Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Бел-чырвона-белыя сьцягі на полі Аршанскай бітвы


Напярэдадні ўгодкаў гістарычнай бітвы пад Воршай, якая адбылася 8 верасьня 1514 году, аршанскія актывісты адведалі мясьціны, дзе войска ВКЛ перамагло ўтрая большае маскоўскае войска.

А 10 раніцы 7 верасьня ў аршанскай царкве сьвятога Леаніда адбыўся малебен у памяць палеглых.

«Мы запалілі сьвечкі і разам маліліся за супакой душаў загінулых ваяроў. Зранку малебен, які замовілі прыхільнікі БХД, прайшоў у царкве, а ўвечары памінальная служба пройдзе ў аршанскім касьцёле сьвятога Язэпа», — апавёў аршанскі актывіст Яўген Анішчанка.

Пасьля малебну актывісты скіраваліся на поле Аршанскай бітвы. Гэта тэрыторыя ўздоўж рэчкі Крапівенкі каля вёскі Гацькаўшчына Аршанскага раёну.

Каля каменя-помніка, што стаіць на самым узьбярэжжы, яны разгарнулі бел-чырвона-белыя сьцягі, усклалі кветкі і вянок з надпісам «Ваярам, загінулым за Бацькаўшчыну», запалілі сьвечкі, ушанаваўшы памяць палеглых хвілінай маўчаньня.

Потым з разгорнутымі сьцягамі падняліся на пагорак, дзе ў памяць пра герояў Аршанскай бітвы ўсталяваны вялікі драўляны крыж, прымацавалі да яго бел-чырвона-белую стужку.

Мясцовы жыхар-вясковец апавёў, што да яго напярэдадні заходзіў участковы міліцыянт — прасіў паведаміць, калі на полі будуць зьяўляцца чужыя людзі. Само поле Аршанскай бітвы ўчора ўзаралі. Так робяць ужо другі год запар, каб да мэмарыяльнага крыжа і помніка нельга было пад’ехаць на машынах.

З 1992 году сюды зьяжджалася шмат людзей, бо на гэтым полі ладзіўся бардаўскі фэст «Аршанская бітва». Але ў апошнія гады міліцыя зрывала мерапрыемства — удзельнікаў затрымлівалі, і на поле празь міліцэйскія кардоны трапіць было немагчыма. Таму фармат фэсту быў зьменены: у выходныя на пачатку верасьня людзі пачалі зьбірацца ўжо не вялікай грамадой вакол агульнага вогнішча, а сяброўскімі кампаніямі ў бліжэйшых ваколіцах.

Але само месца гістарычных падзеяў не забытае: яго даглядаюць мясцовыя актывісты. Сёлета да ўгодкаў Аршанскае бітвы яны ўсталявалі новы крыж на пагорку каля дарогі Ворша — Дуброўна, на пад’езьдзе да вёскі Гацькаўшчына.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG