Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта немцы супрацоўнічалі з МУС Беларусі?


Я не пра тое – як, пра гэта ўжо шмат чаго даведаліся і яшчэ даведаюцца дошлыя нямецкія рэпартэры. І нават не пра тое, добра гэта ці кепска – з пункту гледжаньня аўтара гэтых радкоў хутчэй рызыкоўна. Але ня ў тым пытаньне. А проста – навошта? Цікава адзначыць, што нямецкія ўрадоўцы, гледзячы па ўсім, ня надта абцяжарваюць сябе тлумачэньнямі, больш налягаючы на прыхоўваньне інфармацыі. Што робіць сытуацыю яшчэ больш цікавай.

Апанэнты Realpolik часта ў сваёй крытыцы палітыкі, якую лічаць апартуністычнай, засяроджваюцца на карысьлівым аспэкце, маўляў, Эўропа прадае свае ідэалы і каштоўнасьці за танную нафту (газ, растваральнікі, цёплыя гешэфты – патрэбнае падкрэсьліць). Але менавіта ў справе супрацы нямецкага МУС зь беларускім падобны профіт цяжка ўгледзець нават пад мікраскопам – хіба дубінкі і бронекамізэлькі прадавалі па завышаных цэнах. Матывацыя незразумелая, што пакідае прастору для ўсялякіх злавесных гіпотэзаў. У стылі нядаўняй фальшыўкі пра Ірыну Халіп, распаўсюджанай праз фальшывы экаўнт Віктара Івашкевіча – як жонка Андрэя Саньнікава падкупала шэфа канцылярыі бундэсканцлера. Прыгадваецца гумарэска часоў перабудовы – і папрасіў у жонкі тры рублі на подкуп амэрыканскага прэзыдэнта.

Зразумела, беларускія ўлады валодаюць сродкамі крыху большымі, але ня тымі, пры дапамозе якіх можна мяняць палітыку першай дзяржавы Эўразьвязу. І ўжо не ў такім убогім аспэкце – можа беларускім ўладам і было прыемна нямецкае навучаньне айчынных змагароў з крамолай, але не настолькі, каб шмат за гэта плаціць.

Так што пытаньне застаецца – чым ўсё ж кіраваліся нямецкія ўрадоўцы?

Ну, адно тлумачэньне ляжыць на паверхні, яго ў той ці іншай ступені нямецкія ўрадоўцы, датычныя да супрацы МУСаў, якраз і ўжываюць – калі беларускія амапаўцы навучацца ад нямецкіх калегаў разганяць «масавыя беспарадкі» (якія, праўда, у Беларусі трактуюцца значна шырэй, чым у Нямеччыне) больш карэктна і зь меншымі ахвярамі, чым яны гэта робяць звычайна, то каму ад гэтага будзе кепска? Ну, па-першае, можна запярэчыць, што можа і не навучацца. Па-другое, можна сказаць, што кепска будзе пэрспэктывам беларускай дэмакратыі – навучацца разганяць больш эфэктыўна, дык і імавернасьць посьпеху чарговай Плошчы відавочным чынам зьнізіцца. Аднак зь іншага боку – разьбітых галоваў, паламаных рук і ног можа быць будзе і менш. Гэта калі не апраўданьне, то прынамсі тлумачэньне. Але ёсьць, выглядае, матыў і больш стратэгічны.

Досьвед усіх удалых постсавецкіх каляровых рэвалюцый гаворыць пра тое, што іх абсалютна абавязковай умовай быў раскол уладных эліт, у тым ліку і сілавых, ня толькі і ня столькі ў тым там была справа, што рэвалюцыйны натоўп, у адрозьненьні ад Плошчы-2010 у Менску, зьмінаў шыхты АМАПу, а ў тым, што АМАП, а ў першую чаргу афіцэры, паводзілі сябе млява, а тое і прыхільна да маніфэстантаў, у адрозьненьні ад іх беларускіх калег 19 сьнежня 2010 году. Можа і не ў спрошчаным стылі роліка http://www.svaboda.org/content/article/24607158.html, які так спадабаўся наведнікам нашага сайту, але недзе недалёка. Але тут пытаньне – а як гэта робіцца?

Ну так вам нехта і скажа. Хаця... вось прыгадаўся фрагмэнт са знакамітага інтэрвію http://www.pravda.com.ua/articles/2004/12/22/3005606/ выданьню «Polityka» прэзыдэнта Польшчы Аляксандра Квасьнеўскага пра тое, як ён быў пасярэднікам (ці «пасярэднікам») падчас «аранжавай» рэвалюцыі ва Ўкраіне ў 2004 годзе:

«Выходзячы ад Кучмы, мы атрымалі важную інфармацыю, што каля 15.00 заплянаваны прыезд 40.000 шахцёраў. Я ўжо прадставіў сабе гэтыя сутыкненьні...

Наша місія скончылася б перад пачаткам перамоваў. Дапамаглі мае знаёмствы, тыя дзевяць гадоў кантактаў з усімі ўкраінскімі палітыкамі. Пасадзіў да сябе ў машыну Яцка Ключкоўскага, у якога быў мабільны тэлефон і нумары асабістых тэлефонаў ўкраінскіх палітыкаў.

Яму ўдалося злучыць мяне зь Цігіпкам (Сяргей Цігіпка – тады кіраўнік выбарчага штабу Віктара Януковіча – Ю.Д.), якога я ведаў. «Гэта праўда, наконт таго маршу?». «Так, гэта ўжо не стрымаць. Луганск, Данецк, Херсон хочуць пайсьці, канец, шахцёры паўстаюць». «Вельмі прашу гэтага не рабіць, у чатыры ў нас перамовы зь Януковічам, выйдзе так, што вы іх зрываеце». Ён зразумеў».

І мы з вамі, шаноўныя чытачы, зразумелі, якія тут галоўныя словы – «Дапамаглі мае знаёмствы, тыя дзевяць гадоў кантактаў з усімі ўкраінскімі палітыкамі». Прычым, менавіта з усімі, з усім спэктрам, у тым ліку і з асобамі, далёкімі ад ідэалаў дэмакратыі. Магчыма, таму Цігіпка і пагадзіўся са сваім суразмоўцам, што бачыў у ім ня проста замежнага прэзыдэнта, палітычнага місіянэра, а знаёмага, зь якім папіта «Нямірава» і «Выбаровай». Ды і самое запрашэньне Касьнеўскага ў якасьці мэдыятара наўрад ці б адбылося, калі б яго не ўспрымалі як у пэўным сэнсе свайго, як чалавека, вартага даверу, ня толькі «аранжавыя», але і тагачасны прэзыдэнт-«дыктатар» Кучма, і «бела-блакітныя».

Пры гэтым не Квасьнеўскі вывеў людзей на Майдан, ня ён стварыў рэвалюцыйную сытуацыю (ёсьць і іншыя меркаваньні, але неахвота спрачацца з аматарамі тэорыі «заходняй змовы»). Аднак калі «гадзіна Ч» наступіла, прэзыдэнт Польшчы здолеў хоць крышачку схіліць шалі вагаў у пажаданы яму бок.

Безумоўна, лінія Квасьнеўскага і, у прыватнасьці, гэты сюжэт зь Цігіпкам былі ў падзеях «аранжавай» рэвалюцыі не галоўнымі. Але, як можна меркаваць, і не адзінымі такога кшталту. Аднак пры гэтым аднатыпнымі, збудаванымі на камунікацыі, на сувязях, наладжаных, назапашаных задоўга да «гадзіны Ч».
Дарэчы, стары спэцслужбіст Уладзімер Пуцін па-свойму вельмі высока ацаніў http://expert.org.ua/statias/?st=2&id=25616 місію Квасьнеўскага ў Кіеў у 2004 годзе. І ў ягоным раздражненьні, і прыгаданым непрыстойным анэкдоце «пра дом трэба думаць» ясна чыталася: «Саша, нягоднік, прыгожа выйграў гэтую партыю».

Ці ня стала больш зразумелым, чаму ж немцы супрацоўнічалі з МУС беларускага дыктатара? «Ды гэта лухта, гэта рэжым вадзіў за нос дурных немцаў, якія сувязі – гэта ж садысты ў пагонах, ланцуговыя сабакі рэжыму» – скажа ўзрушаны чытач. А Цігіпка і той жа Кучма таксама не выглядалі анёламі да «аранжавай» рэвалюцыі, ды і не былі імі.

І, дарэчы – ну а калі б, нягледзячы на сувязі і кантакты, Кучма не запрасіў бы Квасьнеўскага, а калі б у цытаванай размове Цігіпка ў адказ паслаў бы свайго польскага знаёмца... далёка? Ну, значыць, не запрасіў бы, значыць, паслаў бы, ня лёс быў бы. Значыць, капітал кантактаў і сувязяў аказаўся б занадта слабым ці не спрацаваў бы з прычыны асаблівасьцяў сытуацыі. Як казаў Астап Бэндэр «стоадсоткавую гарантыю дае толькі страхавы поліс».

Такая стратэгія не пазбаўленая рызыкі – і маральнай, і практычнай. Але гэта рызыка пэўнай стратэгіі, а ня проста глупства недасьведчаных людзей.
У прапанаванае мной тлумачэньне ўкладаецца і рэакцыя нямецкіх уладаў на сэнсацыйнае выкрыцьцё іх «дапамогі дыктатуры»: «Спадарства, ну ня ўсе мэты і пляны варта агучваць». Але публіка – яна такая публіка, а журналісты – такія журналісты. Сам такі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG