Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рашэньне каардынатара грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Зьмітра Бандарэнкі не вяртацца з Польшчы, дзе ён праходзіў лекаваньне, выклікала супярэчлівую рэакцыю ў дэмакратычным асяродку.

Адны лічаць, што палітык зрабіў правільна, бо існуе небясьпека новага арышту; іншыя схіляюцца да высновы, што сваім ад’ездам ён капітуляваў перад рэжымам.

Зьміцер Бандарэнка свой крок аргумэнтаваў пагрозай новага зьняволеньня. А зноў трапіць за краты, дзе, словамі палітвязьня, ён быў «палонным» цягам 16 месяцаў, жаданьня няма. Палітык перакананы, што большую карысьць прынясе на волі. У Бандарэнкі ў Польшчы жыве дачка. Ці пераедзе ў Варшаву жонка Вольга — невядома. Яе тэлефон адлучаны.

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Алесь Міхалевіч сам больш за год знаходзіцца за мяжой і выбар Зьмітра Бандарэнкі, даверанай асобы іншага прэтэндэнта на прэзыдэнцкую пасаду Андрэя Саньнікава, разумее:

Алесь Міхалевіч

Алесь Міхалевіч

«Я думаю, што кожны мае права сам рабіць падобны выбар. Я вельмі спадзяюся, што людзі ў Беларусі, грамадзяне краіны самі здолеюць рабіць уласны выбар і што сапраўды мы дасягнем таго моманту, калі нікому ніхто і нішто ня будзе пагражаць. Таму адназначна гэта ягонае асабістае права — усё вырашаць такім чынам, як ён лічыць неабходным».

Карэспандэнт: «Вы самі ў падобнай сытуацыі. Мабыць, таксама даводзілася чуць крытыку на свой адрас?»

«Ня ведаю, я ніякай крытыкі ня чуў, таму што супраць мяне ўзбуджаная крымінальная справа, па якой мне пагражае ад 5 да 15 гадоў турэмнага зьняволеньня. І я ня ведаю, хто мог у такой сытуацыі мяне крытыкаваць. Прынамсі, я з гэтым не сустракаўся».

Былы палітвязень Сяргей Вазьняк, асуджаны пасьля паўтарамесячнага арышту нібыта за ўдзел у масавых беспарадках на два гады зьняволеньня ўмоўна з двухгадовым выпрабавальным тэрмінам, лічыць, што калі чалавек прыйшоў у палітыку, ды яшчэ ў Беларусі, то трэба быць гатовым да самага дрэннага разьвіцьця падзеяў. Перакананы, што сапраўдны палітык будзе трываць да апошняй магчымасьці:

Сяргей Вазьняк

Сяргей Вазьняк

«Трэба, вядома, апынуцца ў той сытуацыі, у якой ён апынуўся. Але як на мяне, то трэба быць тут, а эміграцыя — гэта ўжо самая апошняя рэч. Хоць я дапускаю, што могуць скласьціся такія абставіны, калі ў чалавека няма іншага выйсьця. Я дакладна ня ведаю ягонай сытуацыі, але змагацца, вядома, трэба тут. Мабыць, усё залежыць ад колькасьці ўдараў па рэбрах — хто колькі можа вытрымаць. Трэба паставіць сябе на месца іншага чалавека, перажыць тое, што ён перажыў. Тое, што ў мяне няма асуджэньня — гэта дакладна, такія ўчынкі я не асуджаю. Але проста сам адношуся да катэгорыі людзей, якія адстрэльваюцца да апошняга патрона, таму я тут. Аб’ектыўна палітык, безумоўна, павінен заставацца і дамагацца сваіх мэтаў, але я раблю ўсё ж папраўку на абставіны, таму што ня ведаю, якія там у яго склаліся абставіны — асабістага пляну, па здароўі, які ўзровень наездаў з боку далікатных органаў мог быць. Ды ўсё што заўгодна. Ня ведаючы ўсіх гэтых абставінаў, я безагаворачна асуджаць не бяруся гэты ўчынак».

