Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першыя і апошнія тэледэбаты ў Гомелі


У студыі мясцовай тэлерадыёкампаніі 7 верасьня запісалі тэледэбаты кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

У іх пажадалі ўдзельнічаць трое зь пяці прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат Гомельскай-Савецкай выбарчай акругі № 34: кандыдат ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў, студэнт Ігар Случак і беспартыйны вылучэнец, кладаўшчык Гомельскага мясакамбінату Яраслаў Гараненкаў.

Іншыя два кандыдаты: дырэктар цеплавы сетак Міхаіл Пачынок і прадстаўнік Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Круглоў — ад дэбатаў адмовіліся.

Васіль Палякоў

Васіль Палякоў

Палякоў: «Кожнаму з нас было адпушчана 5 хвілінаў тэлевізійнага часу. Калі ў мяне запыталіся, чаму не было майго тэлевыступу ў эфіры, я патлумачыў: таму што ў нас няма выбараў. Я сказаў пра гэта падчас тэлевыступу, і мяне не пусьцілі ў эфір. Выбары — у Амэрыцы, а ў Беларусі ёсьць сьвята для народу».

Яраслаў Гараненкаў як рабочы чалавек заявіў, што бярэ ўдзел у выбарах з простай прычыны: у Беларусі патрэбныя перамены, і ў палітыку мусяць ісьці маладыя людзі.

Ігар Случак

Ігар Случак

Студэнт Ігар Случак распачаў кампанію «Справаводзтва па-беларуску» з-за таго, што пасьля ўвядзеньня дзьвюхмоўя беларуская мова, мова тытульнай нацыі, стала шпаркімі тэмпамі выцясьняцца з паўсядзённага ўжытку й пастаўлена цяпер на мяжу выжываньня. Ня будзе мовы — ня будзе й краіны.

Удзельнікі дэбатаў крыху засмучаныя тым, што іх праігнаравалі кандыдаты ад улады. Прычым, ня толькі ў акрузе № 34, але і ў шаснаццаці іншых, якія сфармаваныя на тэрыторыі Гомельскай вобласьці. Паўнавартаснай дыскусіі не атрымліваецца, бо погляды незалежных кандыдатаў мала ў чым адрозьніваюцца. І выглядае, што першыя тэледэбаты стануць у рэгіёне й апошнімі. Ня ясна яшчэ, ці пакажуць іх наагул выбарцам. Прынамсі, даты выхаду запісаных дэбатаў у эфір іх удзельнікам не назвалі.
XS
SM
MD
LG