Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральнікам ад СНД падабаецца беларускае жніво


Місія назіральнікаў СНД за правядзеньнем выбараў у Палату прадстаўнікоў Беларусі зрабіла прамежкавыя высновы пра ход кампаніі.

Назіральнікі сьведчаць, што выбарчая кампанія праходзіць у адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам. Прадстаўнікі палітычных партыяў і праваабаронцы заяўляюць пра шэраг парушэньняў.

Назіраньне за ходам выбарчай кампаніі ў Беларусі праводзяць 208 прадстаўнікоў краін СНД, на момант галасаваньня іх будзе каля 300. У прамежкавай справаздачы яны не адзначылі парушэньняў ходу кампаніі, пра гэта на прэсавай канфэрэнцыі паведаміў намесьнік кіраўніка місіі Яўген Слабада. Прадстаўнік місіі ад Казахстану Мурат Ташыбаеў дапоўніў:

«Назіраньне паказала, што праца акруговых камісіяў праводзіцца ў адпаведнасьці з прынятым каляндарным плянам і ў адпаведнасьці з асноўным заканадаўствам. Атмасфэра ў гарадах і раёнах, дзе мы пабывалі, спакойная. Мяне ўразілі гарады і пасёлкі, дзе чыста і ідзе ўзгодненая ўборка ўраджаю».

Як паведаміў Яўген Слабада, назіральнікі ад СНД не разглядалі выпадкі скасаваньня выступленьняў апазыцыйных кандыдатаў у электронных мэдыях. Але сустракаліся з прадстаўнікамі палітычных партыяў і праваабаронцамі. Пра зьмест гаворкі падчас сустрэчы ў партыі «Справядлівы сьвет» паведамляе намесьнік старшыні партыі Валеры Ўхналёў:

Валер Ухналёў

Валер Ухналёў

«Я ім асабіста распавёў пра стварэньне акруговых і ўчастковых камісіяў. Мы лічым, што яны прайшлі з парушэньнем, з дыскрымінацыяй партыяў. Мы распавялі пра тыя праблемы, якія ўзьніклі ў некаторых нашых кандыдатаў з друкаваньнем агітацыйных матэрыялаў. Але я ня думаю, што назіральнікі будуць асабліва акцэнтаваць увагу на ўсіх гэтых парушэньнях».

Прадстаўнікі кааліцыі «Праваабаронцы за справядлівыя выбары» сустрэліся з назіральнікамі місіі СНД з уласнай ініцыятывы. Сябры праваабарончага цэнтру «Вясна», Беларускага Хэльсынскага камітэту выказалі свае заўвагі пра зафіксаваныя парушэньні, аднак мала спадзяюцца на належную да іх увагу.

Гары Паганяйла

Гары Паганяйла

Юрыст праваабарончага цэнтру БХК Гары Паганяйла: «Вядома ж, мы патлумачылі ім, што дзяржава ўзяла на ўзбраеньне вылучэньне масы назіральнікаў, у тым ліку ад „Белай Русі“, БРСМ, афіцыйных прафсаюзаў, якіх ужо на гэтых выбарах можа быць каля 20 тысяч. Але яны толькі робяць выгляд, што назіраюць, і, па сутнасьці, створаныя для таго, каб сачыць за ініцыятывай незалежных назіральнікаў, у тым ліку праваабарончых арганізацыяў. У назіральнікаў ад СНД устаноўка нібыта на тое, каб назіраць аб’ектыўна. І вось гэтую аб’ектыўнасьць мы паглядзім паводле той ацэнкі, якую яны зробяць па выніках сваёй місіі ў Беларусі».
XS
SM
MD
LG