Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Барыса Хамайду склалі пратакол за «хуліганства»


Барыс Хамайда

Барыс Хамайда

Віцебскага апазыцыянэра вінавацяць у тым, што ён нібыта хацеў учыніць бойку з загадчыцай крамы № 82 гандлёвай сеткі «Веста». Ён штодня распаўсюджвае незалежную прэсу якраз каля ўваходу ў гэтую краму.

Барыс Хамайда перакананы, што міліцэйскі перасьлед — гэта помста за плякат з заклікам байкатаваць выбары. З гэтым плякатам ён выйшаў сюды ж, да так званага «сіняга дома» — дома № 28 па вуліцы Леніна — у мінулы панядзелак.

Апазыцыянэр кажа, што з тае пары ён мае праблемы зь міліцыяй:

«3 верасьня мяне затрымалі, пацягнулі ў суд і далі 400 тысяч штрафу за плякат „Незаконным выбарам у незаконную „палатку“ — байкот!“ 5 верасьня міліцыянты прыехалі і загадалі мне сыходзіць, бо я нібыта замінаю здымкам фільму пра Марка Шагала. Якім чынам я замінаю, калі праводзяцца яны за паўкілямэтра ці нават больш? Сёньня зранку міліцыя загадала сыходзіць ужо без аніякіх тлумачэньняў. Калі я адмовіўся, яны, верагодна, загадалі „разабрацца“ са мной дырэктарцы крамы, каля якой я стаю. І яна справакавала скандал».

Паводле спадара Хамайды, загадчыца таксама спачатку загадала яму сыходзіць — маўляў, на гэтым месцы трэба паставіць стол і лаўкі для вулічнага гандлю. Тады актывіст перасунуўся са сваім бел-чырвона-белым парасонам крыху ўбок.

Загадчыцу гэта не задаволіла, кажа актывіст:

«Яна выбегла з крамы, схапіла бел-чырвона-белую стужку, якая ў мяне тут прымацавана, хацела сарваць і герб „Пагоня“. Вядома, я схапіў яе за руку. Спадарыня выклікала міліцыю, на мяне склалі пратакол за хуліганства. Дарэчы, пратакол міліцыянты пісалі за сталом, які прынесьлі з крамы і дэманастрацыйна паставілі перада мной, упоперак ходнікаў. Ніякага гандлю тут няма і ніколі не было. Гэта ўсё — толькі спробы наладзіць мне перашкоды».

Стол і лаўкі відавочна замінаюць мінакам, але супрацоўнікаў міліцыі гэта не зьбянтэжыла. Яны сказалі, каб «хуліган», 64-гадовы Барыс Хамайда, чакаў позвы ў суд.
XS
SM
MD
LG