Сяргей Марцалеў — былы кіраўнік выбарчага штабу кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах 2010 году Мікалая Статкевіча. Асуджаны за Плошчу-2010 на два гады ўмоўна. Да суду 5 месяцаў адседзеў у СІЗА КДБ. Лічыць, што ад’езд Бандарэнкі трэба разглядаць як мінімум зь дзьвюх пазыцый:

Сяргей Марцалеў

Сяргей Марцалеў

«Давайце падзелім функцыі Бандарэнкі як палітыка і яго права на выбар уласнага лёсу. Дык вось, як чалавека я Зьмітра разумею: у яго падарванае здароўе, ён правёў доўгі час у турме — бяспраўна, незаслужана. Таму толькі ён сам можа вырашаць свой лёс. І дзясяткі, сотні крытыкаў, якія да ягонага лёсу ня маюць ніякага дачыненьня, ня маюць маральнага права яго за гэта асуджаць. Іншая справа, што як палітык Зьміцер, напэўна, ня зможа працягваць выконваць тыя функцыі, якія ён выконваў да прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Але зьвярніце ўвагу: наяўны склад той палітычнай структуры, зь якой ён супрацоўнічаў, у большай частцы пакінуў межы Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, так што такі крок нават у гэтай канве паводзінаў палітыка ўяўляецца лягічным. Ягоныя аднадумцы ў бальшыні сваёй знаходзяцца ў эўрапейскіх сталіцах, і ён да іх проста далучыўся. Што тычыцца таго, што засталося ад структуры „Эўрапейскай Беларусі“, то гэта ўплывовы інфармацыйны рэсурс „Хартыя-97“, які ён зможа каардынаваць (калі будзе ўвогуле гэтым займацца) у любым пункце зямнога шару».

Кіраўнік руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык апошнія паўтара года жыве ў Кіеве, перабраўся туды неўзабаве пасьля падзеяў Плошчы. Вядзе актыўную інфармацыйную кампанію, шырачы зьвесткі пра рэальную сытуацыю ў Беларусі. Лічыць, што паляпшэньню ўнутрыпалітычнай сытуацыі, якая б спрыяла дэмакратызацыі грамадзтва, замінае няпэўнасьць у адносінах да беларускага рэжыму з боку зьнешніх палітычных гульцоў. Таму гарантыі бясьпекі для найбольш актыўных палітыкаў па-ранейшаму няма:

Вячаслаў Сіўчык

Вячаслаў Сіўчык

«Так атрымліваецца, што беларусы змагаюцца за Беларусь, а навокал нас ідуць нейкія перамовы, не да канца нам зразумелыя, у тым ліку і з чалавекам, які на вачох усіх даўно робіць злачынствы. І атрымліваецца, што нармальныя людзі ў Беларусі сядзяць у турмах, а бандыты — ня толькі на свабодзе, яны яшчэ дазваляюць сабе думаць, што, можа, гэты рэжым праіснуе да таго часу, калі Коленька вырасьце і перахопіць у Аляксандра Рыгоравіча ці карону, ці шапку султана. Я ўжо ня ведаю, у якім маразматычным сьвеце жыве гэтая сямейка, вярхушка сёньняшняга рэжыму. У гэтай сытуацыі ўсё ж неабходна, каб Беларусь мела магчымасьць нармальна разьвівацца. Але пры Аляксандру Лукашэнку гэта цалкам выключана. Я вельмі хацеў бы, каб людзі найхутчэй працьверазелі, бо літаральна кожны месяц існаваньня пры ўладзе Лукашэнкі — гэта ўдар па будучыні Беларусі».

На прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году Зьміцер Бандарэнка быў адной з ключавых фігураў каманды кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, якога асудзілі на 5 гадоў зьняволеньня, а сёлета 14 красавіка вызвалілі паводле ўказу Лукашэнкі. Бандарэнку асудзілі на два гады пазбаўленьня волі. Вызвалены згодна з указам прэзыдэнта аб памілаваньні на наступны дзень пасьля Саньнікава — 15 красавіка.

Андрэй Саньнікаў цяпер лекуецца ў Літве, але, як сьцьвярджае ягоная жонка Ірына Халіп, пасьля завяршэньня прызначанага курсу абавязкова вернецца ў Беларусь.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG