Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у справе ліквідацыі «Плятформы» працягнеца 9 кастрычніка


Працягваецца суд у справе ліквідацыі «Плятформы»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:28 0:00

Судовы працэс у справе ліквідацыі «Плятформы» адкладзены. Пазоўнік, прадстаўнік падатковай інспэкцыі, ня змог адказаць на пытаньні «Плятформы» і яму неабходна падрыхтаваць пакет дакумэнтаў.

На чарговым судовым паседжаньні прадстаўнік падатковай інспэкцыі Савецкага раёну сталіцы Дзьмітрый Содаль зноў пералічыў парушэньні, дзеля якіх «Плятформа» павінна быць ліквідаваная: грамадзкая арганізацыя несвоечасова прадставіла падатковую дэклярацыю і не паведаміла пра зьмену месца знаходжаньня. Прычым за абодва парушэньні «Плятформу» ўжо аштрафавалі.

Цікава, што паведамленьне пра адміністрацыйны штраф за незнаходжаньне па юрыдычным адрасе падатковая інспэкцыя выслала менавіта на той адрас, дзе, паводле падаткоўцаў, «Плятформа» быццам бы не знаходзіцца — вуліца Веры Харужай, 22-38. І дакумэнт «Плятформа» атрымала менавіта там.

На шмат якія пытаньні адказніка, дырэктара «Плятформы» Андрэя Бандарэнкі, у пазоўніка не было ні адказаў, ні адпаведных дакумэнтаў. Судзьдзя ўрэшце даў падатковай час, каб падрыхтаваць гэтыя дакумэнты.

Андрэй Бандарэнка: «Вядома, мы ня робаты, мы можам памыляцца. Але нават калі мы і зрабілі памылку, несвоечасова прадставілі дэклярацыю, — мы яе выправілі. А што да прэтэнзіі падатковай інспэкцыі, што мы не знаходзімся па месцы рэгістрацыі арганізацыі — тут наагул у іх няма ніякіх падставаў. Мы прадставілі ўсе свае доказы і пярэчаньні. І цалкам відавочна, што падатковая проста разгубілася. Можа, таму ім далі тэрмін, каб больш грунтоўна падрыхтавацца».

На пытаньне, чаму ў довадах падатковай інспэкцыі фігуравала яшчэ некалькі адрасоў, па якіх быццам бы знаходзіцца «Плятформа», намесьнік дырэктара ўстановы Алена Красоўская-Касьпяровіч адказала так:

«Памяшканьне па адрасе вуліца Філімонава, 12 было нанятае намі на пэрыяд рэалізацыі праекту „Беларусь — гэта хто?“ Паколькі офіс, які нам дала АГП, невялікі па плошчы, а ў нас было вельмі шмат матэрыялаў і да нас прыходзіла шмат людзей, мы вымушаны былі арандаваць іншы офіс на час рэалізацыі праекту. Адрас па 2-м завулку Багратыёна — гэта адрас, дзе пражываю я, і гэта адрас для паштовых адпраўленьняў».

Пасьля двух судовых пасяджэньняў кіраўнік «Плятформы» Андрэй Бандарэнка настроены аптымістычна:

«Ніякіх падставаў для нашай ліквідацыі няма. Гэта сьмешныя абсалютна падставы. Тое, што ў падаткоўцаў не хапае нейкіх дакумэнтаў — гэта відавочна нават суду. Суд разумее, што на такіх падставах ліквідаваць немагчыма. Таму пакуль усё ў норме, жывем. Яшчэ цэлы месяц працы нам далі».

Наступнае судовае паседжаньне ў справе ліквідацыі «Плятформы» прызначанае на 9 кастрычніка. Судзьдзя Алег Клюйко патлумачыў: «Каб не было крыватолкаў, я проста сыходжу ў адпачынак».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG