Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы агітацыйны пікет дэмакратычнага кандыдата ў Берасьці


Кандыдат у дэпутаты ад БСДП(Г) і кампаніі «Гавары праўду» Ігар Маслоўскі першы з апазыцыянэраў зладзіў агітацыйны пікет у Берасьці. Пікет праходзіў пад партыйным бел-чырвона-белым сьцягам з ружай.

Палітык раскрытыкаваў рашэньне мясцовых уладаў пра выдзяленьне месцаў для пікетаваньня. Ігар Маслоўскі кажа, што мусіць пікетаваць не на сваёй акрузе, бо там няма прыдатных, на яго думку, месцаў. Таму першы пікет кандыдата зь Берасьцейскай акругі № 2 праходзіў на пляцоўцы каля ЦУМа, што ў акрузе № 1.

Як распавёў «Свабодзе» Ігар Маслоўскі, ён задаволены першым пікетам: «Сёньня быў наш першы пікет, цягам дзьвюх гадзін мы раздалі каля 300 улётак. Некаторыя людзі спыняюцца, вітаюцца па-беларуску. Цікавяцца, у першую чаргу, мясцовымі праблемамі — стварэньнем бязьвізавага ўезду ў Польшчу ў 50-кілямэтровай зоне, праблемамі ЖКГ».

Дзяўчына, якая спынілася каля пікету Маслоўскага, кажа, што байкатаваць выбары няма сэнсу:

«Я студэнтка, мы звычайна ходзім, бо прымушаюць...»

Карэспандэнт: «А хто вас прымушае?»

Студэнтка: «Ага, а вы запішаце, і потым... Не, ня трэба, не запісвайце...»

Маслоўскі заявіў, што пікеты ягоная каманда будзе ладзіць штодня.

XS
SM
MD
LG