Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце не бярэцца вырашаць, ці павінна Літва дапамагчы Беларусі расьсьледаваць «інцыдэнт зь мядзьведзікамі». Паводле яе словаў, рашэньне прыме пракуратура, аднак Літва – прававая дзяржава і павінна выконваць усе міжнародныя абавязацельствы і дамоўленасьці, паведамляе DELFI.

«Літва – дэмакратычная прававая дзяржава. Усе міжнародныя абавязацельствы ў той ці іншай форме павінны выконвацца. У якой форме, у якім аб'ёме і як яны павінны выконвацца, за гэта адказвае праваахоўная сыстэма – канкрэтна пракуратура, якая праводзіць расьсьледаваньне», – сказала Грыбаўскайце журналістам.

Аднаматорны самалёт са швэдзкім экіпажам з плюшавымі мядзьведзікамі на борце перасёк паветраную мяжу Беларусі раніцай 4 ліпеня. Прыкладна паўтары гадзіны ён правёў у паветранай прасторы краіны. За гэты час ён скінуў над Івянцом і ўскраінай Менску больш за 800 цацак з надпісамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.

З самага пачатку вайскоўцы і памежнікі катэгарычна абвяргалі факт незаконнага перасячэньня мяжы.

Гісторыя з «плюшавым дэсантам» атрымала шырокі грамадзкі рэзананс і дала падставу сумнявацца ў боегатоўнасьці ня толькі беларускіх, але і саюзных сродкаў СПА. Была створаная камісія прэзыдэнта, якая занялася праверкай усіх злучэньняў і воінскіх часьцей Ваенна-паветраных сіл і Войскаў паветранай абароны Беларусі.

31 ліпеня Аляксандар Лукашэнка вызваліў ад пасадаў старшыню Дзяржаўнага памежнага камітэту Ігара Рачкоўскага і камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і Войскамі паветранай абароны Ўзброеных сіл генэрал-маёра Дзьмітрыя Пахмелкіна. Падставай для звальненьня стала «неналежнае выкананьне службовых абавязкаў па забесьпячэньні нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь», паведаміла прэс-служба прэзыдэнта.

Аб няпоўнай службовай адпаведнасьці папярэджаны міністар абароны Юры Жадобін і начальнік Генштабу Ўзброеных сілаў – першы намесьнік міністра абароны генэрал-маёр Пётр Ціханоўскі. Абвешчана вымова дзяржсакратару Савету бясьпекі Леаніду Мальцаву і старшыні КДБ Вадзіму Зайцаву.

8 жніўня беларускія ўлады зьвярнуліся да Літвы і Швэцыі, каб тыя аказалі прававую дапамогу ў расьсьледаваньні справы аб парушэньні беларускай мяжы швэдзкім самалётам.

9 жніўня Лукашэнка ў часе наведваньня будаўнічай пляцоўкі АЭС у Астравецкім раёне заклікаў Літву не сядзець «як мышы пад венікам». «Яны нам павінны адказаць, чаму далі сваю тэрыторыю для парушэньня дзяржаўнай мяжы. Каму-каму, а Літве ў гэтым пляне мала не падасца», – заявіў Лукашэнка.

16 жніўня Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы пачала расьсьледаваньне.

21 жніўня камітэт па нацыянальнай бясьпецы і абароне сэйма Літвы абмяркоўваў сытуацыю з «плюшавай бамбардзіроўкай» Беларусі на пазачарговым пасяджэньні. Па выніках пасяджэньня кіраўнік камітэту па нацыянальнай бясьпецы і абароне сэйма Літвы Арвідас Анушаўскас заявіў, што вынікі расьсьледаваньня, пачатага ў сувязі з парушэньнем мяжы швэдзкім самалётам, будуць прадстаўленыя да канца верасьня.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG