Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горках больш няма плошчы Леніна


Яшчэ год таму ў Горках была і плошча Леніна, і помнік правадыру. Цяпер — ні плошчы, ні помніка.
Яшчэ год таму ў Горках была і плошча Леніна, і помнік правадыру. Цяпер — ні плошчы, ні помніка.

Горацкі райсавет пастанавіў пераназваць плошчу Леніна ў Цэнтральную плошчу.

Пра гэта паведамілі ў сакратарыяце раённага савету. Паводле супрацоўніцы сакратарыяту, пастанова райсавету павінна прайсьці працэдуру зацьвярджэньня ва ўпраўленьні юстыцыі.

Пра намеры пераназваць плошчу Леніна ў Горках стала вядома пры канцы ліпеня. Мясцовая ўлада зьвярнулася да жыхароў, каб тыя прапанавалі свае варыянты. Сярод прапановаў былі Цэнтральная, Маладзёжная, Фантанная.

Кандыдат гістарычных навук, жыхар Горак Аляксандар Каданчык прапанаваў пераназваць плошчу Леніна ў плошчу Незалежнасьці. Гісторык аргумэнтаваў сваю прапанову тым, што на цэнтральнай плошчы райцэнтру адбываюцца мерапрыемствы, якімі ўмацоўваецца незалежнасьць краіны, акрамя таго, тут знаходзяцца дзяржаўныя органы, якія сваімі рашэньнямі таксама ўмацоўваюць незалежнасьць:

Каданчык: «Яны абралі самую нэўтральную назву. Назваць „Дажынкаўскай“ — гэта было б ужо, відаць, занадта, бо „Дажынкі“ — разавае мерапрыемства. Што да плошчы Незалежнасьці, то, відаць, такая назва дужа рэжа вочы й слых нашай адміністрацыі. Чаму ў нас ня можа быць плошчы Незалежнасьці? Мне адразу казалі, што адміністрацыя раёну ня пойдзе на тое, каб перайменаваць плошчу Леніна ў плошчу Незалежнасьці. Цяпер ня той час».

Журналісты недзяржаўнай газэты «Ўзгорак» прапаноўвалі сваю назву — плошча Гарэцкага. Адзін зь іх, Ільля Заранок, зазначае:

«Мясцовыя ўлады, відаць, збаяліся паказацца задужа нацыяналістычнымі, прабеларускімі. Пакуль, на жаль, няма ва ўладзе і грамадзтве адназначнага водгуку на беларускія назвы, такія, як імя Гарэцкага, Ластоўскага і шмат каго іншага — хто працаваў на ніве беларускага Адраджэньня. Няма кансэнсусу па гэтых імёнах і па гэтых героях. Шкада, вядома, што плошча будзе амаль безыменнай. Абралі назву, каб усіх задаволіць — і вэтэранскія арганізацыі, і мясцовае гэтак званае беларускамоўнае лобі, калі яно ёсьць у Горках».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG