Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародны Катынскі мотапрабег прыбыў на тэрыторыю Беларусі. Байкеры з Польшчы, Нямеччыны і іншых краін наведалі радзіму Адама Міцкевіча ў Завосьсі Наваградзкага раёну, маёнтак Рушчыца ў Багданаве Валожынскага раёну, магілы польскіх салдат 1920 году ў Горадні. Сёньня яны ўшанавалі памяць ахвяр сталінізму ў мэмарыяле Курапаты пад Менскам.

Перад Курапатамі ДАІ прымусіла польскіх байкераў спыніцца на 20 хвілін —насустрач ім па кальцавой дарозе ехаў картэж Аляксандра Лукашэнкі. Але, як кажуць арганізатары прабегу, гэта была хіба адзіная нязручнасьць за час трохдзённага падарожжа па беларускіх дарогах 70 байкераў. Пакінуўшы матацыклы на паркоўцы, зь якой ДАІ папярэдне выдаліла ўсе машыны, байкеры пешай калёнай рушылі па крыжовай алеі.

На штандары Катынскага мотапрабегу разам зь іншымі мясьцінамі пакут польскага народу пазначаныя і Курапаты. Байкеры імкнуцца не абмінаць гэтае месца падчас усіх сваіх вандровак у Катынь. Камандор Катынскага рэйду байкераў, 70-гадовы Віктар Вэнгжын кажа, што ён арганізаваў 12 такіх паездак, і амаль кожны раз — з наведваньнем Курапатаў, куды і сёньня байкеры прынесьлі вянкі і сьвечкі — да сымбалічнай магілы польскіх ахвяр і да галоўнага мэмарыялу:

«Гэта вельмі важнае месца. Такое, як Катынь, як Пяціхаткі ў Харкаве, як Быкоўня ў Кіеве, як Меднае... Тут напэўна ляжаць польскія афіцэры, некалькі тысяч польскіх афіцэраў».

Польскія байкеры, сярод якіх былі два сьвятары, перакананыя, што менавіта ў Курапатах ляжаць ахвяры з так званага беларускага катынскага сьпісу, і яны прыйшлі пакланіцца іх памяці:

«Мы ведаем, што ў гэтым месцы, у гэтым урочышчы, якому дадзеная назва Курапаты, ляжаць ахвяры камуністычных рэпрэсіяў, а сярод іх — польскія афіцэры. Але да гэтага часу няма афіцыйных дакумэнтаў на гэты конт, і таму катынская трагедыя ўсё яшчэ ня можа да канца быць выясьненай, і мы ўсё яшчэ ня можам вызваліцца ад маны», — сказаў адзін з удзельнікаў прабегу, маючы на ўвазе нежаданьне беларускіх уладаў апублікаваць сьпісы польскіх ахвяраў 1939–40 гадоў на тэрыторыі БССР.

Польскі консул у Менску Томаш Янік таксама заявіў, што Курапаты адносяцца да месцаў польскай нацыянальнай памяці:

«Тут ляжыць, паводле некаторых зьвестак, каля 200 тысяч людзкіх парэштак, сярод іх некалькі тысяч ахвяраў з так званага беларускага сьпісу Катыні, які яшчэ не адкрыты і дагэтуль застаецца ў пошуку».

Польскія байкеры зьвярнулі ўвагу на акты вандалізму, якія адбываюцца ў Курапатах, на тое, што мэмарыял падзелены надвое кальцавой дарогай, а таксама — што дагэтуль няма дзяржаўнага ўшанаваньня ахвяраў, а толькі створаны народны мэмарыял.

Некаторыя з удзельнікаў прабегу зьбіралі ў Курапатах зямлю, каб насыпаць яе ў мэмарыялах на тэрыторыі Польшчы:

«Я прывёз сюды зямлю з поля Варшаўскай бітвы 1920 году... А зямлю курапацкую мяне папрасілі прывезьці да мэмарыялу ў маім горадзе Радзіміне».

Польскія байкеры ў пятніцу наведалі таксама мэмарыялы Хатынь і Леніна, у суботу яны зьбіраюцца ехаць у Смаленск, на месца аварыі самалёта прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага і ў Катынскі мэмарыял.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG