Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Бокі — бабруйскі Фэлпс


Ігар Бокі
Ігар Бокі

Адным з трыюмфатараў Паралімпійскіх гульняў у Лёндане стаў 18-гадовы беларус, выхаванец бабруйскай школы плаваньня Ігар Бокі. На ягоным рахунку — пяць залатых і адзін срэбны мэдаль.

Большага посьпеху ў гісторыі ўсяго беларускага спорту дасягнуў толькі гімнаст Віталь Шчэрба, які 20 гадоў таму ў Барсэлёне здабыў шэсьць залатых узнагародаў. Ці здолеюць маладога чэмпіёна годна ацаніць у Беларусі, дзе перамогі паралімпійцаў па-ранейшаму ўспрымаюцца як другасныя?

Крыху больш за тыдзень таму Ігар Бокі ад’яжджаў у Лёндан зусім невядомым спартоўцам, а вяртаецца дадому практычна легендарнай асобай, усталяваўшы на сваіх дыстанцыях некалькі ўсясьветных рэкордаў. І, што зусім ня лішне для студэнта — а сёлета Ігар паступіў у БДУ і будзе вывучаць лягістыку — вяртаецца не з пустымі кішэнямі: за пяць першых і адно другое месцы дзяржава мусіць заплаціць абяцаныя 280 тысяч даляраў прэміяльных. І хоць гэта ўтрая меней, чым здаровым атлетам, дэбют перавысіў усе чаканьні.

У паралімпійскі спорт Ігара Бокага прывяла дзіцячы трэнэр Натальля Пазьнякова. Дагэтуль ён плаваў з усімі нароўні, а калі ў 15 гадоў выканаў нормы майстра спорту, паклікалі ў Рэспубліканскую вучэльню алімпійскага рэзэрву. Але прайсьці дыспансэрнае абсьледаваньне не ўдалося — ніхто ня мог прадбачыць, якія наступствы для без таго дрэннага зроку выкліча павелічэньне нагрузак ў прафэсійным спорце. Тады Натальля Юр’еўна пераканала бацькоў зьвярнуцца да лекара, зьвязанага са спортам для інвалідаў. Так плывец трапіў у асноўную паралімпійскую каманду. Далейшую падрыхтоўку Ігара ў Менску ажыцьцяўляў трэнэр Генадзь Вішнякоў, які дагэтуль працаваў зь іншым паралімпійцам Раманам Макаравым. Між тым, як кажа Натальля Пазьнякова, яна ўсё ж спадзяецца ўбачыць свайго выхаванца на дарожцы побач са здаровымі спартоўцамі. І хоча верыць, што Бабруйск дасьць сьвету свайго Майкла Фэлпса:

— Так, мы ўсе гэтага хочам, бо ў нас таксама славалюбства грае. І ён хоча, і Генадзь Аляксеевіч хоча, мы сапраўды хацелі б пазмагацца ў здаровым спорце. Калі атрымаецца, калі здароўе дазволіць, калі ўсё складзецца — а вы ж разумееце, што ў нашай краіне плаваньне ня вельмі добра фінансуецца — то будзем намагацца прабіцца. У прынцыпе, Ігар зараз заробіць, можа сабе тое-сёе ў трэніровачны працэс укласьці. Мы ўсе сапраўды жадаем дасягнуць агульнай мэты. У любым выпадку і бацькі настройваюць Ігара, і Генадзь Аляксеевіч настройвае, і я ў тым ліку — а так склалася, што мы адной камандай працуем у адным кірунку і ўсе адзін аднаго падтрымліваем — каб самарэалізавацца і паспрабаваць сябе ў здаровым спорце. Па-сутнасьці, апроч зроку, рукі-ногі ў Ігара нармальныя, сэрца нармальнае, усё нармальнае. Так, не так добра арыентуецца, іншы вугал зроку вастрыні, дрэнна сьцяжкі ўспрымае, крышку праблемна з паваротамі, але ўсё роўна гэта можна падлічыць, пралічыць колькасьць рухаў у прынцыпе — гэта ўсё вырашальна. І рэальна. Між іншым, ён чэмпіён Беларусі на 200 мэтраў кролем сярод здаровых. Ніхто чамусьці не згадвае, але чатыры юнакі ў гэтым годзе выканалі адборачны нарматыў на Эўропу па юнаках, у тым ліку і Ігар. Я не бяру, канечне, Алімпіяду па здаровых, але па сваім узросьце на ўзроўні Беларусі ён дастаткова пасьпяхова канкурыруе са сваімі аднагодкамі. Гэта цешыць, але мы хочам рухацца далей.

— Сам Ігар у сваіх інтэрвію наракаў, што ўмовы падрыхтоўкі ў Бабруйску пакідаюць жадаць лепшага...

— Больш скажу — умоваў ніякіх. У прынцыпе я стараюся не сустракацца з карэспандэнтамі, але на просьбу бацькоў Ігара пагадзілася на інтэрвію з тэлевізыйшчыкамі. Прыедзе, я так зразумела, БТ і мы з Сашам Бокіем, татам Ігара, вырашылі паказаць так званы басэйн, у якім у нас праходзіць навучаньне — я маю на ўвазе для дзяцей. Я не бяру трэніровачны палціньнік, які знаходзіцца за горадам, але ў нас у горадзе няма дзіцячага басэйну. У справаздачнасьці чыноўнікі пішуць, што ён ёсьць, але яго насамрэч няма. І я хачу паказаць тое, што не на паперы, а ў рэальнасьці. Яны паабяцалі, што гэтую праблему ўскрыюць, пакажуць і раскажуць. Паглядзім — падмануць, не падмануць, але я дамовілася ціхенька, сказала дырэктару басэйна, што будуць здымаць перадачу пра дзяцінства Ігара і трэба паказаць, што ён там плаваў (а ён сапраўды там нейкі час плаваў). Гэта трэба абавязкова паказаць, бо вы сабе нічога падобнага проста не ўяўляеце, гэта не басэйн — гэта нешта. Прынамсі гэтую праблему будзем старацца неяк узьняць. Для пачатковага навучаньня, для пачатковай трэніроўкі, для адбору ў нас увогуле няма ўмоваў у Бабруйску.

— Але ж да Паралімпійскіх гульняў Ігар рыхтаваўся ў Менску?

— Ня ведаю, можа гэта і ня варта было б расказваць, але калі ўжо гаварыць па шчырасьці, то калі яны рыхтаваліся гэтым летам да Лёндану, атрымалася ўвогуле нейкая дзікасьць. Тыдзень ці колькі яны плавалі ў водна-спартыўным комплексе ў Менску... у скачковай яме, дзе скакуны ў ваду трэніруюцца. Вялікая ванна ў той момант была зачыненая, бо яны там ці ваду мянялі, ці яшчэ нешта рабілі, але больш за тыдзень яна не функцыянавала. Ну, добра, трэба і рамантаваць, але няўжо нідзе ў Беларусі на гэты тыдзень нельга было знайсьці нармальны басэйн, куды можна было б прыехаць і падрыхтавацца? Тыя ж Салігорск, Пінск, Берасьце — ёсьць месцы, пры жаданьні можна было б усё правільна арганізаваць. На жаль, сытуацыя была менавіта такая, і калі мне Ігар пра гэта расказаў — што яны трэніруюцца ў скачковай яме — я, канечне, была ў шоку. З такім жа посьпехам можна пайсьці ў басэйн пры любой лазьні...

— Можна прагназаваць, што неўзабаве яго пачнуць пераманьваць у іншыя зборныя. Прыклад плыўцоў Пунько і Макарава, якія ў Пэкіне прынесьлі беларусам 7 узнагародаў на дваіх, а цяпер узбагачаюць скарбонкі расейскай паралімпійскай каманды, сьведчыць, што адмовіць будзе складана...

— Натуральна. Вы ж паглядзіце, колькі ў той жа Расеі даюць за залаты мэдаль, і колькі ў Беларусі. Гэта і не сакрэт. Можна прыкінуць, колькі б на сёньняшні дзень Ігар зарабіў у Расеі, і колькі ён заробіць у Беларусі. Гэта на парадак ніжэй, атрымліваецца меней у некалькі разоў. Калі ўсё ў выніку будзе добра, то ў нас ён прэміяльнымі заробіць 250 тысяч даляраў за пяць залатых мэдалёў. А ў Расеі атрымаў бы за тыя ж ўзнагароды 500 тысяч эўра! Ёсьць розьніца? Я спадзяюся, што чыноўнікі ўсё разумеюць, усё гэта таксама бачаць. Ня ведаю, можа хоць прапануюць нешта, нейкі заробак. Хай зацікавяць, калі ня хочуць страціць. І самае галоўнае, на маю думку, каб стварылі Ігару ўмовы для трэніровак, для рэалізацыі нашых мэтаў, нашай мары — каб мы нармальна падрыхтаваліся і канкуравалі са здаровымі спартоўцамі. Ня толькі наша славалюбства хоча дасягнуць узроўню са здаровымі, але і Ігара ў тым ліку. А для гэтага неабходныя нармальныя ўмовы падрыхтоўкі.

— То бок, усё будзе залежаць ад таго, ці ацэняць годна Ігара менавіта на радзіме?

— Абсалютна дакладна, бо вельмі важна, якія будуць тут створаныя умовы. Таму што калі будуць аднекуль прапаноўваць пераезд, вы ж разумееце, што там прапануюць усё і ўся. Гэта тычыцца ў першую чаргу Расеі, але ня толькі Расеі. Сытуацыя даволі неакрэсьленая. Але на сёньняшні дзень, ведаючы пазыцыю бацькоў — мы шчыльна кантактуем штодня — не разглядаецца ніякіх запрашэньняў, не плянуецца ніякіх ад’ездаў. Пра гэта гаворкі пакуль няма. Бацькі, наадварот, думаюць шукаць, купляць кватэру ў Менску. Магчыма, за асаблівыя заслугі яму падораць кватэру, ня ведаю. Але яны плянуюць пераяжджаць у Менск. Ігар паступіў у гэтым годзе ў БДУ і яны, натуральна, у сувязі з апошнімі яго посьпехамі баяцца хлопца аднаго пакідаць. Бо ў 18 гадоў, самі разумееце, можа закруціцца галава — дзяўчаты, грошы — таму, канечне, бацькі хочуць яго кантраляваць. І, напэўна, будуць пераяжджаць разам зь ім. Мне, зразумела, ня вельмі будзе радасна, таму што ў іх яшчэ ёсьць малодшы сын. Неўзабаве яму будзе дзевяць гадоў і той хлопчык ня меншых здольнасьцяў. Ён у мяне цяпер плавае і, само сабой, мне будзе шкада яго губляць. Але, зноў жа, аддам Вішнякову. Бо, як я ведаю, яны ўсё ж плянуюць купляць кватэру ў Менску і пераяжджаць туды.

Як і асноўная алімпійская зборная Беларусі, беларускія паралімпійцы за два дні да заканчэньня спаборніцтваў гэтаксама далёкія ад сваіх лепшых дасягненняў. З агульным багажом у 9 мэдалёў, зь якіх 6 на рахунку плыўца Ігара Бокія, яны не дацягваюць нават да горшага выніку, паказанага чатыры гады таму ў Пэкіне — тады было здабыта 13 ўзнагародаў. Лепшы паказьнік — 28 узнагародаў рознай вартасьці — быў прадэманстраваны ў 2004 годзе ў Афінах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG