Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вінаградаў застаецца пад вартай


У судзе Маскоўскага раёну Менску 7 верасьня не адбыўся разгляд адміністратыўнай справы лідэра моладзевага крыла грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» — «Zмена» Паўла Вінаградава.Яго жонка Сьвятлана распавяла, што справа накіраваная на дапрацоўку.Аднак Паўла не вызвалілі, ён застанецца ў турме на Акрэсьціна да панядзелка.

7 верасьня каля пад’езда свайго дома таксама затрыманы і дастаўлены ў пастарунак актывіст «Zмены» Аляксандар Арцыбашаў. Падчас ператрусу ўвечары 6 верасьня міліцыя канфіскавала ў менскім офісе «Гавары праўду» тысячы асобнікаў друкаванай прадукцыі.

Павал Вінаградаў
Павал Вінаградаў
Паўла Вінаградава затрымалі раніцай на кватэры пасьля ператрусу, учыненага супрацоўнікамі міліцыі ў менскім офісе «Гавары праўду». Яго абвінавацілі ў дробным хуліганстве, як і ягонага паплечніка Ягора Віняцкага, якога 5 верасьня Першамайскі суд арыштаваў на 7 сутак. Абодва актывісты бяруць удзел у арганізацыі актыўнага байкоту ў 101-й акрузе ў Менску. Жонка Паўла Вінаградава Сьвятлана распавяла, як затрымлівалі Паўла:

«А сёмай раніцы прыйшлі дадому тры супрацоўнікі міліцыі і забралі яго з сабой. Ён знаходзіцца пад наглядам і павінен адчыніць ім дзьверы».

Пасьля ператрусу ў офісе «Гавары праўду», учыненага супрацоўнікамі міліцыі, фактычна не засталося агітацыйнай перадвыбарчай прадукцыі, адзначае каардынатар выбарчага штабу «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў. Супрацоўнікі міліцыі апісалі таксама ў офісе маёмасьць — ад крэслаў да кампутараў і прынтэраў.

Андрэй Дзьмітрыеў
Андрэй Дзьмітрыеў
Дзьмітрыеў: «Гэта ціск, які складаўся зь некалькіх крокаў, і я думаю, што ён ня скончаны. Бо пазаўчора быў арыштаваны актывіст моладзевага крыла Ягор Віняцкі, і падчас ператрусу ў яго хаце было канфіскавана каля 20 тысяч „Грамадзянскай дамовы“. Учора падчас вобшуку канфіскавалі каля 40–50 тысяч газэт, каля 20 тысяч „Грамадзянскай дамовы“ і іншыя ўлёткі. Таксама перадвыбарчыя ўлёткі. І сёньня быў арыштаваны Павал Вінаградаў. Я думаю, што гэта можа пашырыцца і на рэгіёны. Таму гэта проста кампанія ціску на „Гавары праўду“ за той актыўны ўдзел у выбарах».

Актывісты «Гавары праўду» ўключыліся ў агітацыйную кампанію ад дзьвярэй да дзьвярэй і абышлі ўжо шмат кватэраў. Паводле Дзьмітрыева, гэтага не маглі не заўважыць улады. Таму яны і абрынуліся на офіс зь ператрусам, які цягнуўся амаль чатыры з паловай гадзіны і скончыўся каля адзінаццатай вечара:
Нашы актывісты чулі, як яны казалі, што трэба гэта як мага хутчэй спаліць, што такі ёсьць загад

«Спачатку прыйшоў проста ўчастковы міліцыянт, які сказаў, што ёсьць скарга ад суседзяў, што мы не даём ім спаць. Іх было чалавек сем-восем, якія заходзілі ў кватэру, але таксама шмат было ўнізе. Для таго, каб вывезьці ўсё, што яны канфіскавалі, ім спатрэбілася тры машыны. І нашы актывісты чулі, як яны казалі, што трэба гэта як мага хутчэй спаліць, што такі ёсьць загад».

Паводле Дзьмітрыева, друкаваная прадукцыя мела выходныя дадзеныя, таму яна канфіскаваная незаконна і гэтыя дзеяньні будуць абскарджаныя ў генпракуратуру.

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч
Намесьнік старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч так пракамэнтаваў націск на «Гавары праўду»:

«Такая практыка назіралася і падчас папярэдніх выбарчых кампаній, калі такія налёты адбываліся нават у друкарні, якія выраблялі друкаваную прадукцыю. Ствараюцца такога кшталту перашкоды, нават канфіскоўвалі матэрыялы, а потым аддавалі, фактычна пасьля заканчэньня агітацыйнай кампаніі. Я думаю, што гэта зьвязана з выбарамі, менавіта гэтым візыт прадстаўнікоў МУС і абумоўлены. Падобна, што іх турбуюць больш тыя, хто зьбіраецца ўдзельнічаць у выбарах менавіта да апошняга, чым тыя, хто зьбіраецца здымацца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG