Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларуская нацыянальная памяць» правяла 9 верасьня ў цэнтральным парку Варшавы акцыю ўшанаваньня Янкі Філістовіча.

Пад бел-чырвона-белымі сьцягамі прысутным апавялі пра дзеяча беларускага антыкамуністычнага супраціву Янку Філістовіча. Удзельнікі акцыі зладзілі прагляд фільму «Беларускі рэзыстанс».

Як расказаў кіраўнік «Беларускай нацыянальнай памяці» Анатоль Міхнавец, акцыя была прымеркаваная да вяртаньня Янкі Філістовіча ў Беларусь:

«Янка Філістовіч мог спакойна жыць у Парыжы, але выбраў іншы шлях — шлях барацьбы. 9 верасьня 1951 году ён дэсантаваўся ў Беларусь, каб змагацца за волю і незалежнасьць нашага краю. Таму мы зараз і шануем ягоны геройскі чын. „Вяртаньне нацыяналіста“ — так назваў сваю кнігу пра Філістовіча Аляксандар Лукашук. Вяртаньне Янкі Філістовіча, які бараніў гонар нацыі. Змагаўся і загінуў, каб жыла Беларусь!»

Прыканцы ўдзельнікі мерапрыемства запалілі паходні і выгукнулі «Жыве Беларусь!»

Янка Філістовіч эміграваў у Парыж пасьля Другой усясьветнай вайны. Вучыўся ў Сарбонскім (Францыя) і Лювэнскім (Бэльгія) унівэрсытэтах. Удзельнічаў у жыцьці беларускай эміграцыі ў Заходняй Эўропе. 9 верасьня 1951 году ён дэсантаваўся ў Беларусі ля вёскі Паняцічы (сёньня Вялейскі раён). Займаўся падпольнай антысавецкай дзейнасьцю. У красавіку 1952 году разам з паплечнікамі напаў на друкарню пад Маладэчнам, адкуль забралі друкарку. У верасьні 1952 году Янка Філістовіч быў арыштаваны органамі МГБ. Верагодна, у 1953 годзе яго расстралялі. На той час Янку Філістовічу было 27 гадоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG