты на арэнду, заробкі, транспарт і гэтак далей) тысяч трыста. Так што амбасада Нямеччыны «акуплялася».

— Але ці можна гэтае пытаньне вымяраць толькі эканамічнымі рэзонамі? Ужо гучаць галасы, што ў выпадку скарачэньняў амбасадаў гэта палітычна аслабіць Беларусь.

— Мне вельмі падабаецца гэта ваша пытаньне. Бо ў кіраўніка дзяржавы назіраецца тэндэнцыя зьвесьці ролю амбасады да нейкіх эканамічных агенцтваў. Але эканомікай павінны займацца самі прадпрымальнікі і прадпрыемствы, дзе ёсьць адпаведныя людзі, якія займаюцца замежнымі зносінамі, гандлем, і гэтак далей.

Тут у нас ёсьць перакос, бо цяпер беларускія амбасады пазбаўленыя палітычнай ініцыятывы, цалкам паралізаваныя ў гэтым сэнсе. Але роля амбасадаў якраз у тым, каб асвойваць палітычную тэрыторыю, наладжваць кантакты, самім даваць парады кіраўніцтву дзяржавы. Ім акурат лепш бачна! Яны бачаць тэндэнцыі, ведаюць лепш палітыку і рынак у сваіх краінах. Таму зводзіць іхнюю ролю толькі да нейкіх гандлёвых функцыяў не выпадае.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG