Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк зьніжае стаўку рэфінансаваньня да 30% гадавых


Згодна з пастановай праўленьня Нацыянальнага банку стаўка рэфінансаваньня ў Беларусі з 12 верасьня зьніжаецца да 30% гадавых.

«Фактычная дынаміка інфляцыі ў мінулым пэрыядзе знаходзілася ў рамках прагнозных парамэтраў, што на фоне стабільнай эканамічнай сытуацыі ў краіне дазволіла працягнуць паступовае зьніжэньне стаўкі рэфінансаваньня», — паведамілі ў Нацбанку.

Усталяваньне такога ўзроўню стаўкі рэфінансаваньня захавае жорсткасьць грашова-крэдытнай палітыкі, што будзе спрыяць запавольваньню інфляцыі і стварэньню ўмоў для яе істотнага зьніжэньня ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве.

Пры гэтым па-ранейшаму будуць забясьпечаныя прывабныя ўмовы рублёвай формы ашчаджэньняў з даходнасьцю, якая значна перавышае даходнасьць укладаў у замежнай валюце, адзначылі ў Нацбанку.

Раней Нацбанк зьнізіў стаўку рэфінансаваньня 15 жніўня бягучага году з 31% да 30,5% гадавых. Цяперашняе зьніжэньне стаўкі рэфінансаваньня стала ўжо восьмым з пачатку гэтага году. За гэты час стаўка рэфінансаваньня была зьніжаная ў цэлым на 15 працэнтных пунктаў (з 45% да 30% гадавых).

Згодна з прагнозным паказчыкам Нацбанку, стаўку рэфінансаваньня да канца 2012 году плянуецца зьнізіць да 20–23% гадавых пры ўмове зьніжэньня інфляцыі да 19–22%.
XS
SM
MD
LG