Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: абласны суд не задаволіў скаргу назіральніка


Уладзімер Вялічкін

Уладзімер Вялічкін

Берасьцейскі абласны суд адмовіў у разглядзе скаргі назіральніка акруговай камісіі Брэсцкай-Цэнтральнай выбарчай акругі № 2 Уладзімера Вялічкіна. Назіральнік скардзіўся, што яго не знаёмяць з дакумэнтамі камісіі.

Суд прыняў рашэньне, што гэтая справа не падпадае пад яго юрысдыкцыю. Спадару Вялічкіну параілі зьвярнуцца ў Цэнтравыбаркам. Назіральнік з такой пазыцыяй не пагадзіўся. Ён кажа, што ўжо зьвяртаўся ў ЦВК і скарга не была задаволеная.

Уладзімер Вялічкін кажа, што ўтойваньне пратаколаў паседжаньня камісіі, непразрыстасьць працэдуры праверкі падпісных аркушаў за кандыдатаў сьведчыць пра недэмакратычнасьць выбараў:

«Канстытуцыя і выбарчае заканадаўства канстатуюць, што выбары павінны праводзіцца адкрыта і галосна. Але што ж гэта за адкрытасьць, калі я заходжу — і мне даюць зразумець, што я памыліўся дзьвярыма... Мне ўвесь час адказваюць, але ніякіх дакумэнтаў не паказваюць. Але давяраць непацьверджаным дакумэнтальна словам я не магу. Бо я выпадкова быў пабачыў некалькі падпісных аркушаў, у адным зь якіх прозьвішча сябра ініцыятыўнай групы было напісана адной рукой, а астатняе запаўнялася іншай рукой... Суд адхрысьціўся ад разгляду гэтай справы па сутнасьці. А Лідзія Ярмошына папракае, што гэта я ня ведаю выбарчага заканадаўства. Але схаванасьць выбараў ад назіральнікаў сьведчыць пра іх недэмакратычнасьць».

Уладзімер Вялічкін апавёў, што будзе дабівацца разгляду сваёй скаргі на непразрыстасьць выбарчага працэсу ў Вярхоўным судзе. У выпадку нездавальняючага выніку назіральнік мае намер давесьці справу і да міжнародных інстанцыяў.
XS
SM
MD
LG