Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усяго 10 дзён застаецца да пачатку датэрміновага галасаваньня ў выбарчай кампаніі па абраньню дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пятага скліканьня.

Паводле зьвестак Цэнтральнай выбарчай камісіі, на 110 мандатаў засталося 365 прэтэндэнтаў. Праз тыдзень іх будзе яшчэ меней — Аб’яднаная грамадзянская партыі і партыя БНФ на партыйных зьездах зьбіраюцца зьняць сваіх кандыдатаў з выбарчай гонкі.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька сёньня ў размове са «Свабодай» заявіў: 15 верасьня партыя афіцыйна заявіць пра зьняцьце сваіх кандыдатаў:

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

«Для нашай партыі гэта, відаць, самая вялікая адметнасьць выбарчай кампаніі. Мы не прынялі правілы і сцэнар улады, а працуем у рамках сваёй кампаніі «За сумленныя выбары „без Лукашэнкі“. Яшчэ ў сакавіку бягучага году мы зрабілі палітычную заяву. Патлумачылі мэты і задачы гэтай кампаніі. Усяго гэтага мы і трымаемся. Таму другая сэсія нашага партыйнага зьезду пройдзе. Усе нашы „сьпікеры“, будуць зьнятыя. І далей мы будзем працаваць ужо толькі ў фармаце актыўнага назіраньня за выбарамі, найперш яўкай выбарцаў».

Лідэр «Маладой Беларусі» Артур Фінькевіч спрабаваў балятавацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у мікрараёне Серабранка ў Менску. Аднак акруговая выбарчая камісія забракавала частку яго подпісаў і адмовіла яму ў рэгістрацыі. Не адмянілі гэта рашэньне ні Цэнтральная выбарчая камісія, ні Вярхоўны суд. Артур Фінькевіч таксама лічыць, што цяпер усе намаганьні трэба аддаць назіраньню за выбарамі:

Артур Фінькевіч

Артур Фінькевіч

«Зараз варта ня толькі актывістам „Маладой Беларусі“, але і прадстаўнікам іншых дэмакратычных аб’яднаньняў і партыяў засяродзіцца на назіраньні. Трэба пакрыць як мага болей выбарчых участкаў, каб зафіксаваць рэальную яўку ў дзень выбараў. І зафіксаваць усе парушэньні, якія, я ўпэўнены, будуць.
Я не сумняваюся, што дзесьці ня будзе патрэбнай яўкі, дзесьці выбары не адбудуцца. І гэта ўсё адназначна патрэбна зафіксаваць, каб чарговым разам пацьвердзіць і беларускай грамадзкасьці, і ўсясьветнай супольнасьці тое, што ў Беларусі ня толькі няма празрыстых выбараў, ня толькі не дапускаюцца дэмакратычныя кандыдаты да выбарчай кампаніі, але і фальсіфікуюцца вынікі непасрэдна на выбарчых участках».

У аналягічнай сытуацыі апынуўся і актывіст грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Міхась Пашкевіч, які таксама ня быў зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты. Далейшыя пляны ў Міхася наступныя:

Міхась Пашкевіч

Міхась Пашкевіч

«Ніхто не замінае мне быць даверанай асобай. Я ўжо стаў даверанай асобай маёй калегі па кампаніі „Гавары праўду“ Тацьцяны Караткевіч. І я буду працаваць у яе Кальварыйскай акрузе. Ёсьць шэраг плянаў, якія мы хочам рэалізаваць».
XS
SM
MD
LG