Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 верасьня спаўняецца 15 год «Маладому Фронту» — бадай, самаму вядомаму моладзеваму дэмакратычнаму руху ў найноўшай гісторыі Беларусі.

Пра ўтварэньне «Маладога Фронту» пісалі нават у «Ілюстраванай храналёгіі гісторыі Беларусі», выдадзенай ў 1998 годзе дзяржаўным выдавецтвам «Беларуская Энцыкляпэдыя».

«Маладафронтаўцы, ваш голас чую
І перад вамі галаву схіляю.
Вы — незабытая надзея тая,
Што мусіць ратаваць зямлю сьвятую»

— напісаў увосень 1997 года народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін.

Павал Севярынец, Алесь Міхалевіч, Яўген Скочка, Аляксей Шэін і яшчэ дзясяткі маладых людзей стаялі ля вытокаў арганізацыі. Распавядае цяперашні старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

«Ідэя насьпявала сама, таму што ў 1997 годзе ў БНФ прыходзіла вельмі шмат моладзі. І было відавочна, што трэба рабіць моцную, самастойную моладзевую арганізацыю. Тады ўжо яўна выявіўся лідэр Павал Севярынец, які асабліва яскрава сябе праявіў падчас стаяньня на плошчы, калі Вярхоўны Савет спрабаваў правесьці імпічмэнт перад рэфэрэндумам 1996 году. А з боку БНФ такім лябістам стварэньня „Маладога Фронту“ выступаў Вячаслаў Сіўчык».

«Горад — наш», пэрформансы да Дня Сьвятога Валянціна, «Шоў Беларушчыны», «Ды-джэй Адраджэньня», «Алімпіяда МФ», «Свабоду палітвязьням!», «Калядны фэст», «Камунізм пад трыбунал!» — толькі па назовах акцыяў можна вывучаць гісторыю найноўшай Беларусі.

Больш за 120 актывістаў МФ ў 2001 — 2002 годзе цягам васьмі месяцаў кругласутачна абаранялі Курапаты і перамаглі. Праз «Малады Фронт» прайшлі сотні, тысячы маладых людзей.

Наста Палажанка прыйшла ў «Малады Фронт» у 2004 годзе. 8 верасьня ў Купалаўскім сквэры адбывалася імпрэза, прысьвечаная гадавіне бітвы пад Воршай, і дзяўчына, якая зусім не цікавілася палітыкай, выпадкова завітала туды зь сяброўкамі. Як узгадвае Наста, дзяўчаты пабачылі там вялікую колькасьць добрых, цікавых і прыгожых маладзёнаў. І яна зразумела, што хоча быць побач зь імі. Але яе не хацелі браць:

«Тады лічылася, што „Малады фронт“ — справа не жаночая, не дзявочая, не юнацкая. Гэта была моладзь, якая рэальна рушыла тыя падзеі, якія існавалі. І таму да нас, як да маленькіх дзетак, паставіліся вельмі асьцярожна, як да малых дзетак, турбуючыся за нас, найперш. Але потым мы сталі часткай такой адзінай моцнай маладафронтаўскай сям’і».

Толькі кіраўніцтва МФ ад Паўла Севярынца і Яўгена Скочкі да Зьмітра Дашкевіча і Міколы Дземідзенкі правяло ў турмах ды на «сутках» у суме больш за 15 гадоў. Праўда, колькі адседзеў цяперашні намесьнік старшыні, спадар Дземідзенка так і не прызнаўся:

«У нас лічыцца як бы „кепскім тонам“ лічыць свае суткі. А я, улічваючы, што сутак было нямала, зьбіўся нават з колькасьці адседак, і не лічыў. Думаю, іх было дзесьці каля дзясятка».

На «хіміі» і цяпер першы старшыня «МФ» Павал Севярынец, у турме — цяперашні старшыня Зьміцер Дашкевіч.

На пытаньне, колькі цяпер сяброў у арганізацыі, Мікола Дземідзенка адказаў так:

«Калі зьвяртацца да інфармацыі „Вікіпэдыі“, там напісана, што нас каля паўтары тысячы. Натуральна, мы ня будзем фанабэрыцца і казаць, што так яно і ёсьць. На сёньняшні дзень актыўных сяброў арганізацыі нашмат менш. Але людзей, якія падзяляюць нашы погляды, і патэнцыйна ня сёньня — заўтра стануць маладафронтаўцамі, мы лічым, што іх нават не паўтары тысячы, а дзясяткі тысяч».

Наста Палажанка дадае:

«Цяпер тэндэнцыя такая, што „Малады Фронт“ сталее. Гэта, як правіла, маладыя людзі, якія вучацца ва ўнівэрсытэце ці ўжо скончылі ВНУ. Калі раней было вельмі шмат школьнікаў, проста плынь прыходзіла ад 14 да 17 гадоў, то цяпер гэта ў асноўным студэнты, якія сапраўды ведаюць, чым яны хочуць займацца, якія найперш хочуць рабіць нешта ў гэтай краіне, для гэтай краіны, якія ня хочуць заставацца ў баку».

І хоць пра «Малады Фронт» ужо напісаныя кнігі, зьнятыя фільмы, многія лідэры сталі ўжо ўплывовымі палітыкамі, нават балятаваліся ў прэзыдэнты, Аляксей Янукевіч перакананы:

«Я думаю, што роля „Маладога Фронту“ ўсё яшчэ ня выкананая канчаткова. Але „Малады фронт“ ствараўся менавіта як такі авангард нацыянальна-дэмакратычнага моладзевага супраціву той несвабодзе, якая ўжо панавала ў краіне. І „Малады Фронт“ гэтую сваю місію цягам усіх 15 гадоў свайго існаваньня выконвае. І вось гэты сьцяг нацыянальна-дэмакратычнага супраціву годна трымае».

6 верасьня а 17.30 у сядзібе БНФ (вуліца Чарнышэўскага, 3) адбудзецца сьвяточная вечарына, прысьвечаная 15-годзьдзю «Маладога Фронту».
XS
SM
MD
LG