Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Тэлевізійны праект Аляксандра Лашака «Расея. Поўнае зацьменьне», абрынуты на непадрыхтаваныя мазгі тэлегледачоў (у тым ліку – беларускіх!) тыдзень таму – зараз тэма, якую найбольш абмяркоўваюць у асяродку прафэсійных мэдыя- ды тэлекрытыкаў.

Адны ўжо назвалі фільм «пост-тэлебачаньнем».

Другія дадалі, што «Зацьменьне» – найлепшая экранізацыя «Пакаленьня П» Віктара Пялевіна, – кніжкі, якая сьцьвярджае, што ўся палітычная рэальнасьць Расеі зьяўляецца фантазмам, сканструяваным групкай крамлёўскіх крыэйтэраў на амэрыканскіх кампутарах.

Лашак паспрабаваў сябе ва ўжо добра распрацаваным у сусьветнай кінаіндустрыі жанры mocumentary – псэўдадакумэнтальнага кіно. Пяцісэрыйны фільм апавядае пра звышсакрэтны «плян Далеса», які распрацаваны Злучанымі Штатамі «для зьнішчэньня Расеі». «Плян» перадаў журналісту нібыта «сакрэтны агент N13», адзіны ня злоўлены ў ЗША расейскі шпіён. Далей Лашак паведамляе пра «складнікі» гэтага пляну – адзін дурнейшы за другі. Пра «хатнія дываны», ва ўзорах якіх зашыфраваная формула, якая прыводзіць грамадзян былога СССР да галечы і дэградацыі. Пра «ствалавыя клеткі-забойцы», з-за якіх ва ўсіх маскоўскіх зорак «сьвецяцца ў цьме вочы», нібыта ў ваўкалакаў. Пра «валасатыя вушы» артыста Баскава. Пра «духоўны сыфіліс». Пра тое, што знакаміты навукоўца Анатоль Васэрман зьяўляецца «агентам мёртвых» і з-за гэтага не адбіваецца ў люстэрках.

Ужо на першых сэкундах фільма чалавеку з галавой робіцца абсалютна зразумела, што перад ім – фэйк, жарт, кшталту вядомай гісторыі пра тое, што Ленін быў не чалавекам, а грыбам (байка была расказаная вядомым музыкантам Сяргеем Курохіным у праграме «Пятае кола» ў 1991-м годзе). Аднак чамусьці ўсьмешкі гэта ўсё не выклікае. Болей за тое, дзесьці на трэцяй сэрыі ў лютае трызьненьне пачынаеш – ня тое што верыць, аднак – прымаць яго.

Чаму ня сьмешна?

Што адбываецца са сьвядомасьцю?

Знакамітая тэлевізійная дасьледчыца Слава Тарошчына думае, што жарты Лашака ня выклікалі ўсьмешку таму, што былі паказаныя па НТВ. А гэты канал ня так даўно праславіўся іншым фільмам у жанры «мокьюмэнтары», «Анатомія пратэсту», – пра «тайныя спружыны» мітынгаў, што пракаціліся па Маскве. Маўляў, аднойчы сапсаваўшы сабе рэпутацыю, гэты тэлеканал болей ня вымусіць расейцаў шчыра пасьміхацца – нават, калі там пачнуць акуратна жартаваць з Пуціна.

Мне ж здаецца, што тут мы маем справу са зьявай, якая значна большая за НТВ зь яго рэпутацыяй. Зьявай, якую можна лёгка экстрапаляваць на Беларусь і нават карысна ўжыць зараз, падчас агітацыйнай кампаніі ў палату прадстаўнікоў.

Прычына, зь якой зь фільма Лашака не сьмяяліся – роўна тая ж, з-за якой пасьля гэтага фільма прайшла хваля выкіданьня дываноў з хат. Нягледзячы на відавочную бязглуздасьць усіх сьцьвярджэньняў фільма, яму проста і тупа паверылі. Таму, што абвяржэньні маніпулятыўнай сутнасьці тэлебачаньня (там ёсьць момант, дзе гледачам рэкамэндуецца глядзець ТБ выключна ў шапачках з фольгі) прагучалі па тэлебачаньню ж.

Калі б фільм быў выкладзены ў Інтэрнэт, зь яго б рагаталі, яго б адразу ўспрымалі як жарт. Але ён быў паказаны ў плыні іншых падобных фільмаў НТВ.

Народ прызвычаіўся верыць тэлебачаньню. І няма тае сілы, якая б вымусіла яго сумнявацца ў тым, што дэманструюць з экранаў. Нават калі там, на экранах, кажуць, што ТБ робіць людзей зомбі – яны вераць і працягваюць глядзець.

Цяпер вернемся ў Беларусь. У якой зараз адбываецца самая актыўная фаза прарыву адной, дэмакратычнай, рэальнасьці у другую – тэлевізійна-аўтарытарную. Было ўжо некалі ўдалых бэнэфісаў, у прыватнасьці той, дзе дзейнай дэпутатцы прапанавалі сканцэнтравацца на варэньні баршчоў і не ісьці ў палату. Аднак – чаму беларусы ня вераць дэмкандыдатам так, як паверылі Лашаку зь ягоным «Зацьменьнем»? Здаецца, прычынаў некалькі.

1. Палітыкі выглядаюць у тэлевізійнай плыні як зьявы відавочна чужародныя. Бачна, што ім брыдка быць на «рэжымным аб'екце», як назваў ТБ адзін з кандыдатаў у дэпутаты. Выступоўцы робяць усё, каб прадэманстраваць, што яны – ня з гэтай «кандовай кампаніі», яны – дэмакраты, прыйшлі скарыстацца магчымасьцю сказаць людзям «праўду». А людзі прызвычаіліся да таго, што «праўда» – гэта тое, што кажуць па ТБ упэўненай інтанацыяй. Што робіць Лашак? Ён мімікрыруе! Ён нясе сваё трызьненьне тымі ж інтанацыямі, якімі іншыя вядучыя НТВ лепяць пра «кампрамэтуючыя сувязі Каспарава» і г. д. Каб перамагчы ў эфіры, трэба «стаць эфірам», не канфліктаваць з асяродкам.

2. Параўнайце паводзіны Лашака і паводзіны аднаго з самых харызматычных выступоўцаў мінулага тыдня, Анатоля Лябедзькі. Бачна, што Лябедзька – госьць у студыі. Ён паводзіць сабе годна, але вось-вось скончыцца час і ён саступіць крэсла іншаму. Лашак – уладар эфіру. Ён размаўляе з гледачом так, як быццам бы гэта ягоны тэлеканал. Хаця гэта ня толькі не ягоны тэлеканал, але нават і фільм НТВ лёгка магло не набыць (сам факт дэманстрацыі гэтага па НТВ я лічу цудам). Калі б я быў кандыдатам, я б паспрабаваў казаць тое, што кажуць дэмакратычныя кандыдаты, – інтанацыямі вядучых БТ. Вось гэта было б зьмяненьнем калектыўнай сьвядомасьці.

3. Некалі ЦВК забараніў дэманстраваць у эфіры загадзя падрыхтаваныя ролікі. Зараз, з улікам посьпеху «Зацьменьня», робіцца зразумелым, што яны мелі рацыю, бо чалавек, які можа спыніць уласны маналёг ды сказаць, а вось я вам зараз што пакажу – робіцца ня госьцем, а «вядучым», а «вядучым» – вераць. Прынамсі, вераць тыя, хто глядзіць тэлевізар. Таму трэба рабіць усё, каб выглядаць вядучым. Ня толькі казаць, але і паказваць. Добрай, дарэчы, знаходкай былі «падгузьнікі», якія Лябедзька паказаў на камэру.

4. Галоўная ж выснова «Зацьменьня» – тэлебачаньне немагчыма абвергнуць. Пасьля таго, як кандыдат выступіць, будзе інфармацыйная праграма, будзе чарговы выпуск навін, і калі выгляд кандыдата, ягоная манера гаварыць, нават ягоная інфармацыя, будуць катэгарычна не супадаць з астатняй плыньню – не павераць менавіта яму. «Абудзіць» людзей немагчыма. Паверце, калі б Лашак даводзіў, што не ЗША распрацавала плян па зьнішчэньню Расеі, а Расея распрацавала плян па зьнішчэньню ЗША, яму б не паверылі. А вось вэрсія аб тым, што «Штаты» плятуць інтрыгі супраць Расеі – цалкам адпавядае інфармацыйнаму фону ня толькі НТВ, але і астатніх расейскіх каналаў. Нешта падобнае павінна быць і ў выступах: імправізацыя на тэму «квітненьня», якое лепей за ўсё дасягаецца менавіта празрыстымі выбарамі (ці байкотам).

Паўтаруся: абудзіць людзей немагчыма. Магчыма толькі прасьпяваць над калыскай так, каб яны спалі і сьніліся ім вы, а ня ўлада.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG