Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
1.

Ложак Пілсудзкага захаваўся, і я яго бачыў! На гэтым ложку ён памёр у 1935 годзе, пажылая экскурсаводка завучана называе дзень, гадзіну, хвіліны, але я не запомніў. Цікава, як ложак захаваўся ў час апошняй вайны ў Варшаве, цалкам зруйнаванай? Зрэшты, самае цікавае, што ён знаходзіцца ў адноўленым кабінэце маршала Юзафа Пілсудзкага, а кабінэт гэты ў Бэльвэдэры — рэзыдэнцыі Браніслава Камароўскага — прэзыдэнта Польшчы.

Адным словам, у палац, дзе жыве польскі прэзыдэнт і прымае часам замежных прадстаўнікоў, можна трапіць на экскурсію. Для гэтага трэба праз інтэрнэт запісацца на канкрэтны дзень, унесьці свае зьвесткі. Экскурсія бясплатная, але яе могуць адмяніць без тлумачэньня прычынаў. Можна здагадацца, што ў Бэльвэдэры ў гэты дзень могуць, напрыклад, прымаць гасьцей. Але мне пашанцавала, адмовы не было.

Зразумела, што тая частка, дзе жыве прэзыдэнт, для наведнікаў закрытая. Ахвотным паказваюць толькі музэйную экспазыцыю, прысьвечаную адраджэньню польскай дзяржавы ў 1918 годзе, асобе маршала Пілсудзкага, затым ягоны кабінэт. Можна пабыць таксама ў капліцы, якая знаходзіцца ў дольнай частцы будынку.

2.

Незалежнасьць Польшчы была адноўленая 11 лістапада 1918 году. Спроба стварыць беларускую дзяржаву таксама прыпадае на 1918 год. І ў беларуса ў такім разе ўзьнікаюць міжволі пытаньні: ці магчымая экскурсія, напрыклад, у гмах на Карла Маркса? Ад паляка аднаго чуў: быў затрыманы толькі за спробу сфатаграфаваць будынак. Але ёсьць, ёсьць і ў нас музэйчык цяпер нарэшце! Строгае папярэджаньне: упускаюць ня больш за дванаццаць чалавек, хаця гмах аграмадны. У палякаў будынак невысокі, але дазволена трыццаць пяць экскурсантаў адразу ўпушчаць.

Другое: ці ўбачым на Карла Маркса партрэты айцоў БНР? Ні ў якім разе! Магчыма, вядомы твар у круглых акулярах Цішкі Гартнага, першага кіраўніка савецкага ўраду? Таксама не! Ён жа «ворагам народу» аказаўся ў іх… Дык можа Машэраў? Трапіў у няласку ў цяперашняга начальства! Шушкевіч? Божа барані! Вядомы апазыцыянэр! Хіба што ў адмоўнай ролі «белавескага змоўшчыка», адказнага за «развал СССР» і стварэньне гэтай самай трыклятай РБ!

Дык што тады застаецца ў падрахунку? Партрэт гаспадара гмаху на Карла Маркса і больш ніякіх партрэтаў. Хіба здымкі: ірвуць на шматкі дзяржаўны бел-чырвона-белы сьцяг і скідаюць рыцарскі герб. Бо «гісторыя сучаснай сымболікі» ў музэйчыку адлюстраваная. А паводле цяперашніх «скрыжаляў», Беларусь стала па-сапраўднаму свабоднай і сувэрэннай пасьля зьнішчэньня сымбаляў яе незалежнасьці. Сэляві: гісторыю пішуць пераможцы.

3.

А што ж Пілсудзкі, што апроч пісьмовага стала, крэсла, ложка, мне запомнілася? Карціна: кабета-Польшча адраджаецца, у небе карона караля Яна Сабескага, пераможцы туркаў, а збоку сам Пілсудзкі зь бела-чырвоным сьцягам. Партабак з трыма папяросамі, кажуць сапраўдны. Маршал любіў курэньне і гарбату, а таксама «Такай». Дарэчы, любіў таксама раскладаць пасьянс. Любіў сэансы сьпірытызму, мода тады існавала пашыраная. Чыіх духаў ён выклікаў? Невядома. У вітрыне таксама люлька з галавой Пілсудзкага. Хто ёю карыстаўся — не сказана.

Прывітальны адрас, пазначаны 19 сакавіка 1920 году. Падпісаны рознымі «крэсовымі» арганізацыямі «беларускіх зямель», пазьней апошняе ўжывацца перастала… Урачыстая папера аб наданьні спадару Пілсудзкаму званьня ганаровага грамадзяніна места Горадні. Прынята рашэньне на «надзвычайным паседжаньні» гарадзкой рады — з нагоды 11-й гадавіны ўступленьня польскіх войскаў у горад. Чаму так доўга чакалі? Няясна.

Варшаўскія газэты за травень 1926-га. Сэнсацыйныя паведамленьні: пасьля збройных сутычак «урадавыя войскі прагнаныя», кіраўнікі краіны «ўцяклі аэраплянамі ў Познань», «маршалак» перамог. Другім разам, толькі цяпер — сваіх. Так, слова зь песьні ня выкінеш.

У 1935 годзе ў першы рэйс выйшаў пасажырскі карабель «Юзаф Пілсудзкі». У вітрыне мэню карабельнай рэстарацыі. На першым месцы рыбны суп. Далей страва з францускай назвай, у якой фігуруе прозьвішча Пацёмкін. Што датычыць вінаў — заўвага: карта з назвамі ў віннага стуарда. Курс — на Лацінскую Амэрыку. Міжвольная думка: ці ня ім потым пакінуў радзіму вядомы ў будучыні пісьменьнік Вітальд Гамбровіч? Толькі зьехаў у Аргентыну, як фюрэр накіраваў танкавыя кліны на Варшаву.

4.

Як вядома, Юзаф Пілсудзкі не лічыў патрэбным мець ахову. Меркаваў, што ў выпадку замаху, карысьці ад яе бывае мала. Як вайсковец, меў пры сабе рэвальвэр і клаўся спаць зь ім. Ну, і як бачым, памёр у сваім ложку, меў 67 гадоў. У беларусаў такога вайскоўца ў 1918-м, на жаль, не знайшлося. Меч рыцарскі не было каму трымаць. Маем, што маем.

Чытаем сёньня, што мэта музэйчыка на Карла Маркса «стварыць прывабны вобраз краіны, якая імкліва рухаецца наперад». У яжовыя рукавіцы — гэта па-іхнаму «наперад»? Вельмі адважнае сьцьверджаньне. Як і тое, што зь цяперашняй РБ «лічацца ў сьвеце», дзе яе дужа «паважаюць». Адрасы нам вядомыя: Іран, КНР, Вэнэсуэла, КНДР, трэба яшчэ пакорпацца ў памяці. А, за апошні час некалькі паважаючых адпалі: Сэрбія, Ірак, Лібія. Хто на чарзе?





На здымках: Бэльвэдэр — рэзыдэнцыя польскага прэзыдэнта; помнік Пілсудзкаму побач з рэзыдэнцыяй; стол і ложак Юзафа Пілсудзкага ў Бэльвэдэры.
XS
SM
MD
LG