Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Як Беларусь можа стаць часткай Расеі?»


Такі апакаліптычны сцэнар выклаў у расейскай англамоўнай газэце Moscow Times журналіст Рычард Лур'е.

Самае ўдалае, хаця і сумнае, у артыкуле — назва. Астатняе таксама сумнае, але менш удалае. У сцэнары Лур'е ўсё пачынаецца з дэсанту швэдзкіх плюшавых мядзьведзяў. Чытаем далей:

«Плюшавыя мядзьведзі зьяўляюцца паўсюль у Беларусі. Пашыраюцца арышты. Пратэсты робяцца масавымі і зарыентаванымі на ўвагу сусьветных СМІ. Зьяўляецца зброя, скрадзеная з арсэналаў і адабраная ў амапаўцаў. Пачынаецца ўзброены супраціў. Некаторыя салдаты пераходзяць на бок паўстанцаў. Ноччу краіна зіхаціць ад кактэйляў Молатава. Беларусь зьвяртаецца па дапамогу да Расеі. Пуцін заяўляе, што Беларусь заўсёды была гістарычна часткай Расеі, перажыўшы толькі адзін год незалежнасьці ў 1918-19 гг. Ён далучае яе да Расеі, Эўропа вые ад абурэньня».

Пуцін перакананы, што Беларусь — гэта толькі пачатак доўгага, добра падрыхтаванага Захадам пляну адхіліць яго ад улады і аслабіць Расею. Усё — няўрадавыя арганізацыі, плюшавыя мядзьведзі, назіральнікі за выбарамі, Аранжавая рэвалюцыя ва Ўкраіне, Pussy Riot, Міхаіл Хадаркоўскі — усё было толькі крокамі да гэтага. Менск зьяўляецца прыступкай на шляху да Масквы.

У тую зіму Расея аказвае ціск на Эўропу, перарываючы падачу газу, ускладаючы адказнасьць за гэта на сабатаж з боку «тэрарыстаў».

Беларусь зьвяртаецца па дапамогу да Расеі. Пуцін заяўляе, што Беларусь заўсёды была гістарычна часткай Расеі
Ну і гэтак далей. Аўтар, здаецца, пераблытаў Расею і Беларусь з Сырыяй ці Лібіяй. Але нават калі ўявіць сабе такое разьвіцьцё падзеяў, то чаму яно пачнецца з плюшавага дэсанту?

Прыгадваецца дыялёг са стужкі «Хвост круціць сабакам»: Мы пачынаем вайну з Альбаніяй! — Чаму з Альбаніяй? — А чаму б і не?

Хаця, дарэчы, адзін фрагмэнт з фантастычнай вэрсіі Рычарда Лур'е мае нейкія адпаведнікі ў рэчаіснасьці. Наконт Газпрому.

Пра дужаньне паміж Газпромам і Эўракамісіяй піша брытанская Financial times.
Эўракамісія пачала антыманапольнае расьсьледаваньне дзейнасьці расейскага газавага гіганта ў краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Сярод
Газпром прапануе больш спрыяльныя ўмовы пакупкі тым краінам, якія падтрымліваюць праекты самога Газпрому

абвінавачваньняў на адрас Газпрому — маніпуляцыі з цэнамі. Газпром прапануе больш спрыяльныя ўмовы пакупкі тым краінам, якія падтрымліваюць праекты самога Газпрому, а не разьвіцьцё альтэрнатыўных крыніц паставак газу ў Эўропу. Выданьне піша пра тое, што спадзевы на сланцавы газ, які, здавалася, у хуткім часе можа замяніць прыродны, пакрысе разьвейваюцца. Паводле апошніх дасьледаваньняў Эўразьвязу, прынамсі 60% патрэбнага газу Эўропе давядзецца ўсё ж купляць за межамі Зьвязу, у тым ліку і ў Расеі. Гэта значыць, наперадзе новыя канфлікты і палітыка-эканамічныя дужаньні.

Тэма расьсьледаваньня дзейнасьці Газпрому прагучала і на саміце Азіяцка-Ціхааакіянскага супрацоўніцтва ў расейскім Уладзівастоку.

Як піша The Wall Street Journal, Расія зрабіла саміт плятформай для крытыкі пасьля таго, як Эўракамісія нядаўна пачала антыманапольнае расьсьледаваньне ў дачыненьні да Газпрому. У сваім выступе ў нядзелю прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін абвінаваціў эўрапейскіх лідэраў у спробе выкарыстоўваць Газпром для вырашэньня праблем усходнеэўрапейскіх эканомік.

Газэта паведамляе, што форум ва Ўладзівастоку стаў хутчэй агледзінамі канфліктаў і напружанасьцяў. Напярэдадні форуму лідэры Кітаю і Японіі правялі неафіцыйную 15-хвілінную дыскусію на фоне росту супярэчнасьцяў адносна пляну Японіі па нацыяналізацыі выспаў ва Ўсходне-Кітайскім моры, на якія таксама прэтэндуе Кітай.

А на самім саміце расейская і амэрыканская дэлегацыі тымчасам не прыйшлі да згоды па пытаньні, як вырашаць крызіс у Сырыі. Выступаючы ва Ўладзівастоку, дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан сказала, што абмяркоўвала пытаньне Сырыі з прадстаўнікамі Расеі, але дамаглася толькі абмежаванага прагрэсу.

Новая рэзалюцыя ААН, накіраваная на спыненьне гвалту ў Сырыі, будзе бескарыснай, калі будзе «бяззубай», бо прэзыдэнт Сырыі Башар Асад праігнаруе яе, сказала Клінтан. Аднак кіраўнік расейскага МЗС Сяргей Лаўроў заявіў на прэс-брыфінгу, што «мы не падтрымліваем санкцыі, таму што яны нічога не дадуць».

Парыская Le Figaro аналізуе геапалітычны сэнс саміту ва Ўладзівостоку. «Крызіс у Эўропе — гэта заходні крызіс, крызіс цывілізацыі, якая хацела навязаць сваю мадэль іншым краінам. Расея здольная прапанаваць другі шлях», — цытуе газэта расейскага экспэрта Леаніда Івашова.

Ён відавочна ўпіваўся гэтым момантам і ператварыў гісторыю з журавамі ў прытчу, якая азначае: яго жорсткі кантроль і моцнае лідэрства ўтрымліваюць Расею ад спаўзаньня ў хаос

Паводле Le Figaro, Пуцін ужо назваў гэты новы шлях: Эўразійскі саюз. Аднак — працягвае выданьне — экспэрты сумняюцца ў шчырасьці і, галоўнае, у эфэктыўнасьці гэтай новай канцэпцыі. Далёкі Ўсход Расеі страціў каля 2 млн. жыхароў за 10 гадоў. Кітай разьлічвае як на Расею, гэтак і на Казахстан для задавальненьня сваіх вялізных патрэбаў у сыравіне. Нарэшце, расейская эліта застаецца занадта эўрапейскай, каб прыняць рэзкі паварот на ўсход — піша выданьне.

Пра Беларусь у гэтым кантэксьце ня ўзгадваюць. Кітай у мытным саюзе цікавяць энэрганосьбіты, якіх Беларусь ня можа яму прапанаваць.

Блогасфэра працягвае рагатаць над палётам Пуціна на чале стаі журавоў. Зьявіўся забаўны дэматыватар — фота з Пуціным, які плыве, і подпіс: «Пуцін вядзе корушак на нераст».

Але ў камэнтарах Пуціна ва Ўладзівастоку карэспандэнты The New York Times
убачылі злавесны сэнс. Адказваючы на пытаньне, чаму ж птушкі за ім не паляцелі, расейскі прэзыдэнт адказаў, што за ім не паляцелі толькі слабыя птушкі. «Ён відавочна ўпіваўся гэтым момантам і ператварыў гісторыю з журавамі ў прытчу, якая азначае: яго жорсткі кантроль і моцнае лідэрства ўтрымліваюць Расею ад спаўзаньня ў хаос,» — піша выданьне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG