Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Увечары 6 верасьня Вярхоўны суд Беларусі завяршыў разгляд скаргаў незарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пятага скліканьня. Суд адмовіў моладзеваму актывісту Артуру Фінькевічу і актывісту кампаніі «Гавары праўду» Міхасю Пашкевічу.

Такім чынам, з 19 зваротаў задаволены толькі адзін — былога кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Цярэшчанкі. Чатыры гады таму, на папярэдніх выбарах, скаргаў таксама было 19, але тады задаволілі дзьве.

Міхась Пашкевіч

Міхась Пашкевіч

Міхась Пашкевіч на сёньняшнім пасяджэньні асабіста не прысутнічаў. У тэлефоннай размове ён сказаў «Свабодзе», што ў гэтым ня трэба шукаць ніякага палітычнага падтэксту. Маўляў, давялося зьехаць зь Менску ў панядзелак па сямейных справах, і вярнуцца на суд ён не пасьпявае. А асабістая прысутнасьць альбо адсутнасьць на рашэньне ўсё роўна не паўплывала б — упэўнены ён:

«Мы ішлі на гэтыя выбары не як на сапраўдныя выбары, не для таго, каб стаць дэпутатамі. Мы ж цудоўна разумеем, дзе жывем. І таму мы ішлі на выбары, каб па максымуме скарыстаць мажлівасьці, якія дае выбарчая кампанія.

І, шчыра, я абсалютна не засмучаны такім рашэньнем. Маё сумленьне перад самім сабой чыстае. Я ведаю, што мы сабралі паўтары тысячы сапраўдных подпісаў, што мы сабралі іх аднымі зь першых. І я цудоўна ведаю, як пільна мы іх правяралі. Мне важна было падчас кампаніі давесьці самому сабе — ці здатны я выканаць мінімальныя патрабаваньні да кандыдата? Мае сумленьне чыстае. Я лічу, што выканаў гэтую працу добра».

За некалькімі працэсамі ў Вярхоўным судзе назіраў юрыст Павал Сапелка. Ён падзяліўся са «Свабодай» сваімі меркаваньнямі:

Павал Сапелка

Павал Сапелка

«У прынцыпе разгляд спраў у Вярхоўным судзе быў па форме і зьмесьце вельмі падобны да выбарчай кампаніі. То бок бачнасьць законнасьці, бачнасьць захаваньня судовых працэдур існуе, быццам бы гэтыя працэдуры нейкім чынам захоўваюцца. Аднак на выхадзе ўсё роўна атрымліваецца тое рашэньне, якое ў вялікай ступені адлюстроўвае агульны стан выбарчай сыстэмы. І агульны стан захаваньня правоў удзельнікаў выбарчага працэсу».

Сваю думку спадар Сапелка падмацоўвае канкрэтным прыкладам з разгляду скаргі незарэгістраванага кандыдата ў дэпутаты Сяргея Парсюкевіча:

«Суд вельмі яскрава паказаў, што Выбарчы кодэкс у нас то працуе, то не працуе, што для адных кандыдатаў ён працуе так, а для іншых — інакш. Так, на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах подпісы за аднаго вельмі вядомага кандыдата зьбіралі не сябры яго ініцыятыўнай групы. І калі іх на гэтым злавілі, то нарадзілася пастанова ЦВК, паводле якой зьбіраць подпісы дазваляецца не сябрам ініцыятыўнай групы. А сябры могуць пасьля ставіць сваю візу на такіх аркушах. Гэта прыклад таго, як ЦВК, па сутнасьці, парушыла нормы кодэксу, каб дагадзіць аднаму кандыдату.

Гэтыя правілы павінны былі распаўсюдзіцца і на ўсіх іншых удзельнікаў выбарчага працэсу. Аднак у Вярхоўным судзе разглядаецца скарга спадара Парсюкевіча і заяўляецца, што парушэньнем ёсьць збор подпісаў не чальцом ініцыятыўнай групы. Таму адразу хацелася задаць пытаньне: чаму для адных кандыдатаў адны патрабаваньні, а для іншых — іншыя? Правілы гульні павінны быць ідэнтычнымі для ўсіх».
XS
SM
MD
LG