Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакратычны кандыдат агітуе ў Гомелі на сьвяце гораду


Ігар Случак

Ігар Случак

8 верасьня Гомель сьвяткаваў свае 870-я ўгодкі з моманту летапіснай згадкі. Багатыя забаўляльная праграмы ва ўсіх чатырох раёнах гораду не перашкодзілі, аднак, некаторым кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў арганізаваць у гэты дзень сваю агітацыйную кампанію.

Прынамсі, кандыдат ў дэпутаты у Гомельскай-Савецкай выбарчай акрузе № 34 Ігар Случак скарыстаў Дзень гораду дзеля раздачы агітацыйных улётак на Рэчыцкай шашы, дзе знаходзіцца ягоная выбарчая акруга (здымкі 1,2,3).

Ігар — студэнт юрыдычнага факультэту Тартускага ўнівэрсытэту, вылучыўся кандыдатам у дэпутаты шляхам збору подпісаў. У Гомелі ён вядомы як ініцыятар кампаніі «Справаводзтва па-беларуску», мэта якой перавесьці справаводзтва ў дзяржаўных ды іншых установах і арганізацыях на беларускую мову, зьмяніць заканадаўства аб мовах, каб павысіць статус беларускай мовы ў Беларусі.

Убачыўшы ўжывую маладога кандыдата, адна з выбаршчыц заявіла: «Я заўсёды на выбарах галасую за моладзь. Але чаму яна нікуды не праходзіць — вось дзе пытаньне. Хто перашкаджае ім абірацца ў прадстаўнічыя органы ўлады? Моладзь, напэўна, неяк перамяніла б, упрыгожыла б нашае жыцьцё, зрабіла б яго лепшым. Ужо надакучыла жыць па-старому».

Случак на гэта адказвае: «Дык я й іду ў парлямэт, каб ставіць і прымаць законы, якія спрыяюць вырашэньню надзённых пытаньняў выбарцаў».

Некаторыя гараджане бяруць друкаваныя матэрыялы як нейкую рэкляму. А той, хто прабягае вачыма па зьместу ўлётак, гляне на здымак, шчыра зьдзіўляецца: «Нарэшце, жывога кандыдата бачу! А то галасуем, галасуем, а хто яны, дэпутаты, невядома».



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG