Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША скрытыкавалі Беларусь у АБСЭ


Амбасадар ЗША ў АБСЭ Іэн Кэлі

Амбасадар ЗША ў АБСЭ Іэн Кэлі

Амбасадар ЗША ў АБСЭ Іэн Кэлі выступіў на пасяджэньні сталай рады АБСЭ ў Вене з жорсткай крытыкай адносна апошніх падзей у Беларусі

Злучаныя Штаты глыбока занепакоеныя цяглым пагаршэньнем у пытаньні павагі да правоў чалавека і асноўных свабод у Беларусі, асабліва ў сьвятле надыходзячых выбараў. У прыватнасьці, мы падзяляем занепакоенасьць прадстаўніцы АБСЭ ў пытаньні свабоды СМІ Дуні Міятавіч адносна затрыманьняў і арыштаў адміністратараў групаў сацыяльных інтэрнэт-сетак Беларусі.

Затрыманьне Паўла Яўціхеева, Андрэя Ткачова, Рамана Пратасевіча і Алега Шрамука – адміністратараў груп сацыяльнай сеткі VKontakte.ru – рэпрэзэнтуе далейшы перасьлед свабоды выказваньня ў Беларусі. Гэтыя крокі, а таксама іншыя, што беларускія ўлады ўчынілі на працягу апошніх некалькіх месяцаў супраць незалежных журналістаў і блогераў супярэчаць абавязацельствам гэтай краіны ў галіне свабоды СМІ – як асноўнай умовы для плюралістычнага і дэмакратычнага грамадзтва.

Злучаныя Штаты пераканаўча заклікаюць Беларусь вызваліць спадара Яўціхеева і спадара Ткачова, зьняць усе абвінавачаньні ў дачыненьні да затрыманых па названай справе і супрацоўнічаць з офісам прадстаўніцы АБСЭ ў пытаньні свабоды СМІ – ў накірунку да паляпшэньня паказьнікаў краіны ў справе незалежнасьці СМІ і празрыстасьці.

Злучаныя Штаты таксама выказваюць расчараваньне дыскваліфікацыяй 68 кандыдатаў у дэпутаты, уключна з былым кандыдатам на прэзыдэнта Аляксандрам Мілінкевічам і іншымі, хто ня быў дапушчаны да выбараў, прызначаных на 23 верасьня.

Гэтыя дыскваліфікацыі – чарговая праява спробаў беларускіх уладаў здушыць іншадумства і абмежаваць апазыцыю. Больш за тое, мы асабліва заклапочаныя адмовай уладаў дапусьціць прадстаўнікоў апазыцыі ва ўчастковыя выбарчыя камісіі, якія праводзяць першасны падлік галасоў. Цэнтравыбаркам ухваліў толькі 61 кандыдатуру ў камісіі – з 862 прапанаваных апазыцыяй. Такім чынам, сярод усіх членаў камісій, якія налічваюць 68 945 чалавек у 6 301 камісіі – доля апазыцыі складае меней за 0.1%. Такія антыдэмакратычныя захады вылучаюць магчымасьць празрыстага выбарчага працэсу.

Нарэшце, ЗША выказваюць шкадаваньне ў сувязі з рашэньнем беларускага ўраду выдварыць амбасадара Швэцыі і змусіць Швэцыю адклікаць увесь свой дыпляматычны пэрсанал у Менску. Мы салідарныя з нашымі эўрапейскімі партнэрамі і спадзяемся, што Беларусь у хуткім часе прапануе Швэцыі наноў адкрыць у Менску сваё дыпляматычнае прадстаўніцтва.

ЗША адзначаюць, што такія крокі беларускага ўраду без патрэбы замацоўваюць самаізаляцыю краіны.
XS
SM
MD
LG