Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампанія па абраньні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пятага скліканьня пакрыху набліжаецца да свайго завяршэньня. Ужо празь дзясятак дзён пачнецца датэрміновае галасаваньне. Здаецца, цяпер самы час, каб кампанія набірала абароты. Аднак пакуль экспэрты ацэньваюць яе як млявую і малацікавую.

І візуальныя назіраньні, і дадзеныя сацыёлягаў сьведчаць, што вялікай цікаўнасьці да гэтай выбарчай кампаніі няма. Палітоляг Віктар Чарноў лічыць: інтарэс да парлямэнцкіх выбараў пачаў падаць яшчэ ад 2004 году. Ён тлумачыць гэта некалькімі прычынамі:

«Па-першае, ёсьць агульная асноўная прычына. У Беларусі парлямэнт ня лічыцца грамадзкай думкай, звычайнымі грамадзянамі аўтарытэтным заканадаўчым органам. У нас уся ўлада замыкаецца на прэзыдэнце. Ён, прэзыдэнцкая адміністрацыя прымаюць усе рашэньні. Парлямэнт на гэтым тле моцна прайграе. І таму гэта ўжо апрыёры зьніжае інтарэс да парлямэнцкіх кампаніяў».

Другая прычына, на думку Віктара Чарнова, прапановы аб байкоце выбараў:

«Значная частка палітычных сілаў аб’явіла пра байкот гэтых выбараў альбо пра ўдзел у выбарах з агітацыяй за байкот. І гэта таксама, безумоўна, значна зьнізіла цікавасьць да кампаніі. Бо калі твае кандыдаты ў кампаніі ня ўдзельнічаюць, калі твае патэнцыйныя абраньнікі яе ігнаруюць, то тады, натуральна, і ў выбарцаў цікавасьць да выбараў губляецца».

Яшчэ адна прычына — незацікаўленасьць уладаў, адзначае Віктар Чарноў:

«Сама ўлада не зацікаўленая ў тым, каб выбары прайшлі гучна. Для яе выбары гэта толькі рытуал самапрызначэньня на наступную парлямэнцкую кадэнцыю. І навошта да гэтага прыцягваць увагу, навошта мабілізаваць выбарцаў? Каб атрымаць ад іх непрыемныя пытаньні? Сьледзтвам усіх гэтых фактараў і стала зьніжэньне цікавасьці да выбарчай кампаніі».

Яшчэ болей зьнізяць цікавасьць да выбараў рашэньні Вярхоўнага суду не прызнаць кандыдатамі ў дэпутаты Аляксандра Мілінкевіча, Міхася Пашкевіча, Артура Фінькевіча ды іншых вядомых у краіне людзей, мяркуе кіраўнік ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча Юрась Меляшкевіч:

"Я думаю, прадстаўнікі ўлады пайшлі на гэта, калі пабачылі, што мы сабралі вельмі добрую колькасьць подпісаў. Падазраю, што іх запалохала дынаміка гэтага збору. Плюс захацелася вельмі спакойную сытуацыю з уваходам у парлямэнт ужо запраграмаванага будучага дэпутата.
XS
SM
MD
LG