Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Маці Салея: Ня дай Бог хаваць сваіх дзяцей


Руслан Салей разам з маці Тамарай Гаўрылаўнай, архіўнае фота

Руслан Салей разам з маці Тамарай Гаўрылаўнай, архіўнае фота

Сёньня спаўняецца год з дня гібелі гульцоў і трэнераў хакейнай каманды «Лякаматыў» (Яраслаўль). Яраслаўская каманда накіроўвалася ў Менск на першы матч сэзону з «Дынама». Сярод загінулых тры беларусы — хакеісты Руслан Салей і Сяргей Астапчук, а таксама трэнэр па фізпадрыхтоўцы Мікалай Крываносаў.

Сёньня ў Яраслаўлі пачынаюцца жалобныя імпрэзы ў памяць ахвяраў катастрофы. Туды выехалі родныя і блізкія беларускіх спартоўцаў. Будзе літургія, паніхіда па загінулых, «марш цішыні» да лядовага палаца, адкрыцьцё двух мэмарыялаў і хакейны матч з удзелам зорак хакею.

Маці найлепшага беларускага хакеіста Руслана Салея Тамара Гаўрылаўна кажа, што дагэтуль ня можа паверыць у сьмерць сына:

«І вось здарылася такое няшчасьце... Вядома, ня дай Бог нікому хаваць сваіх дзяцей. Перажыць гэта вельмі складана. Да гэтага часу, хоць ужо год прайшоў, нельга ўспрымаць гэта як адсутнасьць Руслана. Мой сын для мяне будзе заўсёды жывы. Я зь ім пастаянна. Я ўстаю зь ім, зь ім я цэлы дзень і з думкамі пра яго я кладуся спаць. Усё ягонае жыцьцё перада мной пракручваецца мільёны разоў. Мне ў гэтым сэнсе вельмі спадабаліся словы былога трэнэра зборнай Беларусі Глена Хэнлана, які сказаў: Руслан для Беларусі быў ня проста хакеіст. На сваім прыкладзе ён паказаў, што любы чалавек, любы хлопчык нашай невялікай краіны можа дасягнуць вялікіх посьпехаў у жыцьці, калі сам гэтага моцна захоча».

8 верасьня на менскіх Усходніх могілках будзе адкрыты помнік на магіле Руслана Салея. Выдаткі на яго ўсталяваньне ўзяла на сябе сталічная хакейная каманда «Юнацтва», у якой рабіў першыя крокі да будучай зорнай кар’еры малады Салей.

А 6 верасьня адбылася прэзэнтацыя кнігі вядомага спартовага журналіста Сяргея Аляхновіча «Руслан Салей. Simply the Best». Пра выбітнага спартоўца ў кнізе ўспамінаюць ягоныя сябры па Нацыянальнай хакейнай лізе і беларускай зборнай, сваякі і сябры. Так здарылася, што аўтар і сам не дажыў да прэзэнтацыі — ён раптоўна памёр 27 ліпеня.

Згодна з высновамі Міждзяржаўнага авіяцыйнага камітэту, непасрэднай прычынай катастрофы сталі памылковыя дзеяньні або камандзіра экіпажу Андрэя Саломенцава, або другога пілёта Ігара Жэвелава. Адзін зь іх націскаў на пэдаль тормазу падчас разьбегу самалёта. Гэта адбылося з-за таго, што раней лётчыкі ляталі на «Як-40», дзе пэдалі разьмяшчаюцца інакш. На пачатку верасьня Сьледчы камітэт Расеі заявіў пра магчымасьць завядзеньня крымінальнай справы на намесьніка генэральнага дырэктара авіякампаніі «Як-Сэрвіс» Вадзіма Цімафеева, які дапусьціў экіпаж да палётаў. Ёсьць падазрэньні, што допуск камандзіра быў аформлены на падставе сфальсыфікаваных дакумэнтаў, а другі пілёт ня скончыў перанавучаньне на самалёт «Як-42».

XS
SM
MD
LG