Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маратон салідарнасьці» зь беларускімі палітвязьнямі


Каардынацыйная група «За Волю» супольна з дэмакратычнымі актывістамі і музыкамі распачынае з панядзелка «Маратон салідарнасьці» ў падтрымку беларускіх палітвязьняў.

Такое рашэньне было прынятае 9 верасьня на круглым стале, які праходзіў пад назвай «Свабоду Дашкевічу! Свабоду Беларусі! Стоп 411!» (маецца на ўвазе артыкул 411 Крымінальнага кодэксу — «Злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі папраўчай установы»).

Намесьнік старшыні руху «Разам» Аляксандар Макаеў: «Маратон салідарнасьці» — сэрыя творчых імпрэзаў, якая мае на мэце ўзьняць хвалю салідарнасьці з палітзьняволенымі ў Беларусі.

Каардынатар ініцыятывы «За Волю!» Ганна Шапуцька: «Мы доўга думалі, якім чынам узмацніць салідарнасьць нашага грамадзтва, каб як мага больш людзей ведала пра палітзьняволеных, памятала пра палітвязьняў і рабіла ўсё дзеля іх вызваленьня. І вось калі Зьмітра Дашкевіча асудзілі другі раз яшчэ на год зьняволеньня, у нас зноў паўстала такое пытаньне: што можна зрабіць дзеля ўзмацненьня гэтай хвалі салідарнасьці? І мы вырашылі паспрабаваць далучыць музыкаў, паэтаў, пісьменьнікаў, мастакоў і зрабіць такі Маратон беларускай салідарнасьці. І мы спадзяемся, што знакавыя асобы, людзі, якія сваімі вершамі, песьнямі, сваёй творчасьцю ўплываюць на наша грамадзтва, дапамогуць нам быць больш салідарнымі, паспрыяюць у справе дапамогі палітзьняволеным».

У панядзелак сэрыю дабрачынных творчых імпрэзаў адкрые літаратурна-музычная вечарына з удзелам барда Зьмітра Бартосіка і паэта Славаміра Адамовіча.

У аўторак акцыю салідарнасьці працягнуць Зьміцер Вайцюшкевіч і Алесь Пушкін.

Таксама далі згоду ўзяць удзел у творчых акцыях Лявон Вольскі, Алесь Мельнікаў, Алесь Галіч, Віктар Шалкевіч і іншыя музыкі, паэты і гісторыкі.

Зьміцер Бартосік

Зьміцер Бартосік

Бард Зьміцер Бартосік: «Трэба нешта рабіць у гэтай сытуацыі. І калі некаму хапае мужнасьці выйсьці на плошчу, гэта вельмі добра. Каму хапае мужнасьці напісаць камэнтар на нейкім апазыцыйным сайце — гэта таксама справа. Калі паступіла такая прапанова — пасьпяваць, каб людзі сабраліся, сабралі нейкія грошы (няхай нават гэта будуць невялікія грошы), — я адразу адгукнуўся. Таму што трэба нешта рабіць, нават не спадзеючыся на нейкі станоўчы вынік. Усё адно трэба кожнаму варушыцца і дзейнічаць, нешта рабіць, каб ня брыдка было глядзецца ў люстэрка».

На сустрэчах арганізатары будуць зьбіраць ахвяраваньні для палітзьняволеных і іх сем’яў. Арганізатары «Маратону салідарнасьці» спадзяюцца, што сэрыя літаратурных, музычных і гістарычных імпрэзаў заахвоціць да салідарнасьці зь беларускімі палітзьняволенымі дэмакратычную грамадзкасьць у Беларусі і за межамі краіны.

«Маратон салідарнасьці» распачынаецца а 18.00 у сядзібе партыі БНФ.

Рэпартаж з імпрэзы глядзіце на сайце «Свабоды»
XS
SM
MD
LG