Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня амэрыканцы выбіраюць паміж двума кандыдатамі ў прэзыдэнты, якія прапануюць даволі розныя праграмы для вырашэньня праблемаў краіны — прынамсі, унутраных праблемаў.

У замежных справах і пытаньнях нацыянальнай бясьпекі рознагалосьсе паміж прэзыдэнтам Баракам Абамам, кандыдатам ад Дэмакратычнай партыі, і яго рэспубліканскім супернікам Мітам Ромні, наогул менш яснае. Гэдэр Мар, вашынгтонская карэспандэнтка нашага радыё, супастаўляе погляды Абама і Ромні на вырашэньне некаторых пытаньняў унутранай і замежнай палітыкі ЗША.

Аднаўленьне эканомікі


Барак Абама кажа, што ён скароціць падаткі для амэрыканцаў зь сярэднімі прыбыткамі і павысіць іх для самых багатых. Ён хоча, каб людзі, якія зарабляюць больш за 250 тысяч даляраў на год, плацілі падатак 30%, а мільянэры і мільярдэры — 40%.

Міт Ромні, наадварот, лічыць, што эканоміку запусьціць у рух зьніжэньне падаткаў для ўсіх амэрыканцаў, у тым ліку і для вельмі багатых. У Ромні стаўка падатку для багатых амэрыканцаў мела б панізіцца з 35% да 28%. Ромні кажа, што ён кампэнсуе падзеньне бюджэтных даходаў скарачэньнем выдаткаў і памераў ўраду.

Стварэньне працоўных месцаў


Узровень беспрацоўя ў ЗША вышэйшы за 8%. Абодва кандыдаты кажуць, што ведаюць, як яго панізіць. Абама мае намер выдаткоўваць бюджэтныя грошы на стымуляваньне такіх праектаў як пабудова дарог і мастоў ды на стварэньне новых месцаў працы для настаўнікаў і паліцыянтаў. Ён таксама прапануе падатковыя стымулы для кампаніяў-вытворцаў ды палёгкі для тых, хто пачынае свой бізнэс.

Ромні хоча зрабіць рухавіком стварэньня працоўных месцаў прыватны сэктар, а не дзяржаўны. Ён прапануе скасаваць некаторыя правілы бясьпекі працы, якія, паводле яго, замінаюць разьвіцьцю прапдрымальніцтва. Ромні таксама прапануе ўвесьці абмежаваньні на дзейнасьць прафсаюзаў, якія, паводле ягоных словаў, «павышаюць кошты вытворчасьці, наносяць шкоду канкурэнтаздольнасьці і тармозяць інавацыі».

Энэрганосьбіты


Абодва кандыдаты прапануюць паменшыць залежнасьць ЗША ад замежнай нафты. Але па-рознаму.

Абама кажа, што ён будзе інвэставаць у «любую крыніцу энэргіі амэрыканскай вытворчасьці». Гэта азначае як разьвіцьцё ветравой і сонечнай энэргіі, так і працяг здабываньня нафты і газу ў ЗША. Абама таксама настойвае на больш высокай паліўнай эфэктыўнасьці аўтамабіляў і хоча пашыраць выкарыстаньне ядзернай энэргіі ў ЗША.

Ромні зьяўляецца актыўным прыхільнікам здабываньня вугалю, нафты і газу ў ЗША. Ён плянуе пашырыць здабываньне газу ў месцах, якія выклікаюць засьцярогі арганізацый аховы натуральнага асяродзьдзя.


Геі і аборты


Абама абараняе законнае права жанчын на аборт. Ён таксама зьяўляецца першым прэзыдэнтам ЗША, які выказаў сваю падтрымку аднаполых шлюбаў, хоць і дадаў, што хоча, каб штаты вырашалі індывідуальна, ці трэба легалізаваць такія шлюбы. Ромні выступае супраць легальных абортаў, за выняткам выпадкаў згвалтаваньня і кровазьмяшэньня. Ён хоча ўвесьці ў Канстытуцыю ЗША папраўку аб забароне аднаполых шлюбаў.


Аўганістан


Абама плянуе вывесьці з Аўганістану да канца 2014 году 80 тысяч амэрыканскіх вайскоўцаў, якія там застаюцца. Ён падпісаў пагадненьне аб стратэгічным партнэрстве з Кабулам пасьля 2014 году.

Ромні раскрытыкаваў Абаму за абвяшчэньне вываду войскаў з Аўганістану так пасьпешліва, але не зрабіў ніякай сваёй прапановы ў гэтай справе.


Іран


Абодва кандыдаты кажуць, што нельга дапусьціць, каб Іран стварыў сваю ядзерную зброю, і абодва лічаць, што Ізраіль мае права на самаабарону. Як і Абама, Ромні кажа, што ён спачатку выкарыстае санкцыі супраць Ірану, а калі яны ня спыняць распрацоўкі ядзернай зброі, ён не выключае магчымасьці ваенных дзеяньняў супраць Ірану. Некаторыя аналітыкі кажуць аднак, што падыход Ромні да Ірану значна больш жорсткі, чым у Абамы.


Расея і супрацьракетная абарона


Расея — адно з двух пытаньняў зьнешняй палітыкі (другім зьяўляецца Кітай), дзе адрозьненьні паміж Ромні і Абамам больш ясныя.

Ромні кажа, што ён будзе супрацьстаяць Кітаю і яго «маніпуляцыі» з валютай зь першага дня свайго прэзыдэнцтва. І Ромні запомніўся выказваньнем, што Расея — «геапалітычны вораг нумар адзін» для ЗША.

Ромні таксама сказаў, што ён «перазагрузіць» Абамаву «перазагрузку» ў адносінах з Расеяй.

Ромні бачыць Расею як канкурэнта — ён, напрыклад, выступае супраць яе ўваходу ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю — і як патэнцыйную пагрозу бясьпецы.

Ромні заявіў, што ён ўзмоцніць вайсковыя, гандлёвыя і эканамічныя сувязі зь Сярэдняй Азіяй, каб стрымаць уплыў Масквы. У кастрычніку летась ён таксама заявіў, што ў выпадку абраньня прэзыдэнтам, ён пачне адыход ад палітыкі скарачэньняў супрацьракетнай абароны ЗША, якую праводзіў Абама, ды дасьць першынство поўнаму разгортваньню нацыянальнай сыстэмы супрацьракетнай абароны.
XS
SM
MD
LG