Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель. 100 тысяч рублёў штрафу за «Новы час»


Аляксандар Працко

Аляксандар Працко

6 жніўня адміністрацыйная камісія адміністрацыі Савецкага раёну Гомеля, якую ачольвае Сяргей Кадола, аштрафавала грамадзкага актывіста, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандра Працко на 100 тысяч рублёў — за продаж незалежнай газэты «Новы час» у «неўстаноўленым месцы».

Працко: «На паседжаньні камісіі ў мяне, па сутнасьці, ніхто нічога не пытаўся. У іх быў пратакол з Чыгуначнага райаддзелу міліцыі пра тое, што 20 жніўня я прадаваў „Новы час“ на Прывакзальнай плошчы. Газэту фактычна выкінулі на вуліцу зь дзяржаўнай сыстэмы распаўсюду, таму мы стаім на вуліцы ў розных месцах і прадаем з рук. Я расказаў камісіі, што да затрыманьня і складаньня пратаколу маю дамову з рэдакцыяй на продаж газэты чатыры разы правяралі міліцыянты й спэцназаўцы — назваў нават іхнія прозьвішчы. Ніякіх заўваг ніхто не рабіў. І калі да выбараў застаўся месяц, тут мяне затрымалі і пратакол склалі».

У жніўні на Прывакзальнай плошчы Працко са 120 асобнікамі «Новага часу» затрымаў старшы лейтэнант міліцыі Дзяніс Новікаў. Да затрыманьня Працко пасьпеў прадаць толькі 5 газэт. Актывіста адвезьлі ў Чыгуначны РАУС, а пасьля ў апорны пункт міліцыі на вуліцу Чырвонаармейскую. Там капітан міліцыі Сяргей Паўлюшчанка склаў у дачыненьні да Працко адміністрацыйны пратакол паводле артыкула 12.17 — парушэньне правілаў гандлю, а менавіта — гандаль у неналежным месцы. Пратакол міліцыя даслала ў адміністрацыйную камісію Савецкага раёну — па месцы жыхарства Аляксандра.

Шэф-рэдактар «Новага часу» Аляксей Кароль пацьвердзіў існаваньне афіцыйнай дамовы з Аляксандрам Працко на продаж газэты. Рэдакцыя наважана абскардзіць пакараньне, бо зьмененае заканадаўства не прадугледжвае атрыманьня дазволу ад раённых адміністрацыяў на месца продажу газэт і часопісаў.
XS
SM
MD
LG