Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горацкая выбарчая камісія вынесла папярэджаньне Андрэю Юркову


Андрэй Юркоў

Андрэй Юркоў

7 верасьня незалежнаму кандыдату на дэпутацтва ў Палату прадстаўнікоў Андрэю Юркову, які балятуецца па Горацкай выбарчай акрузе № 82, вынесена папярэджаньне аб недапушчальнасьці парушэньня выбарчага заканадаўства. Паводле пастановы выбарчай камісіі, кандыдат парушыў заканадаўства, калі надрукаваў агітацыйныя ўлёткі без пазначэньня ліцэнзійных дадзеных той арганізацыі, якая іх друкавала. У камісіі заявілі: «Калі кандыдат ня згодны з папярэджаньнем, ён яго можа абскарджваць».

Андрэй Юркоў удакладніў, што ён паводле пастановы нібыта парушыў артыкул 45 і 46 Выбарчага кодэксу. Камісія, аднак, — зазначае кандыдат, — ня стала канкрэтызаваць, што ён парушыў з гэтых аб’ёмных артыкулаў, якія тычацца перадвыбарчай агітацыі:

Юркоў: «На паседжаньні я сам быў. Я запытаўся: а чаму вы не расшыфроўваеце гэтыя артыкулы? А мне адказваюць: „Калі нехта запатрабуе матэрыялы, мы іх выдадзім і расшыфруем“. Я так зразумеў, што на ўлётках няма нумару ліцэнзіі. А ліцэнзія ж патрэбная толькі на афсэтны друк, а не на лічбавы. У заканадаўстве ж не напісана, што друк можа быць для агітацыйных матэрыялаў толькі афсэтны. Раней — напрыклад, у 2008 годзе — такіх прычэпак не было. Буду абскарджваць папярэджаньне ў Цэнтравыбаркаме. Гэта мне так нэрвы рвуць, каб я быў менш актыўны. Улада давяла людзей, і мала хто будзе галасаваць за прадстаўнікоў ад улады. Зрэшты, наўрад ці хто будзе лічыць і галасы».

Папярэджаньне Андрэю Юркову — пакуль першае на Магілёўшчыне. Зь іншага боку, мала хто з апазыцыйных кандыдатаў наважыўся пакуль распаўсюджваць сваю друкаваную агітацыйную прадукцыю.
XS
SM
MD
LG