Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Просьбу Мацьё аб вызваленьні Pussy Riot выразалі з эфіру


Мірэй Мацьё

Мірэй Мацьё

Француская сьпявачка Мірэй Мацьё, якая ўдзельнічала ў Маскве ў цырымоніі адкрыцьця фэстывалю «Спаская вежа», запэўнівае, што яе выступ у эфіры тэлеканала «ТБ Цэнтр» быў адцэнзураваны, піша «Коммерсантъ».

Маладая журналістка Аляксандра Глотава, якая брала ў яе інтэрвію, акрамя іншага, спытала ў Мірэй Мацьё, што яна як верніца думае пра акцыю Pussy Riot. Каталічка Мацьё нібыта адказала: «Я думаю, што дзяўчаты не зусім усьведамлялі, што яны робяць, паколькі царква ня месца для дэманстрацый. Можна дэманстраваць па-іншаму. Царква – месца для малітвы, і гэта сьвятатацтва».

У выкладзеным у сеціве інтэрвію гэтыя яе словы былі забясьпечаныя сынхронам: «Мне здаецца, яны шалёныя, я асуджаю іх дзеяньні. Царква ня месца для падобных акцый. Царква заўсёды была і будзе месцам, куды людзі прыходзяць па сьвятло, па ачышчэньне душы. Гэта сьвятое месца, якое трэба паважаць, тым больш расейскія цэрквы, у іх адчуваецца такая гарачнасьць і стараннасьць». На гэтым яе ацэнка гісторыі Pussy Riot у эфіры завяршаецца.

Першы намесьнік генэральнага дырэктара ТВЦ Вячаслаў Маставы прызнаў скажэньне слоў сьпявачкі пры перакладзе: «Мы проста ў шоку і просім прабачэньня за тое, што здарылася. Мы далі інтэрвію ў эфір, як журналіст Аляксандра Глотава яго пераклала, што ў выніку аказалася няслушным. Таму яна будзе адхіленая ад эфіру, на яе накладзены штраф і аб'яўленая строгая вымова». У камэнтары для «Інтэрфакса» ён папрасіў прабачэньня за тое, што адбылося і дадаў, што «былі зробленыя неабходныя праўкі, і на сайце прадстаўлены дакладны адказ».

Сьпявачка ж настойвае на тым, што далей яна сказала: «Але як жанчына, артыстка і хрысьціянка я прашу аб прабачэньні для гэтых трох маладых дзяўчат». Гэтыя яе словы з эфіру зьніклі, а цэнзураванае інтэрвію, якое дайшло да Францыі, выклікала насьмешкі францускай прэсы, якая абвінаваціла Мацьё ў тым, што за канцэрты на Краснай плошчы яна пасьпела моцна паладзіць з расейскімі ўладамі.

Учора, пасьля тлумачэньняў і камюніке Мірэй Мацьё, журналісты AFP зьвязаліся з журналістамі «ТБ Цэнтра». Паводле іх, гутарыў зь імі Ўладзіслаў Шэкаян, ён запэўніў іх, што інтэрвію ня ўтрымлівала слоў аб прабачэньні.

Сёньня ў гутарцы з журналістамі Le Figaro той жа прадстаўнік канала прызнаў, што фраза была вымаўленая, але вычышчана з запісу «маладой журналісткай», якая будзе за гэта адхіленая ад эфіру. Запіс быў знойдзены, ідэнтыфікаваны і неўзабаве выйдзе ў поўным выглядзе.

Аднак на сайце «ТБ Цэнтра» словы пра «прабачэньне» так і не зьявіліся, – заўважае «Коммерсантъ».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG