Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юлія Чарняўская – пісьменьніца, антраполяг. Нарадзілася ў Менску. Закончыла БДУ як філёляг і Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы пры БДУ як культуроляг. Кандыдат культуралёгіі. Тэма кандыдацкай дысэртацыі: «Этнакультурная самаідэнтыфікацыя беларускага народу» (2002). Аўтар 7 навуковых і навукова-папулярных кніг і больш за 90 навуковых артыкулаў, якія выходзілі у беларускіх, расейскіх, польскіх, нямецкіх, швайцарскіх часопісах. Піша вершы, прозу, п’есы. З мастацкіх твораў надрукаваны толькі раман «Хлопчык з сабакам». П’еса «Ліфт» ідзе ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, а «Аднаклясьнікі» – у Магілёўскім тэатры драмы. Аўтарка і вядучая праграмаў «Без адказаў» і «Колы на вадзе» на TUT.BY ТВ.

ЛІТАРАТУРНАЯ ПРАПІСКА

Максімюк: Вы выдалі адзін раман, паўтузіна навуковых і папулярна-навуковых кніжак, напісалі некалькі іншых раманаў і п’есаў ды шмат вершаў, якія пакуль кніжнымі выданьнямі не выходзілі. Вы ўсё гэта напісалі па-расейску. У сувязі з гэтым пытаньне да вас рубам: Якая ў вас літаратурная прапіска? Вы лічыце сябе расейскай пісьменьніцай і аўтаркай? Беларускай? Ці, можа, тут патрэбныя нейкія ўдакладняльныя азначэньні: расейская пісьменьніца, якая пражывае ў Беларусі? Беларуская расейскамоўная пісьменьніца? Ці, магчыма, такая прапіска для вас ня мае істотнага значэньня, і вы думаеце пра сябе проста як пра пісьменьніцу і аўтарку, безадносна да культуры?

Фота Сяргея Казлова

Фота Сяргея Казлова

Чарняўская: Безадносна да культуры, мне здаецца, не бывае. Іншая справа, што лічыць культурай: выключна беларускі прымардыяльны кантэкст, ці шырэйшы, куды ўваходзіць быцьцё сучаснага гарадзкога чалавека, які любіць сусьветную літаратуру і шмат гадоў займаецца антрапалёгіяй… Апошні кантэкст мне значна бліжэйшы.

Прапіска (ці літаратурная, ці гарадзкая, ці этнічная) будуецца з дзьвюх чыньнікаў: па-першае – кім ты сябе адчуваеш, па-другое – кім цябе ўспрымаюць так званыя іншыя. І прапіска, ці ідэнтычнасьць, заўсёды ўзьнікае на спалучэньні гэтых рэалій. Я ўспрымаю сябе як беларускага рускамоўнага аўтара. У Расеі я ніколі не жыла. Больш за тое: калі часам узьнікала такая прапанова, я адмаўлялася. Бо гэта не мая краіна і іншае жыцьцё. Гэта не значыць, што я не цікаўлюся расейскай літаратурай і наагул расейскай гуманітарыстыкай. Вельмі цікаўлюся: там досыць таленавітых рэчаў…

Максімюк: Ці вы спрабавалі выдаваць свае кніжкі ў Расеі?

Чарняўская: Не, ніколі. І ў галаву такое не прыходзіла. Я і ў Беларусі, праўду кажучы, не спрабавала іх выдаваць па-сапраўднаму...

СЯМЕЙНЫЯ КАРАНІ

Максімюк: Раскажыце, калі ласка, крыху пра вашы сямейныя карані. Якой мове вы навучыліся ад таты з мамай? Нехта вучыў вас беларускай мове ў сям’і ці, можа, вы сутыкнуліся зь ёю ўпершыню ў школе?

Чарняўская: У маёй сям’і размаўлялі на рускай, нягледзячы на тое, што дзед быў вядомым беларускім пісьменьнікам, які стварыў першы дзіцячы часопіс у Беларусі. Дарэчы, гэта была цалкам тыповая практыка ў тыя гады ў пісьменьніцкім асяродзьдзі, сярод пісьменьніцкіх жонак і дзяцей. Так не павінна быць, але было менавіта так, і тады мала хто пра гэта наагул думаў – пра правільнасьць ці няправільнасьць гэтай сытуацыі. Гэта зразумела: тое, што склалася да цябе, ты ўспрыняў з маленства як норму. Але я чула беларускую гаворку зь дзяцінства і вельмі рана пачала чытаць на беларускай. У 4 гады – тады ж, калі на рускай. Потым, наш пісьменьніцкі двор на Маркса, 36 – усё ж-такі быў дзьвюхмоўным. Як і Каралішчавічы – Дом творчасьці беларускіх пісьменьнікаў – дзе я часта была на вакацыях. Тут мне вельмі пашанцавала.

Максімюк: Вы не нагадалі б нам, як называўся ваш дзед, якога вы толькі што ўспомнілі?

Чарняўская: Васіль Вітка. У свой час ён атрымаў дыплём Андэрсэна як адзін са ста самых значных дзіцячых пісьменьнікаў сьвету.

Максімюк: Ці ваш дзед чытаў вам, сваёй унучцы, вершы, якія ён пісаў па-беларуску дзецям?

Чарняўская: Зразумела, ён чытаў мне свае вершы. А ў сталым узросьце я яму дапамагала іх рэдагаваць. Ён доўга быў са мной – ён памёр, калі мне было 33 гады. Больш за тое, ён напісаў кніжку, якая называецца «Дыялёгі з унучкамі» – гэта былі дыялёгі са мной і яго другой унучкай, Машай. Але паколькі Маша жыла ў Маскве, дык усё ж больш тых дыялёгаў было са мной. Так што ў нас зь дзядулем ёсьць адна кніжка, якую мы «зрабілі» разам...

ШТО СТРАЦІЛІ?

Максімюк: Юлія, у аднаго менскага паэта, Канстанціна Міхеева – заўважце, як я асьцярожна кажу «менскі паэт», бо ён, як і вы, піша па-расейску, і я ня ведаю ягонай дакладнай літаратурнай прапіскі! – у вершы з прысьвячэньнем вам я знайшоў такія радкі:

Одну страну мы вместе схоронили
Другую – врозь – увы, не обрели.


Скажыце, калі ласка, што для вас значыў распад СССР у інтэлектуальным і эмацыянальным пляне? Што насамрэч вы страцілі, калі прапаў СССР? І ці сапраўды вы не набылі «новай айчыны» ў Рэспубліцы Беларусь?

Чарняўская: Канстанцін Міхееў, як і я, лічыць сябе беларускім рускамоўным паэтам. Пры гэтым яго культурны код уключае вялікае, большае, чым у мяне, кола сусьветных рэмінісцэнцый (Грэцыя, Рым, расейская, француская, гішпанская культуры і ня толькі) – таму, што ён значна больш энцыкляпэдычны чалавек. У гэтых радках ён мае на ўвазе, як мне здаецца, адну рэч: наш культурны код, на жаль, не спатрэбіўся. У СССР, які мы абодва не любілі (лічылі сябе дысыдэнтамі, антысаветчыкамі), у нашым асяродзьдзі быў вялікі піетэт перад творчасьцю, перад культурай. Дарэчы, гэта было такое супрацьстаяньне ў адносінах з Саюзам, зь яго літаратурным афіцыёзам. Там мы былі нікому не патрэбныя, да туды і не хацелася: нават ў галаву такая думка не прыходзіла. Таму у нас былі нейкія нефармальныя колы, былі людзі, захопленыя вершамі, тэатрам, жывапісам, і іх тады было шмат… Гэта зразумела, бо тады не было куды больш падзецца. Такая эстэтыка, якая пераходзіла у пэўную этыку. Таксама была нейкая ўстаноўка супольнасьці на ўнутранае разьвіцьцё: веды не для таго, каб канвэртаваць іх ў кар’еру ці грошы, а проста для сябе. Цяпер гэтай устаноўкі няма. І гэтага асяродзьдзя больш няма: хто у гламуры, хто у бізнэсе, хто ў эміграцыі. Вось гэта і ёсьць для нас вялікая страта. Гэта, зрэшты, ня толькі ў нас. Як сказаў мой сябра, маскоўскі сацыёляг Леанід Разьнічэнка, культура нас падманула. Але тут справа ня ў тым, што мы жывем не ў імпэрыі, а хутчэй, у тым, што сам гэты піетэт перад словам belles-lettres зьнік пад хвалямі постмадэрнізму (у вельмі неглыбокім яго разуменьні, як гэта ў нас).

Гэта агульны працэс, сусьветнага маштабу. Што датычыцца Айчыны: я грамадзянка краіны. Я ў ёй нарадзілася. Гэта мая айчына. Я нікуды ня зьехала. Але калі казаць пра тое, што я рускамоўны літаратар – тут ужо іншы, як той казаў, каленкор. Беларускасьць і беларускамоўе ў нас успрымаюцца як паняцьці тоесныя. Гэткім чынам, рускамоўны літаратар мае два выхады. Адзін – ісьці ў Расею (як, напрыклад, Андрэй Жвалеўскі), ці пісаць без надзеі стаць сваім у літаратурным асяродзьдзі. Апроч усяго іншага, гэты вельмі ўскладняе магчымасьць друкавацца. Але я пакуль што трымаюся гэтай парадыгмы.

Максімюк: А вось ваш калега, Канстанцін Міхееў – ён выдае свае кніжкі ў Расеі, а не ў Менску?

Чарняўская: Наколькі я ведаю, у Канстанціна Міхеева выйшлі ўсяго дзьве кніжкі. Гэта дакладна. І абедзьве гэтыя кніжкі – «Гіпэрбарэя» і «Вершы для Мнэмасіны» – выдадзеныя ў Беларусі. Ён даўно ўжо нічога не выдаваў, хоць і шмат піша.

Максімюк: Ці прадаваліся гэтыя кніжкі ў Беларусі? І наагул – ці можна кніжкі расейскамоўных пісьменьнікаў зь Беларусі пабачыць на паліцах менскіх кнігарняў?

Чарняўская: Калі аўтар – не Натальля Батракова, якая піша жаночыя раманы, дык нельга пабачыць такіх кніжак... Не, я ня бачу ні кніг Міхеева, ні Строцава, ні Кошкінай, ні шмат каго іншага... А Батракова ідзе, што і зразумела: яна някепская бэлетрыстка, яна піша зь менскімі рэаліямі, і гэта прыемна. Але гэта такі жаночы раман. А вось нешта, што можна назваць сур’ёзнай літаратурай – напрыклад, вельмі цікавыя раманы Аляксандра Станюты – дык я іх ня бачыла ў продажы.

ГАБРЭЙСКАЯ БАБУЛЯ

Максімюк: Давайце пагаворым пра яшчэ адзін цікавы раман на расейскай мове і зь менскімі рэаліямі, які, відаць, у Менску таксама не прадаваўся – менавіта, пра ваш раман «Мальчик с собакой». У ім ёсьць адна вельмі шчымлівая сцэна, калі яго галоўная гераіня, школьніца, дазнаецца ад сяброўкі ў двары, што яе бабця – «ня нашая», бо яна габрэйка. Гэтая малая гераіня – вы? Ваша бабця была габрэйкай? Якое значэньне маюць для вас габрэйскія карані?

Чарняўская: «Мальчик с собакой» – гэта раман, дзе праўда мяшаецца з выдумкай. Там нельга выразна аддзяліць тое, што было, ад таго, што я потым дадумала і прыдумала. Але гэты эпізод – праўдзівы. Так. Гэта я. А дзяўчынка, якая мне раскрыла тайну маёй этнічнай нечысьціні, шмат гадоў замужам за габрэем. Вось так забаўна атрымалася. Бабуля мая, Вольга Рыгораўна, была габрэйкай, з Гомелю, але зусім асыміляванай. Таму ніякіх асаблівых габрэйскіх ведаў я не засвоіла. Толькі нецэнзурныя. Калі яна сварылася, дык ужывала словы на ідыш. Дарэчы, чамусьці у 1930-я гады маладыя менскія пісьменьнікі часта жаніліся з маладымі габрэйскімі артысткамі: і мой дзед у тым ліку. А карані… Дзядулінага бацьку-беларуса фашысты павесілі на плошчы ў Слуцку, а бабуліну сястру-габрэйку з маленькай дачкой забілі ў Старых Дарогах. Яна таксама была жонкай беларускага пісьменьніка – Рыгора Суніцы, малодшага брата Міхася Лынькова. Дык вось, ягоную жонку забілі там жа, і сына іх маленькага. Такія вось у нас карані, шмат у каго. Попел Клааса з двух бакоў – беларускага і габрэйскага.

Максімюк: А мае гэтая габрэйская нітка ў вашым радаводзе нейкае значэньне для вашага культурнага коду?

Чарняўская: У нас у сям’і не было гэтай тэмы. У бабулі ніхто ня зьехаў у Ізраіль. У нас ніколі не было тэмы эміграцыі. Яна зьявілася ў маім жыцьці значна пазьней, каля я ўжо была вялікая. Мы ніколі на гэтым не цэнтраваліся, але тут ёсьць адзін момант... Ведаеце, у Юльяна Тувіма ёсьць такое эсэ, «Мы, польскія габрэі». Ён у ім напісаў, што ёсьць два тыпы крыві – адна кроў цячэ ў жылах, а іншая – цячэ з жылаў... Калі я думаю пра сястру маёй бабулі, якой было 21 ці 22 гады, і пра яе 2-гадовую дачку Алёнку, дык тады я думаю пра кроў, якая цячэ з жылаў. Але няма ўва мне нічога спэцыфічна габрэйскага. Мая бабуля была асыміляваная, беларускую мову яна ведала лепш, чым ідыш.

ПРА МОЎНУЮ ПАЛІТЫКУ

Максімюк: Давайце крыху зьменім тэму, але далей пра мову. Давайце, менавіта, высьветлім вашы адносіны да беларускай мовы. Вы – выкладчыца ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце культуры і мастацтваў. Вы выкладаеце там па-беларуску? На якой мове вы гаворыце са студэнтамі па-за заняткамі?

Чарняўская: У нас унівэрсытэт дзьвюхмоўны. Шмат хто выкладае на беларускай: Алег Трусаў, напрыклад, у нас працуе. Анатоль Грыцкевіч – з нашых. Янка Крук працаваў у нас. Алег Хаменка працуе. Устаноўка на дзьвюхмоўе і прытым шанаваньне беларускай мовы была закладзена нашым рэктарам Ядвігай Дамінікаўнай Грыгаровіч. На жаль, яе няма ўжо з намі. Я выкладаю на рускай. Па-за заняткамі і нават падчас заняткаў з беларускамоўнымі размаўляю на беларускай, а з рускамоўнымі – на рускай.

Максімюк: Калі б ад вас залежала моўная палітыка ў Рэспубліцы Беларусь, што вы зрабілі б, каб узмоцніць ролю беларускай мовы ў публічным жыцьці? Ці лічыце вы, што беларускай мове патрэбная адмысловая дзяржаўная праграма, якая давала б гэтай мове пэўныя перавагі у дзяржаўных установах – напрыклад, выразна заахвочвала фінансава да пераходу з расейскай мовы на беларускую, каб хоць крыху выраўняць сёньняшні жахлівы перакос на карысьць расейскай мовы?

Чарняўская: Зразумела, так. У мяне быў шэраг думак на гэтую тэму, я напісала вялікі артыкул у свой час, як лепшым чынам, без прымусу палепшыць становішча беларускай мовы. Нікому ён тады, напрыканцы 1990-х не спатрэбіўся: адным ён здаваўся занадта «сьвядомым», другім – недастаткова «сьвядомым». Цяпер ён састарэў, зразумела. Там было пра школы, пра абавязковыя іспыты на дзьвюх мовах, пра больш мяккая падаткаабкладаньне для беларускамоўных выданьняў і г.д. Яшчэ я думала пра элітныя групы ва ўнівэрсытэтах, адкуль студэнтаў разьмяркоўвалі бы выключна ў сталічныя школы з добрымі заробкамі на два гады… Калі ў нас ўжо ёсьць абавязковае разьмеркаваньне, дык хаця б у чымсьці на карысьць. Але, вядома, гэтага ніхто рабіць не будзе: адным патрэбна ўсё і зараз, другім – абсалютна па барабану, як той казаў.

ЛІТАРАТУРНЫЯ ВЕЧАРЫНЫ і САЮЗЫ

Максімюк: Ці былі б вы гатовыя выступіць на літаратурнай вечарыне разам зь беларускамоўнымі паэтамі і прачытаць там свае вершы па-расейску? Вам нехта прапанаваў такі выступ?

Чарняўская: А чаму – не? Канешне, згадзілася б. Але ніхто ніколі не запрашаў. Гэта як ва ўкраінскім анэкдоце: ці зьесьць слон пуд цукерак? Зьесьці дык ён зьесьць, ды хто ж яму дасьць? Як кажа паважаны Валянцін Акудовіч: мяне няма.

Максімюк: Магчыма, праблема тут у тым, ці належыце вы да нейкага беларускага пісьменьніцкага саюзу... Ці належыце?

Чарняўская: Не, не належу.

Максімюк: А ці думалі вы калі, каб запісацца ў нейкі пісьменьніцкі саюз у Расеі?

Чарняўская: Не. Зь якой нагоды?

Максімюк: Хоць бы з нагоды вашай мовы...

Чарняўская: Ведаеце, я не адчуваю сябе расейскай пісьменьніцай. Чаго мне туды ісьці?

Максімюк: А ці ёсьць такая практыка сярод расейскамоўных пісьменьнікаў у Беларусі, каб запісвацца ў пісьменьніцкія саюзы ў Расеі?

Чарняўская: Магчыма, такая практыка і ёсьць, але я ня ведаю пра яе... Што тычыцца мяне, дык я, магчыма, уступіла б у нейкую беларускую арганізацыю, але тут ёсьць таксама пэўныя праблемы. У ПЭН-цэнтар мяне ня клічуць, у Саюз беларускіх пісьменьнікаў ніхто не запрашае, а да Чаргінца я і сама не пайду.

ШЧАСЬЛІВАЯ

Максімюк: Цяпер я хачу паставіць вам пытаньне крыху больш прыватнага характару. У адным вашым вершы я знайшоў такія нярадасныя радкі:

На свете, где мне суждено не пройти
Того, чего я не прошла,
На свете, где мне суждено не найти
Того, чего я не нашла...


Пра што гэта? Вы – жонка аднаго з самых пасьпяховых бізнэсмэнаў Беларусі, заснавальніка самага папулярнага інтэрнэтнага парталу ў краіне – tut.by. Вы – шчасьлівая маці, у вас прыгожая і таленавітая дачка. І ў вас дзьве вельмі папулярныя тэлевізійная праграмы на tut.by. Адкуль гэтая нотка расчараваньня і пэсымізму ў вашым вершы? Калі жыцьцё не ўдалося вам, дык каму яно ўдалося, я пытаю?

Чарняўская: Так, гэта сапраўды прыватнае. Паспрабую адказаць... Я ведаю, што я шчасьлівая. Пакуль што. Бо як калісьці мысьляр Салён адказаў цару Крозу: «Ні пра каго нельга сказаць, што ён шчасьлівы, пакуль ён не памёр». Я па натуры чалавек вельмі вясёлы, пра такіх кажуць «завадная». Але ведаеце, вершы ў мяне не для весялосьці. Весялюся я іншым чынам. А пра што гэты канкрэтны верш? Да пра тое, пра што у ва ўсіх і кожнага. Жыцьцё – вось у гэтай зямной іпастасі – яно адно. Шмат чаго не зрабіла, шмат чаго зрабіла не так… Штосьці здарылася ня тое, а штосьці наагул не здарылася… Але гэта ўсім вядома і, я думаю, ня надта цікава.

ПРА ВАЛОДАНЬНЕ РАСЕЙСКАЙ МОВАЙ

Максімюк: Я рады, што гэта, так бы мовіць, агульнафілязофская выснова, а ня штосьці, зьвязанае з каардынатамі вашага беларускага-менскага існаваньня... На заканчэньне пытаньне даволі агульнага характару, пра літаратуру ў Беларусі... Існуе меркаваньне, што расейскамоўныя пісьменьнікі ў Беларусі – гэта друга- або трэцясортны від пісьменьнікаў у параўнаньні зь пісьменьнікамі Расеі, бо, маўляў, яны не валодаюць расейскай мовай на такім узроўні, як расейцы. То бок, нібыта расейская мова ў беларусаў па вызначэньні надзеленая нейкім прыроджаным дэфэктам. Вы згодная з такім меркаваньнем? Калі не, дык ці не назвалі б вы нам некалькі прозьвішчаў раейскамоўных літаратараў зь Беларусі, якія, па-вашаму, пішуць ня горш за тых з Расеі?

Чарняўская: Я ня ведаю, хто так думае... Я ўпершыню чую такое... Таму што руская мова ў пісьменьнікаў зь Беларусі нічым ня горшая, чым у расіянаў...

Максімюк: Я з такім меркаваньнем сутыкаюся, напрыклад, у камэнтарах да некаторых маіх блогаў на сайце Радыё Свабода...

Чарняўская: Я катэгарычна ня згодная з такой думкай. Спачатку я скажу пра тых, каго ўжо няма. Ігар Паглазаў, геніяльны юнак, лермантаўскага ці багдановіцкага тыпу, ён скончыў жыцьцё самазабойствам у 14 гадоў. Аляксей Жданаў, вельмі значны паэт, і вялізарны паэт Веніямін Блажэнны. Навум Кіслік, тонкі і мудры лірык. Я люблю позьнія вершы і асабліва – мэмуарную прозу Аляксандра Дракахруста. У мінулым годзе пайшоў з жыцьця Аляксандр Станюта, сын Стэфаніі Станюты, у яго было некалькі выдатных рэчаў, напрыклад, раман «Гарадзкія сны». Бліскуча таленавіты Уладзімер Рудаў. Акрамя знакамітай «Камэдыі» ён напісаў выдатную п'есу пра Сымона Буднага і два раманы на рускай – пра Дастаеўскага і Сьпінозу. Таксама празаік Віктар Генкін.

Цяпер пра тых, хто «далече». Рыгор Трэстман зь яго біблейскім цыклем, які ён доўга пісаў тут, а ў Ізраілі толькі працягнуў. Вытанчаная аўтарка вершаў Маргарыта Новікава. Я ня ведаю, што зь ёй цяпер. Леанід Шэхтман, які тут пачаў пісаць раман у вершах пра старажытны Рым у спалучэньні з сучаснасьцю.

Я зь вялікай павагай і цікавасьцю стаўлюся да твораў Святланы Алексіевіч. Падабалася «Параноя» Віктара Марціновіча. Ня вельмі спадабаўся раман «Лузер» Антона Кашлікава, але аўтар, безумоўна, чалавек адораны. Затое мне падабаецца (хаця, здавалася бы, гэта не зусім мае) проза Аляксандра Сушкова. У паэзіі – Канстанцін Міхееў. Зьміцер Строцаў. Вельмі таленавітая Алена Кошкіна. Мой былы студэнт Дзяніс Захарчанка з выдатнымі вэрлібрамі: я не ведаю, ці піша ён цяпер, але гэта была сур’ёзная заяўка, сапраўдная паэзія. Таленавітыя Зьміцер Растаеў і Анатоль Санаценка, якія жывуць у Бабруйску. Ня ведаю, ці піша цяпер Вячаслаў Бандарэнка (у яго былі добрыя вершы і біяграфічны раман пра Вяземскага). Вельмі кранальныя песьні Вольгі Залескай. Напэўна, я потым прыгадаю іншыя імёны, і буду шкадаваць, што позна прыгадала...

Ну і яшчэ – даволі шмат беларускамоўных аўтараў пачыналі на рускай...

УСЁ ТОЙ ЖА АНДЭРГРАЎНД

Максімюк: Ведаеце, імёны большасьці з гэтых пісьменьнікаў, якіх вы тут назвалі, я пачуў або ўпершыню, або, калі і чуў раней, то нічога зь іх пакуль не прачытаў. І толькі да некаторых рэчаў гэтых аўтараў у мяне дайшлі рукі... Мне павінна быць сорамна, што я пра іх ня чуў, праўда?

Чарняўская: Адкуль вы можаце пра іх ведаць? Яны ўсе знаходзяцца ў такім больш-менш маргінальным коле. Ну, крыху шырэй ведаюць Зьміцера Строцава, ён, дарэчы, належыць да ПЭН-цэнтру, але, наколькі мне вядома, ён там адзін з гэтых аўтараў. Вы ня можаце іх ведаць, таму і не павінны саромецца. Адкуль? Нас няма...

Гэта даволі дзіўнае становішча. Яно ўзьнікла яшчэ ў савецкія гады. Я гэта добра ведаю і добра памятаю. З аднаго боку была поўная русыфікацыя культурнай прасторы на ўзроўні масавай сьвядомасьці – адсутнасьць школ на нацыянальнай мове і г.д. А зь іншага боку – тады ў саюз пісьменьнікаў неахвотна прымалі людзей з рускай мовай. І гэтае становішча цяпер працягваецца. Тыя, хто пісаў па-руску, былі ў нейкім андэрграўндзе, і там засталіся. Але гэты андэрграўнд вельмі састарэў... Я ня ведаю, ці з гэтым можна нешта зрабіць, але калі хтосьці захоча дапамагчы рускамоўным, якія лічаць сябе беларускімі пісьменьнікамі і якія імі ёсьць – я думаю, што рускамоўныя, і я ў прыватнасьці, будзем вельмі ўдзячныя.

Максімюк: Што вы прапанавалі б зрабіць, каб пра беларускіх расейскамоўных пісьменьнікаў людзі пачулі крыху больш? Што можна было б зрабіць, каб людзі, якія жывуць у адным месцы і пішуць пра тую самую рэальнасьць, але на розных мовах, адчулі, што ёсьць паміж імі нешта агульнае?

Чарняўская: Вось вы згадвалі пра вечарыны... Я такіх вечарын ня памятаю вельмі даўно. Былі такія вечарыны ў 1990-я гады, арганізаваў іх той жа Зьміцер Строцаў... Трэба ўзаемныя пераклады. Я ведаю, што вельмі шмат робіць Андрэй Хадановіч з сваімі маладымі сябрамі, але гэтага недастаткова... Можа я памыляюся, але я ня бачыла перакладаў беларускіх рускамоўных пісьменьнікаў, хоць былі пераклады і ўкраінскіх расейскамоўных пісьменьнікаў, і расейскамоўных пісьменьнікаў з Расеі. Насамрэч мне і маім сябрам трэба толькі адно – каб нас лічылі беларускімі пісьменьнікамі... Само прызнаньне нас беларускімі аўтарамі, не другасортнымі, не трэцясортнымі, не маргінальнымі – вось гэта вельмі патрэбна. Цяжка заставацца ў андэрграўндзе...

Юлія Чарняўская выкладае. Фота Сяргея Казлова

Юлія Чарняўская выкладае. Фота Сяргея Казлова

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG