Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадарам Беларусі ў Расеі прызначаны Ігар Петрышэнка


Ігар Петрышэнка
Ігар Петрышэнка

Аляксандар Лукашэнка прызначыў Ігара Петрышэнку Надзвычайным і Паўнамоцным амбасадарам Беларусі ў Расеі.

Пра гэта Інтэрфаксу паведамілі ў прэсавай службе Лукашэнкі.

Да прызначэньня Петрышэнка працаваў першым намесьнікам міністра замежных спраў.

Месца Петрышэнкі зойме Аляксандар Міхневіч, якога Лукашэнка сёньня вызваліў з пасады Надзвычайнага і Паўнамоцнага амбасадара Беларусі ў Злучаным Каралеўстве Вялікай Брытаніі і Паўночнай Ірляндыі.

Раней амбасадарам Беларусі ў Расеі быў Андрэй Кабякоў.

Нядаўна Кабякоў стаў кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта.

А Ўладзімер Макей, які кіраваў адміністрацыяй, ачоліў МЗС Беларусі.


Павал Быкоўскі: «Асоба Міхневіча дастаткова добра ацэньваецца заходнімі экспэртамі»

«Што тычыцца прызначэньня новага расейскага амбасадара, то Аляксандар Лукашэнка ўжо агучваў, што такое рашэньне будзе прынятае. Толькі невядома, чаму гэта рашэньне было адкладзена ў часе.

Што тычыцца вяртаньня ў Міністэрства замежных спраў Аляксандра Міхневіча, то гэта вядомы спэцыяліст, які адказваў у замежнапалітычным ведамстве за зьнешнеэканамічныя сувязі. Ён дастаткова добра ацэньваецца замежнымі экспэртамі. Заходнія бізнэсоўцы і інвэстары дастаткова добра пра яго выказваюцца. Таму мне падаецца, што гэтае рашэньне станоўчае».


«Лукашэнку патрэбныя людзі, якія могуць размаўляць з Захадам на зразумелай Захаду мове»

Палітоляг Алесь Лагвінец кажа, што ў Аляксандра Лукашэнкі ёсьць, так бы мовіць, пэўная калода карт, пэўны набор людзей, якім ён можа давяраць. І ён спрабуе, зыходзячы з сваіх уласных меркаваньняў эфэктыўнасьці і патрэбы, прызначаць на ключавыя пасады тых людзей, якія будуць безумоўна выконваць ягоныя загады і заданьні:

«Так ці інакш, Міністэрства замежных спраў Беларусі — гэта адна з самых лібэральных інстытуцыяў у такім савецкім разуменьні гэтага. І, так ці інакш, часам МЗС можа адстойваць беларускія нацыянальныя інтарэсы. Лукашэнку патрэбны таксама тыя людзі, якія могуць размаўляць з Захадам на зразумелай Захаду мове. Таму ён прызначае на пасаду намесьнікаў міністра тых людзей, якія больш-менш пацерліся на Захадзе і могуць выкарыстоўваць зразумелую на Захадзе рыторыку.

Калі казаць пра пасаду амбасадара ў Маскве, то яна вельмі важная для Лукашэнкі. Ён мусіць там мець чалавека, якому цалкам давярае, і ў той жа час чалавека, які прасоўвае ягоныя інтарэсы ў Маскве, які камунікуе з тымі, хто, можа, нават больш ляяльны да Лукашэнкі, чым да сёньняшніх расейскіх кіраўнікоў. І таму прызначэньне Ігара Петрышэнкі з пасады першага намесьніка міністра расейскім амбасадарам вельмі красамоўнае. Я б не сказаў, што гэта вялікае паніжэньне на пасадзе».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG