Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёўскіх уніятаў парафіяльнае сьвята


Абраз Маці Божай Бялыніцкай

Абраз Маці Божай Бялыніцкай

8 верасьня магілёўскія грэка-каталікі адзначылі парафіяльнае сьвята — Маці Божай Бялыніцкай.

Сёньня ў капліцу, што на гарадзкіх каталіцкіх могілках, на сьвяточнае набажэнства прыйшлі каля трох дзясяткаў мясцовых уніятаў, а таксама гасьцей зь Менску, Гомеля, Віцебску ды Воршы. Шмат хто прыйшоў на службу зь дзецьмі. Напрыканцы службы традыцыйна прагуў гімн Натальлі Арсеньневай «Малітва», больш вядомы як «Магутны божа».

«Гэты дзень для нашых вернікаў перадусім дзень атаясамленьня з гістарычным мінулым нашай краіны. Цяпер нас ня шмат. Унію зруйнавалі. Але ж былі часы, калі наша рэлігія была народнай, дамінуючай канфэсіяй. І абраз Маці Божай Бялыніцкай, копія якой знаходзіцца ў капліцы, якраз і ёсьць лучнасьцю з тым гістарычным мінулым, якое існуе ня толькі для таго, каб мы згадалі, што калісьці было добра, што калісьці былі храмы, а і дзеля таго, каб мы асэнсавалі неабходнасьць рухацца наперад. Туды, куды кліча Бог», — зазначыў парах парафіі Іконы Маці Божай Бялыніцкай айцец Васіль Ягораў.

Падчас набажэнства айцец Васіль Ягораў

Падчас набажэнства айцец Васіль Ягораў



Грэка-каталіцкую капліцу ў Магілёве асьвяцілі ў 1996 годзе. Яна застаецца пакуль адзіным асяродкам уніяцтва на Магілёўшчыне. Адзін з заснавальнікаў магілёўскай парафіі каталікоў усходняга абраду Ігар Шары кажа:

«У тыя часы было невялікае кола маладых людзей, якія наважыліся адрадзіць Царкву, стварыць сваю парафію. Вось сюды мы завіталі на могілкі й пастанавілі для сябе, што можам прэтэндаваць на адну з двух занядбаных капліцаў, каб у ёй была царква, дзе маліліся б грэка-каталікі. Капліцу талакой адрамантавалі. Цяпер у ёй сапраўдная царква з іканастасам, асьвечаная кардыналам Сельвістрыні з Ватыкану. Адметна, што ў дакумэнтах аб перадачы нам капліцы гарадзкімі ўладамі пазначана, што „не перадаць“, а „вярнуць ва ўласнасьць“. Мы шчасьлівыя, што ў нас ёсьць такі ўтульны хатні храм».

Царква магілёўскіх грэка-каталікоў

Царква магілёўскіх грэка-каталікоў

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG