Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «Анімаёўцы» — пяць мульцікаў на беларускай мове


Пяць анімацыйных стужак на беларускай мове ўвайшлі ў конкурсную праграму міжнароднага фэстывалю анімацыйных фільмаў «Анімаёўка-2012». Пра гэта паведамілі ў аргкамітэце фэстывалю. Усе стужкі вырабленыя на кінастудыі «Беларусьфільм».

Фэстываль «Анімаёўка» пачынаецца 10 верасьня, а ўрачыстае адкрыцьцё адбудзецца 11 верасьня. Сёлета фэстываль пройдзе ў пятнаццаты раз.

Акрамя беларускамоўных стужак, на конкурс «Анімаёўкі» выстаўленыя і дзьве анімацыйныя працы на расейскай мове, зьнятыя таксама «Беларусьфільмам». Усе сем стужак беларускай вытворчасьці пакажуць 12 верасьня ў магілёўскім кінатэатры «Ветразь» у асобнай праграме «Беларускія прымаўкі».

«Мы далі назву праграме па першай яе анімацыйнай працы — „Беларускія прымаўкі“ рэжысэра Міхаіла Тумелі. Зроблена гэта наўмысна, каб падкрэсьліць, што стужкі — нашай вытворчасьці. У праграму ўвайшлі ўсе новыя фільмы, якія нам дала кінастудыя „Беларусьфільм“. Акрамя „Беларускіх прымавак“, пакажам фільм Аляксандра Ленкіна „Дзед“, Ігара Воўчака — „Як Несьцерка шчасьце сваё знайшоў“, „Піліпку“ Тацяны Кубліцкай», паведамілі ў аргкамітэце фэстывалю.

Летась на «Анімаёўцы» паказалі два мульцікі на беларускай мове. У 2010-м іх было чатыры.

У аргкамітэце паведамілі, што ў конкурснай праграме «Анімаёўкі» прадстаўленыя 83 анімацыйныя працы для дзяцей і дарослых з 18 краін сьвету. Акрамя гэтага, арганізатары заплянавалі конкурс для аніматараў-пачаткоўцаў зь дзіцячых студыяў. У ім бяруць удзел дзеці-аніматары з чатырох краінаў.

Завершыцца фэстываль 15 верасьня. Старшынюе ў журы польскі рэжысэр Марэк Хадачыньскі. Анімацыйныя стужкі пакажуць ня толькі ў кінатэатрах Магілёва, але ў райцэнтрах вобласьці.

Заснавальнікамі фэстывалю выступае Міністэрства культуры Беларусі і Магілёўскі аблвыканкам. Інфармацыйныя абвесткі «Анімаёўкі», як і ў мінулыя гады, — на расейскай мове.

XS
SM
MD
LG