Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіргізcтане патрабуюць эвакуяваць амбасаду Беларусі


Кіргіскае грамадзкае аб’яднаньне «Мекен шейиттери» накіравала прэзыдэнту, прэм’ер-міністру і сьпікеру парлямэнту Кіргізстану зварот, у якім патрабуе эвакуяваць зь Бішкеку амбасаду Беларусі.

«На апошняй сустрэчы прадстаўнікі амбасады абяцалі нам, што кожныя тры дні будуць распавядаць пра ход справы экстрадыцыі Бакіева і яго набліжаных», — адзначыў старшыня аб’яднаньня Арстанбек Сагындыкаў.

«Паводле апошніх дадзеных, Беларусь канчаткова адмовіла Кіргізстану ў гэтым пытаньні. Таму мы вырашылі афіцыйна зьвярнуцца да ўладаў», — сказаў ён.

Сагындыкаў дадаў, што ў панядзелак, 10 верасьня, грамадзкія аб’яднаньні «Мекен шейиттери», «Айкол Ала-Тоо» і «Апрель байрагы» плянуюць зладзіць чарговы мітынг каля будынка амбасады Беларусі ў Кіргізстане.

Пра гэта піша БелаПАН са спасылкай на інфармацыйнае агенцтва «24.kg».

17 жніўня ў цэнтры Менску ў кавярні «Грунвальд» актывіст беларускага апазыцыйнага руху «Гавары праўду» Міхась Пашкевіч сфатаграфаваў малодшага брата экс-прэзыдэнта Кіргізстану Джаныша Бакіева, які выходзіў з кавярні ў суправаджэньні двух чалавек.

Паводле МУС Кіргізстану, на менскіх здымках былі зафіксаваныя: Джаныш Бакіеў; Тахір Рысаліеў — былы намесьнік Службы дзяржаўнай аховы; Рустам Сайдуеў — блізкі сябар Максіма Бакіева, брата Курманбека Бакіева.

Кіргіскія ўлады сьцьвярджаюць, што гэтыя тры асобы праходзяць як падазраваныя ў справе аб патройным забойстве, якое было ўчынена ў Кіргізстане ў 2009 годзе. Яго ахвярамі сталі былы кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Кіргізстану Мэдэт Садыркулаў, кіроўца Кубат Сулайманаў і дырэктар Міжнароднага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Сяргей Сьлепчанка.

7 красавіка 2010 году быў скінуты рэжым другога прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева, які, у сваю чаргу, прыйшоў да ўлады пасьля выгнаньня 24 сакавіка 2005 году свайго папярэдніка Аскара Акаева.

Палітычны прытулак у Беларусі сям’я Курманбека Бакіева атрымала дзякуючы асабістаму распараджэньню Аляксандра Лукашэнкі.
XS
SM
MD
LG