Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Якім быў апошні прыезд Яўгеніі Янішчыц на радзіму?»


Рудка, Пінскі раён

Рудка, Пінскі раён

Вёска Рудка — гэта бясконцая вуліца, якая пераходзіць у іншую бясконца доўгую вуліцу ўжо іншай вёскі. Аглямэрацыя палескіх вёсак, што цягнуцца ўздоўж хуткаплыннай маляўнічай ракі Ясельды. Такія мясьціны не маглі не нарадзіць вялікага паэта. 20 лістапада 1948-га ў Рудцы нарадзілася Яўгенія Янішчыц.

Ты пакліч мяне. Пазаві.
Там заблудзімся ў хмельных травах.
Пачынаецца ўсё зь любві,
Нават самая простая ява.


Каля аўтобуснага прыпынку стаіць невялікая хата. Сярод астатніх хат яна вылучаецца мэмарыяльнай шыльдай і ярка-жоўтым колерам сьцен. Бачна, што хату часам падфарбоўваюць. Менавіта тут нарадзілася адна з найлепшых паэтак 80-х гадоў. Цётка, што вызірнула з хаты, сустрэла мяне крыху насьцярожана.

— Гэты дом праданы праз дваццатыя рукі. Ад яе нічога не засталося.

У суседняй хаце ваш пакорны слуга знайшоў больш прыязны прыём. Маладзіца, што прыехала з гораду адведаць матулю і суседак, што праўда, размову завяла не пра Янішчыц. А пра яе былога мужа, паэта Сяргея Панізьніка.

— Ён быў абалдзенна прыгожы мужчына! Салідны, відны! Я памятаю, як ён прыехаў сюды. У гэтую вёску забітую. Ён яе за вершы пакахаў. Панізьнік. Прыгажун быў неапісальны! Жэня была фотагенічная.

Неўзабаве маладзіца разьняволілася і перайшла на сваю прыродную палескую гаворку. Далучыліся да ўспамінаў і бабулі.

— Калі яна прыяжджала ў вёску, яна ніколі не гаварыла па-беларуску. Яна, як помню, сядэ каля дорозі. І ўсё з прутыком будзе сідыты. Задумана, задумана. Яна пра ўсіх пісала.

— Таленавітая была. І пра вяскоўцаў, і пра ўсіх. Зь дзяцінства.

— Як прыідэ зь Мінска, не было, каб не абняла, не пацалавала. Вось душа была! А шчо там здарылася зь ёй? Мы ня можам знаты.

— Праславілася на ўсю Беларусь. Усе яе шкадавалі. Усе плакалі. Шчо така паэтэса ад Бога.

Аднэ нам шкада. Напішытэ. Така хата, і такое месца. І така паэтэса. А хата стаіць. Нам хацелася, каб тут быў музэй. Каб помнік. А ў нас тут жывуць алкашы. На сэрцы балюча і крыўдна. Што жывуць алкаголікі. Школа ня вечная. Дзяцей няма. Год-два прафункцыянуе.

— Усё будэ забыта, ды і ўсё.

— Яна весэла такая дзяўчына. Прыветліва. Не ганарова. І до старых яна найдэ разгавор, і да малых.

— Любыла сьпіваты яна ў дзяцінстве. Пяе.

— А што сьпявала?

Шумляць вэрбы
Каля грэблі,
Шчо я посадыла.
Нэма мужу мілэнького,
Шчо я полюбыла.


Музэй паэткі знаходзіцца ў суседнім Парэччы. У школе, дзе Янішчыц вучылася. Загадвае музэем былая настаўніца роднай мовы і літаратуры Антаніна Сідарук. Зрэшты, «загадвае» — ня тое слова. Яна рупліва зьбірае ўсё, што тычыцца любімай паэткі. Сярод паўтары тысячы экспанатаў ёсьць і асабістыя рэчы,

і першыя рукапісныя зборнікі.

— У 63-м годзе яна напісала рукапісны зборнік вершаў пад назовам «Першыя россыпы». «Што ж такое пакінуць людзям? Што ж такое ім падарыць? Людзям-сьведкам і людзям-судзьдзям, для якіх я радзілася жыць?» Гэта напісала ў 9-й клясе. Тады ўвогуле атмасфэра была творчая. У той час у школе былі два літаратурныя гурткі. Вучні спрабавалі пісаць вершы, прозу.

— Янішчыц не была адзінай паэткай у школе?

— Не.

І тады душой не крыві
На дарозе жыцьця шырокай.
Пачынаецца ўсё зь любві —
Першы посьпех і першыя крокі.

«Кто кончил жизнь трагически, тот истинный поэт». Гэтая сэнтэнцыя Ўладзіміра Высоцкага стасуецца і да лёсу Яўгеніі Янішчыц. Што паслужыла той апошняй кропляй у трагічным лёсе паэткі? Пра гэта мы не даведаемся ніколі. Застаюцца толькі здагадкі. Вось што гаворыць пані Антаніна пра адзін экспанат, які трапіўся на вочы маці Яўгеніі.

— Тут ляжаў фатаздымак. На ім Гілевіч, Бондар і Жэня. Бабуля падхапілася і кажа: «І гэта сволач яшчэ тут». Кажа: «Калі Жэні ўручалі Дзяржаўную прэмію, то Бондар за грудкі Жэню ўзяла. Чаму гэта табе, а ня мне?» Жэня была на 36-й сэсіі ААН. І зайздрасьць была такая… Чаго гэта яна, дзяўчынка зь сялянскай сям’і… І чаму гэта яе адправілі, а не гарадзкіх. Я думаю, што ўсё-ткі давялі да таго, што… Калегі. Час пройдзе, і будзем ведаць — хто што зрабіў і як зрабіў.

Прыручаюцца салаўі
Там, дзе выбеглі ўдаль канавы.
Пачынаецца ўсё зь любві —
Адчужэньне, і боль, і нянавiсьць.

Лідзія Саўчук і яе дачка Любоў — сяброўкі сям’і паэткі. Яны добра памятаюць апошні прыезд Яўгеніі ў родныя мясьціны.

— Такі лёс судзьбы. Не маглі нават падумаць. Але ж перад гэтым яна прыехала дахаты.

Прыехала. А мама пячэ пірагі і кажа. «Вось прыедзе Жэнька, забярэ пірагі. Будзе саракагодзьдзе». Мама не пасьпела запякці тых пірагоў, прыяжджае Жэня. Кажа: «Не, мама, ня буду адзначаць». А чаго? Хто ведае. І вось мы пасядзелі ўвечары, павячэралі, правялі яе на прыпынак. А яна кажа: «Мне так страшна ў гэтай кватэры жыты, шчо атрымала». Новая ж кватэра, трохпакаёвая. Жыві і радуйся. А кажа: «Страшна, і ўсё. Здаецца, што за мной нехта ходзіць». І ўсё. Мы яе адправілі. Увечары. А ў пятніцу прыходзіць тэлеграма. «Жэнька памерла». Маты да мяне прыйшла. Галосыць. Плача. А я кажу: «Ня плач. Чаго яна памерла? Гэтага ня можа быць».

Любоў адмаўляецца верыць у самагубства. У той ракавы дзень Янішчыц праводзіла ў школу сына і мыла бялізну.

— Можа, гэта няшчасны выпадак. Бо я была там, у кватэры. Лёс судзьбы мяне зьвёў. Балькон быў незашклёны. Ён нізенькі. Яна ж была маленькая расточкам. А вяроўкі віселі высока. Калі яна вешала вяроўку, можа, пасклізнулася і ўпала. Хто ведае. Вельмі нізкі балькон. Калі чалавек зьбіраецца нешта зрабіць, ён бы напісаў запіску. Ён бы з сынам разьвітаўся. Ну скажыце мне? Не магла яна. Яна так маму любіла. Я схіляюся да няшчаснага выпадку. Такі нізкі балькон. Лістапад. Можа, сьлізка было на той табурэтцы. Чалавек калі сыходзіць, ён хоць нешта пакіне. А ніхто нічога не знайшоў. Ні пісьма, ні вестачкі.

— Але разьвітвалася яна цяжка.

— З усімі пацалавалася. І кажа: «Я табе, мама, пазваню». Ад’іхала ў чацьвер, а ў пятніцу званок.

Жанчыны крыху памыляюцца. Калі паэтка прыяжджала напярэдадні свайго дня народзінаў, значыць, гэта было 19 лістапада. А загінула яна праз тыдзень. А не на наступны дзень. Але ў любым выпадку гэты прыезд выглядаў як разьвітаньне. Пра маленькую Жэню ўзгадвае яе першая настаўніца Вольга Новак.

— Я памятаю ўсіх. Але яе чамусьці лепш за астатніх. Здавалася, што ў яе ёсьць талент. Таленты праяўляюцца. Запомнілася яе фраза. Мы стаялі на перапынку. А ішлі каровы. А яна стаіць і кажа: «Ідуць каровы грамадой. Нясуць з сабою сырадой». Я так паглядзела на яе. І кажу: «Жэнечка. Якая ты разумніца. Як ты ўмееш ужо рыфму складаць». Яна засьмяялася…

Яўгенія Янішчыц глыбока пісала пра каханьне. Яе паэзія будзе хваляваць яшчэ не адно пакаленьне беларусаў. І натхняць на стварэньне песень. Жыцьцё сапраўднай паэткі не сканчаецца.

Ты пакліч мяне. Пазаві.
Сто дарог за маімі плячыма.
Пачынаецца ўсё зь любві,
А інакш і жыць немагчыма…

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG