Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяброў БАЖ ня хочуць бачыць у Назіральнай радзе па СМІ


Андрэй Бастунец і Жанна Літвіна

Андрэй Бастунец і Жанна Літвіна

Сябры Назіральнай рады ад Мінінфармацыі, афіцыйнага Саюзу журналістаў і дзяржаўных СМІ палічылі, што прысутнасьць прадстаўнікоў Беларускай асацыяцыі журналістаў у Радзе немэтазгодная.

Старшыню БАЖ Жанну Літвіну і яе намесьніка Андрэя Бастунца не ўключылі ў склад Назіральнай рады па кантролі за захаваньнем парадку і правілаў правядзеньня перадвыбарчай агітацыі ў СМІ.

Першы намесьнік галоўнага рэдактара «СБ — Беларусь сегодня» Міхаіл Лябедзік заявіў «Эўрарадыё», што прысутнасьць Літвіной і Бастунца ў Радзе палічылі «немэтазгоднай»:

«Так, гэтае пытаньне разглядалася. Рашэньне такое, што — не. Немэтазгодна!»

Праўда, Лябедзік удакладніў, што сябры Назіральнай рады канчатковага рашэньня не прымаюць — яны толькі даюць рэкамэндацыі. І ў гэтым выпадку Цэнтравыбаркам спытаўся думкі сябраў наконт асобаў, якіх было прапанавана ўвесьці ў склад рады. А тыя ўжо выказалі сваё стаўленьне.

5 верасьня сябра ЦВК з дарадчым голасам Ігар Лялькоў прапанаваў уключыць у склад Назіральнай рады старшыню ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Жанну Літвіну і яе намесьніка Андрэя Бастунца, а таксама намесьніка галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Зьмітра Панкаўца.

У складзе Назіральнай рады — 7 чалавек: прадстаўнікі Мінінфармацыі і грамадзкага аб’яднаньня «Беларускі саюз журналістаў», а таксама друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, заснаваных дзяржавай, і Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, нагадвае прэсавая служба БАЖ.
XS
SM
MD
LG