Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары-2012: «Як толькі загаварыў пра байкот, адразу спынілі сустрэчу»


Як у гэтыя дні вядуць агітацыю кандыдаты ад апазыцыі? Чаму многія дагэтуль ня выставілі перадвыбарчыя пікеты, не праводзяць сустрэчы з выбарцамі? Як адбываецца запіс тэлевыступаў? Чаму улады цэнзуруюць гэтыя выступы?

Напрыклад, кандыдатам ад апазыцыі на Гарадзеншчыне не дазваляюць казаць падчас сустрэч з выбарцамі пра байкот. Матэрыялы з крытыкай улады і заклікамі да байкоту не друкуюць у раённых газэтах.

Кандыдат ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Іван Крук, які вылучаецца па Ваўкавыскай выбарчай акрузе, правёў сустрэчу з рабочымі машынабудаўнічага заводу. Паводле яго, у залі сабралі толькі каля 20 чалавек — выключна з інжынэрна-тэхнічнага складу, рабочых не было зусім.

Ён распавёў пра сябе, праграму сваёй партыі, пра эканамічны і палітычны стан краіны. А калі пачаў тлумачыць што партыя прыняла рашэньне зьняцца ўсім вылучэнцам з-за таго, што выбары нячэсныя, адразу адчуў рэакцыю з боку намесьніка дырэктара па ідэалёгіі.

«Як толькі я нагадаў пра магчымы байкот выбараў, то ідэоляг перапыніла мой выступ...»

Іван Крук

Іван Крук

Крук: «Як толькі я сказаў, што вы таксама можаце не ісьці на выбары, паколькі гэта вашае права, — адразу перарвалі мой выступ. Ідэоляг сказала, што заканчваем ваш выступ. Работнікі маўчалі, паколькі былі толькі ІТРаўцы і ўсяго чалавек 20, яны адразу разышліся».

Выступ кандыдата ад АГП па Смаргонскай выбарчай акрузе Міколы Ўласевіча зьнялі з эфіру абласнога радыё і тэлебачаньня.

А сёньня яму адмовілі ў публікацыі праграмных матэрыялаў на старонках смаргонскай і астравецкай раённых газэтаў, спаслаўшыся на тое, што тэксты нібыта завялікія, прычым не прапанаваўшы нават іх скараціць. Вось што пра гэта кажа сам Уласевіч:

Мікалай Уласевіч

Мікалай Уласевіч

Уласевіч: «Я ж ведаю, што прычына не ў аб’ёмах, а ў зьмесьце. Там усяго два пытаньні разглядаюцца: карупцыя і будаўніцтва АЭС. А гэта па іх балюча б’е. А я там не саромеюся ў выказваньнях — вось у гэтым і ёсьць сэнс іх адказаў. Таму як не далі выступіць у эфіры, так не дадуць друкаваных магчымасьцяў».



Старшыня СПК задаваў кандыдату пытаньні з паперкі

Кандыдат ад БНФ па Слонімскай акрузе пасьля некалькіх забаронаў сустрэўся з выбарцамі ў вёсцы Дабрасельцы Зэльвенскага раёну. Кажа, што пакуль на сустрэчу ў мэхдвор не прыйшоў старшыня, мэханізатары распавядалі пра свае малыя заробкі, высокія цэны, падман былога дэпутата і іншыя праблемы. А потым пытаўся толькі адзін старшыня.

Іван Шэга, збор подпісаў

Іван Шэга, збор подпісаў

Шэга: «Да прыкладу, ён пытаўся пра дзяцей, бо, напэўна, мае зьвесткі, што мой сын у Чэхіі, але не ў таго запытаўся, і іншае кшталту такога. Дый пытаньні задаваў з паперкі. Заранёў, напэўна, патэлефанавалі і далі яму гэтыя пытаньні».

На Віцебшчыне праўладны кандыдат Уладзімер Шыцько адмовіўся абмяркоўваць праблемы палітзьняволеных і эканамічнага заняпаду.

Гэтыя тэмы для абмеркаваньня ў тэле- і радыёдэбатах прапанаваў ягоны апанэнт, старшыня раённай суполкі партыі БНФ, кандыдат па Віцебскай-Сельскай акрузе № 21 Леанід Аўтухоў.

«Я прапанаваў тэмы, каб выбары зрабіць празрыстымі, каб уключыць прадстаўнікоў кожнага кандыдата ва ўчастковыя камісіі. Ну, і пра палітвязьняў. Бо мы кепска так жывем, бо няма інвэстыцый, а іх і ня будзе, пакуль у турмах сядзяць бязьвінныя людзі, змагары за Бацькаўшчыну. Гэта Мікола Статкевіч, Зьміцер Дашкевіч, Алесь Бяляцкі... Але Шыцько адмовіўся размаўляць на гэтыя тэмы. У прыватнай размове сказаў: «Не!»
Леанід Аўтухоў на ганку віцебскай тэлерадыёкампаніі

Леанід Аўтухоў на ганку віцебскай тэлерадыёкампаніі




Дырэктар кадэцкай вучэльні ігнаруе апанэнтаў і журналістаў

Дырэктар кадэцкай вучэльні Ўладзімер Шыцько адмовіўся размаўляць і зь незалежнымі журналістамі, якія чакалі яго і Леаніда Аўтухова каля Віцебскай тэлестудыі. Ад здымак на відэакамэру ён адмовіўся ў катэгарычнай форме: сказаў, што сьпяшаецца на сустрэчу з выбарцамі ў райцэнтры Шуміліна. Але нізавошта не пагадзіўся распавесьці, дзе канкрэтна заплянаваная сустрэча.

На думку спадара Аўтухова, ягоны апанэнт знарок пазьбягае вострых тэмаў:

«Таму што ён прызначаны ўладамі. А такія тэмы дужа не падабаюцца ўладзе, якая цяпер пануе ў Рэспубліцы Беларусь».

На тэледэбатах няма палемікі

Затое падзяліцца ўражаньнямі ад тэледэбатаў зь незалежнымі журналістамі пагадзіліся кандыдаты па Полацкай гарадзкой акрузе тэлежурналіст Аляксей Міхальчанка і старшыня Полацкага гарсавету Натальля Гуйвік. Яны адзначылі, што трэці кандыдат, прадстаўнік партыі левых «Справядлівы сьвет», ад удзелу ў дэбатах адмовіўся. А ім, журналісту дзяржаўнага тэлебачаньня і прадстаўніцы ўладаў, было прыемна гутарыць між сабой. Вострай палемікі ня выйшла.

5 верасьня ў Слуцку кандыдат у дэпутаты па выбарчай акрузе № 67, вясковы прадпрымальнік Аляксандар Шыловіч ня змог трапіць на прыём да губэрнатара Меншчыны Барыса Батуры.

Яшчэ і сёньня Аляксандар Шыловіч расхваляваны тым, як зьняважылі яго ў Слуцкім райвыканкаме. Ён нагадвае:

«Такое адчуваньне, што чыноўнікі прыватызавалі Слуцкі выканкам»

«Калі мясцовыя ўлады ня здольныя разьвязаць праблемы людзей, дык тыя ідуць да губэрнатара. Прыйшоў і я... У адміністрацыі адразу мне заявілі, што, маўляў, вы тут „не сядзіце й не размаўляйце зь людзьмі...“ Я ім кажу: „А вы мяне вучыць будзеце, дзе і з кім мне размаўляць?!“

Такое адчуваньне, што яны ўжо прыватызавалі гэты выканкам... Адзін раз падышла, другі з намерам „ушчыпнуць“. У адказ я папярэдзіў: „Вы шукаеце непрыемнасьцяў і іх знойдзеце...“ Тады як закрычыць: „У мяне ня можа быць непрыемнасьцяў!“ І такім чынам чатыры разы падыходзіла... Ну, я не паленаваўся — пайшоў і ўзяў кнігу скаргаў і, як гаворыцца, накатаў скаргу... Яна ў адказ заявіла, што нібыта я агітаваў людзей з чаргі на прыём да пана Батуры.

Складаецца ўражаньне, што галоўныя тут — чыноўнікі, а іншыя — нібыта й ня людзі»

Я перапытаў: «А вы бачылі, што я агітую людзей?» Заявіў ёй, што цікаўлюся ў месьцічаў, якія яны маюць пытаньні да спадара Батуры й чаму нельга іх разьвязаць на мясцовым узроўні? Чаму тут суды бязьдзейнічаюць і выканкаму ўсё «па барабану»? А сёньня раскажу пра гэта назіральнікам і, напэўна, у Цэнтравыбаркам зьвярнуся... Увогуле, зьдзіўляюць такія адносіны. Складаецца ўражаньне, што галоўныя тут — чыноўнікі, а астатнія для іх — нібыта ня людзі..."

Нагадаю, што Аляксандар Шыловіч — незалежны кандыдат, зарэгістраваны праз збор подпісаў. І ён мае дэпутацкі досьвед — раней на працягу больш як 15-ці гадоў быў дэпутатам мясцовага сельсавету. Цяпер ён кажа, што змаганьне за дэпутацкі мандат у «палатку» пройдзе да канца:

«Мой прынцып: «Хочаш зрабіць добра — рабі сам!»

«Я — сам па сабе. Таму што і тут змагаўся зь мясцовай уладай заўжды сам. Мой прынцып: „Хочаш нешта зрабіць добра, то рабі сам“. Я больш за 300 подпісаў сабраў асабіста. Жонка — 270. Таксама сын дапамагаў...»

Цікаўлюся ў суразмоўцы, як ён выкарыстоўвае магчымасьці цяперашняга агітацыйнага этапу выбарчай кампаніі, ці атрымаў час для выступаў на дзяржаўнай тэлевізіі й радыё? Аляксандар Шыловіч тлумачыць:

Адказ кандыдата цэнзарам: «Мне вырашаць, пра якія праблемы пісаць!»

«Так, я й на „Сталічным тэлебачаньні“ выступаў, і на радыё „Сталіца“. А ў мясцовай газэце „Слуцкі шлях“ выйдзе 7 верасьня мая праграма як кандыдата. Дык і тое цэнзуруюць: „Тут гэтага не пішыце й тут таксама...“ Я ім кажу: „Паважаныя! Я вам прынёс тэкст, і калі вы не жадаеце яго друкаваць, то так і скажыце. Я ў такім разе зьвярнуся ў Цэнтравыбаркам, у вас, магчыма, будуць праблемы. А пакуль мне вырашаць, пра якія праблемы пісаць!“ Вось такая тут у Слуцку цэнзура...»
XS
SM
MD
LG