Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Карняенка: Выбарчая кампанія загнана ў рэзэрвацыю


Віктар Карняенка

Віктар Карняенка

Цэнтравыбаркам забараніў давераным асобам браць удзел у тэле- і радыёдэбатах, калі гэтыя давераныя асобы — самі кандыдаты ў дэпутаты. Таксама кандыдаты атрымліваюць адмовы ў публікацыі сваіх праграм у дзяржаўных газэтах.

Цэнтральная камісія заявіла, што некаторыя кандыдаты ў дэпутаты зарэгістраваліся яшчэ і даверанымі асобамі іншых кандыдатаў і атрымалі такім чынам магчымасьць удзельнічаць ад іх імя ў дэбатах. Там зьвярнулі ўвагу, што, да прыкладу, Анатоль Лябедзька — давераная асоба ў 17 кандыдатаў. А Яўген Крыжаноўскі — у сямі кандыдатаў. Паводле старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, гэта стала лазейкай для таго, каб кандыдаты апынуліся ня ў роўных умовах. Таму ЦВК забараніў давераным асобам, якія зьяўляюцца кандыдатамі, браць удзел у дэбатах. Тэлеканал «Беларусь-2», які нібыта з тэхнічных прычын прыпыніў запісы тэледэбатаў, аднаўляе іх 6 верасьня, пасьля рашэньня ЦВК. Старшыня АГП Анатоль Лябедзька, які ўзяў удзел у тэледэбатах як давераная асоба яшчэ да рашэньня ЦВК, так камэнтуе гэтае рашэньне:

«Гэта найгрубейшае парушэньне закону, дзе чорным па белым напісана, што давераная асоба мае права прымаць удзел у дэбатах. І ня можа ні Ярмошына, ні Лазавік даваць нейкія свае тлумачэньні. А вось знайшлі лазейку. Гэта пытаньне да тых, хто галасаваў за гэты закон. І толькі яны могуць зьмяніць, калі ў нас прававая дзяржава. А калі ў нас усё „па паняцьцях“, тады праводзім выбары „па паняцьцях“ Ярмошынай, Лазавіка і Лукашэнкі».

Лябедзька мяркуе, што запіс тэледэбатаў зь ягоным удзелам быў узяты на прагляд і была зроблена выснова, што калі апазыцыянэры такім чынам атрымаюць доступ да эфіру, то змогуць аказаць узьдзеяньне на грамадзкую думку.

Сябра Цэнтравыбаркаму з правам дарадчага голасу Віктар Карняенка назваў рашэньне ЦВК адносна дэбатаў абсалютна нелягічным і антызаконным:

«Гэты прыклад тэледэбатаў — якраз нешта адметнае, што адбывалася падчас усёй гэтай выбарчай кампаніі. І галава кожны вечар на экране ня толькі надакучыла выбарцам, а проста іх моцна раздражняе. А Цэнтравыбаркам гэта задавальняе. Мы загналі нашу выбарчую кампанію ў рэзэрвацыю, я казаў пра гэта на пасяджэньні ЦВК. Няма нічога пра кампанію, ніякіх жывых матэрыялаў, апроч пустых плякатаў. І такімі рашэньнямі, якое сёньня прыняў ЦВК — і яшчэ раней, фактычна, пра цэнзуру, — выбарчае кампанія заходзіць у гета. Выбарцу проста нецікава ведаць пра такую пустую кампанію».

Напярэдадні шэраг кандыдатаў (сьпікераў) ад АГП атрымалі адмовы зь дзяржаўных газэтаў «Рэспубліка» і «Звязда», дзе жадалі апублікаваць выбарчыя праграмы. Тры кандыдаты, як гэта было на папярэдніх выбарах, падалі для публікацыі агульны тэкст. У лісьце са «Звязды» гаворыцца, што кандыдат мае права публікаваць сваю праграму аб’ёмам да дзьвюх машынапісных старонак, паведаміла прэсавы сакратар АГП Ганна Красуліна. Далей яна цытуе адказ са «Звязды»:

«Як указана ў прадстаўленай вамі перадвыбарчай праграме, пачатак яе ўтрымліваецца ў праграмах кандыдатаў Багданкевіча і Хашчавацкага. Такім чынам, аб’ём вашай праграмы перавышае вызначаныя Выбарчым кодэксам нормы. І яна ня можа быць прынятая да публікаваньня».

Газэта «Рэспубліка» палічыла, што мэта прадстаўленых матэрыялаў — агітацыя супраць удзелу ў выбарах. Пры гэтым адмова кандыдатаў балятавацца анулюе прысвоены ім статус кандыдата.

Камэнтуючы гэта, Анатоль Лябедзька адзначыў, што ўладам не падабаюцца заклікі да байкоту, выразы тыпу «Лукашэнка — гэта тупік». Аднак яны ня маюць права нешта рабіць са зьместам.

«У нас па Канстытуцыі няма абавязку галасаваць. У іх права рабіць ці першае, ці другое. А значыць, павінна быць права заклікаць да першага і другога. А так атрымліваецца, што яны агітуюць за ўдзел за грошы тых, хто ня хоча ўдзельнічаць. А як мінімум палова насельніцтва катэгарычна заяўляе, што ня хоча ўдзельнічаць. Таму атрымліваецца такая дыскрымінацыя вось гэтай групы грамадзян. І тое, што яны робяць, выклікае сьмех, а сёньня ўжо проста агіду. Гэта слабыя людзі, якія ня могуць прыстойна канкураваць з апазыцыяй, якая пастаўлена ў вельмі складаную сытуацыю».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG