Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2 сястры атрымалі па 2 мільёны штрафу за надпіс «Жыве Беларусь!»

абноўлена

Алену і Людмілу Паўлоўскіх прызналі вінаватымі ў непадпарадкаваньні міліцыі.

Сёстры Людміла і Алена Паўлоўскія ў Дзень гораду гулялі па сталіцы: спачатку былі каля Ратушы, потым пайшлі на вуліцу Рэвалюцыйную. Іх затрымалі ў другой палове дня 8 верасьня, калі дзяўчаты зрабілі надпіс «Жыве Беларусь» на дошцы для абвестак. Дзяўчат даставілі ў Цэнтральны РУУС, а пасьля ў Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна.

У панядзелак іх абвінавацілі ў непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі і прысудзілі да штрафаў у памеры 2 мільёны рублёў кожнай.

Людміла Паўлоўская: «Там была такая дошка, і каля яе ляжалі флямастэры. Вялікая колькасьць дзяцей і дарослых падыходзілі і пісалі проста тое, што прыходзіла ў галаву: напрыклад, „Люблю Менск“, „Люблю свой горад“ — можна сказаць, патрыятычныя лёзунгі. Нам у галаву прыйшоў лёзунг „Жыве Беларусь!“ А пасьля гэтага пачаліся „даганялкі“. За намі пагналіся мужчыны бяз формы, у звычайных гарнітурах, з рацыямі за вухам, пачалі затрымліваць. Так, мы вырываліся, мы спужаліся, пыталіся, што мы зрабілі такога?

Спачатку нас завезьлі ў Цэнтральны РУУС, ноч пратрымалі там. Нават маці нашай не сказалі, дзе мы. Яна цэлую ноч тэлефанавала на Акрэсьціна, ёй казалі, што нас там няма, казалі, што тут няма. А нам тлумачылі толькі адно: „Мы супраціўляліся пры спробе затрыманьня для ўстанаўленьня вашых асобаў“. То бок нам ужо другую падставу для затрыманьня інкрымінавалі. Пра „Жыве Беларусь!“ ужо ўсе забыліся, і нават у пратаколе пра гэта нічога не было сказана. За гэта атрымалі і я, і сястра па 20 базавых кожная».

Такім чынам, фармальна Алену і Людмілу Паўлоўскіх суд Цэнтральнага раёну сталіцы аштрафаваў на 4 мільёны (па 2 мільёны кожную) не за надпіс «Жыве Беларусь!», а за непадпарадкаваньне міліцыі. Хоць да суду абедзьве сястры правялі амаль двое сутак у Цэнтральным РУУС і Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна.

Сёстры Паўлоўскія не ўваходзяць ані ў якія грамадзка-палітычныя арганізацыі. Родам яны з Маладэчанскага раёну, жывуць і працуюць у Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG