Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўская-Прамысловая выбарчая акруга: пікетаваць няма дзе


Аксана Закрэўская
Аксана Закрэўская
Для кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Магілёўскай-Прамысловай выбарчай акрузе № 87 вызначаныя адміністрацыяй Кастрычніцкага раёну месцы агітацыйных пікетаў знаходзяцца ўдалечыні ад людных вуліц. Як сьцьвярджаюць кандыдаты, агітаваць там бессэнсоўна, бо няма каго.

Зварот актывісткі грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Аксаны Закрэўскай, якая балятуецца на дэпутацтва па гэтай акрузе, у выбарчую камісію з просьбай павялічыць колькасьць месцаў для пікетаваньня застаўся не задаволены.

Закрэўская: «Мне паведамілі, што акруговая камісія ня мае права вызначаць месцы для правядзеньня пікетаў. Гэта кампэтэнцыя адміністрацыі раёну. Адміністрацыя ж пастанавіла, што агітацыйныя пікеты зьяўляюцца масавымі мерапрыемствамі, і для бясьпекі іх удзельнікаў вызначыла тыя месцы, якія адпавядаюць іхнім крытэрам бясьпекі. У выніку ёсьць адно месца, дзе я магу выставіць пікет, але яно знаходзіцца на пэрыфэрыі акругі, дзе людзей амаль няма. У наступную сераду, 13 верасьня, адбудзецца паседжаньне ў райвыканкаме, на якім будуць вырашаць, ці павялічыць колькасьць месцаў для агітацыйных пікетаў кандыдатаў. Пакуль жа я не магу правесьці сваёй агітацыі. Калі я наважуся, то ў справу ўмяшаецца міліцыя. Мой пікет будзе несанкцыянаваным мерапрыемствам».

Па Магілёўскай-Прамысловай акрузе балятуюцца, акрамя Аксаны Закрэўскай, яшчэ пяцёра кандыдатаў. Трое зь іх — апазыцыйныя вылучэнцы. Праўладным кандыдатам лічыцца старшыня прафсаюзнага камітэту найвялікшага ў Магілёве прадпрыемства — акцыянэрнага таварыства «Хімвалакно» Ігар Станкевіч.

На Магілёўшчыне з 22 жніўня, дня рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, не адбылося ніводнага агітацыйнага пікету.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG