Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі амбасадар: Калі дакажуць віну, можна экстрадаваць


10 верасьня кіргізскія грамадзкія аб’яднаньні «Мекен шейттэры», «Айкол Ала-Тоо» і «Апрель байрагы» зладзілі мітынг каля будынка амбасады Беларусі ў Бішкеку.


А 10-й раніцы паводле менскага часу прадстаўнікі мітынгоўцаў выйшлі з будынка амбасады Беларусі ў Кіргізстане.

Яны распавялі ўдзельнікам акцыі пра вынікі перамоваў з паслом Беларусі Віктарам Дзенісенкам.

Кіраўнік «Апрель байрагы» Алгы Кылычеў заявіў, што амбасадар Беларусі выказаў сваё меркаваньне па пытаньнях экстрадыцыі Бакіевых.

«Ён сказаў, што "ён просты салдат, за ім стаяць генэралы. Што скажуць яны, то і будзе. Але калі на судзе па справе Садыркулава будзе даказаная віна Жаныша Бакіева, то яго можна экстрадаваць», — сказаў Алга Кылычаў.

Сустаршыня «Мекен шейітэрі» Арстанбек Сагындыкаў дадаў, што ён перадаў пісьмовы зварот мітынгоўцаў амбасадару. «Ён у сваю чаргу абяцаў перадаць сваім нашы патрабаваньні», — адзначыў ён.

Пра мітынг паведамляе кіргізскае агенцтва 24.kg

Напярэдадні гэтыя арганізацыі накіравалі прэзыдэнту, прэм’ер-міністру і сьпікеру парлямэнту Кіргізстану зварот, у якім патрабуюць эвакуяваць зь Бішкеку амбасаду Беларусі.

«На апошняй сустрэчы прадстаўнікі амбасады абяцалі нам, што кожныя тры дні будуць распавядаць пра ход справы экстрадыцыі Бакіева і яго набліжаных», — адзначыў старшыня аб’яднаньня «Мекен шейттэры» Арстанбек Сагындыкаў.

«Паводле апошніх дадзеных, Беларусь канчаткова адмовіла Кіргізстану ў гэтым пытаньні. Таму мы вырашылі афіцыйна зьвярнуцца да ўладаў», — сказаў ён.




17 жніўня ў цэнтры Менску ў кавярні «Грунвальд» актывіст беларускага апазыцыйнага руху «Гавары праўду» Міхась Пашкевіч сфатаграфаваў малодшага брата экс-прэзыдэнта Кіргізстану Джаныша Бакіева, які выходзіў з кавярні ў суправаджэньні двух чалавек.

Паводле МУС Кіргізстану, на менскіх здымках былі зафіксаваныя: Джаныш Бакіеў; Тахір Рысаліеў — былы намесьнік Службы дзяржаўнай аховы; Рустам Сайдуеў — блізкі сябар Максіма Бакіева, брата Курманбека Бакіева.

Кіргіскія ўлады сьцьвярджаюць, што гэтыя тры асобы праходзяць як падазраваныя ў справе аб патройным забойстве, якое было ўчынена ў Кіргізстане ў 2009 годзе. Яго ахвярамі сталі былы кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Кіргізстану Мэдэт Садыркулаў, кіроўца Кубат Сулайманаў і дырэктар Міжнароднага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Сяргей Сьлепчанка.

7 красавіка 2010 году быў скінуты рэжым другога прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева, які, у сваю чаргу, прыйшоў да ўлады пасьля выгнаньня 24 сакавіка 2005 году свайго папярэдніка Аскара Акаева.

Палітычны прытулак у Беларусі сям’я Курманбека Бакіева атрымала дзякуючы асабістаму распараджэньню Аляксандра Лукашэнкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG