Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто спаліў шляхецкую сядзібу пад Наваградкам?


Уселюб, Наваградзкі раён.

Уселюб, Наваградзкі раён.

Касцёл Узвышэння Сьвятога Крыжа

Касцёл Узвышэння Сьвятога Крыжа

Мястэчка Ўселюб, што пад Наваградкам, за часы савецкай улады зусім ня страціла сваёй шляхетнай старадаўняй аўры. Заснаванае яшчэ пры Вітаўту, мястэчка належала Неміровічам, Радзівілам, Пацеям. Але пасьля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай маёнтак перайшоў расейскаму роду графаў О’Руркаў ірляндзкага паходжаньня. Гэтай той рэдкі выпадак, калі новых гаспадароў мястэчка язык не паварочваецца назваць калянізатарамі. Бо пры графу Марыяну-Карлу О’Рурку Ўселюб стаў адным з асяродкаў галяндзкага сыраварства на Наваградчыне. Пры О’Рурках мястэчка дасягнула эканамічнага росквіту. Тут былі дзьве царквы, дзьве капліцы, касьцёл, сынагога, ня лічачы крамаў і заезных двароў. Генэрал кавалерыі Ёсіф О’Рурк стаў адным з герояў вайны 1812-га году. Сёньня пра слаўную мінуўшчыну нагадваюць былы пэйзажны парк з маляўнічай сажалкай, велічны барокавы касьцёл ды загібы старажытнай вулічнай пляніроўкі.

У маскоўскім навукоўцу Алегу Іпалітавічу Арурку, стрыечным унучатым пляменьніку апошняга ўладальніка маёнтку, высакародныя шляхецкія рысы заўважаюцца адразу. Грэцкі профіль, высокі лоб, блакітныя вочы. Людзі з такой зьнешнасьцю гралі ў савецкім кіно белагвардзейскіх афіцэраў. Спадар Алег зацікавіўся гісторыяй свайго роду ў 2001-м годзе, калі нарадзіўся сын. Гэтае зацікаўленьне і прывяло масквіча ў радавое гняздо на Беларусь. У той час у былой сядзібе дзейнічала бальніца. Што ўзрадавала шляхетнага нашчадка. Засмуціла карціна радавой грабніцы.

— Хваляваньне, натуральна, ахапіла. Бо гэта матэрыяльнае сьведчаньне знаходжаньня прадстаўнікоў нашага роду на гэтай зямлі. Яно захавалася. Сядзібны дом, усыпальніца. Я ў яе спусьціўся, тым была поўная разруха. Аскепкі пліт, цэгла, парэшткі, косткі. Усё было перамяшана. Шок быў вельмі моцны, калі я гэта ўсё пабачыў. Я зразумеў, што так гэта пакідаць нельга. Што ў першую чаргу займуся аднаўленьнем гэтай усыпальніцы. Бо акрамя мяне тут проста фізычна заняцца няма каму.

Старая ўселюбка Валянціна Галінеўская жыве каля самага парку. Дзіўна, што яна ў свой час ня зьехала за Буг. Зрэшты, у яе асобе мы можам пачуць голас той міжваеннай Польшчы. Унікальная цётка!

— То цяпер перайменавалі ў вёску, у дзярэўню. Бальшавікі гэтыя дурныя. А то было мястэчка Ўселюб! Я ня ведаю, як каму, а нам было пры Польшчы добра. Тата шмат зарабляў. Рабіў… Як то поведзець… Як то по-рускі… Працовал для людзі. Рабіў грабы. І камоды, і шафы, і ложкі.

— Ці ёсьць з кім па-польску вам паразмаўляць?

— Старэ мясцовцэ змарлі! То Рос’я! То вшыстко Рос’я! По-рускі размаўляюць мае сыны! А мне то не нравіцца. Не люблю!

— Беларусы павінны размаўляць па-беларуску.

— А я не умем! Я ненавідзэн тэго разговора! То не файно!

А вось іншая ўселюбская старая, мілавідная Ірэна Грэйба добра памятае і апошняга графа, і пачатак новага парадку, і як рабавалі грабніцу.
(Ірэна зьлева)

(Ірэна зьлева)


— Хто сюды ні прыедзе, як паселіцца, то яго і шуфлем ня выцягнеш.

— А чаму?

— Бо Ўселюб. Усе яго любяць.

— А сёньняшні Ўселюб падобны да Ўселюба даваеннага?

— Трошкі. Хаты паразвальваліся. Убіраць не ўбіраюць. А домікі ставяць недзе ў палях. Тут ужо даўнейшых уселюбскіх лічаныя чалавечкі засталіся. Ужо ўсе чужыя. Гэты пан О’Рурк, як мы з мамай ідзем у касьцёл, звычайна праз парк ідземо. Там такая прыгажосьць. Дарожкі пасыпаныя пясочкам, півоні ўздоўж дарожак пасаджаныя. Ніхто кветачкі не зачэпіць. А пан О’Рурк сядзіць у вакне і любуецца дзеткамі. У яго дзяцей сваіх не было. А як прыйшлі бальшавікі, яго вывезьлі. Тады вывозілі на Сыбір.

— А многа людзей тады павывозілі?

— О, калі ўбачаць, што два вульлі стаіць, то, значыцца, ужо ты кулак. І на Сыбір. У вас кальцо ёсьць на руцэ ці не? Калі б убачылі, што ў вас кальцо, то з пальцам адарвалі б. Кальцо, гадзіньнік. Калі ідзе стары з кульбачкай добраю, кульбачку вырвуць.
У вас кальцо ёсьць на руцэ ці не? Калі б убачылі, што ў вас кальцо, то з пальцам адарвалі б

— А сходы зьбіралі?

— Абяцалі ўсё на сьвеце. Царства нябеснае абяцалі. Пасьля вайны гэту капліцу, тут былі панаяжджаўшы ўсякія з Расеі, яны гэтую капліцу адкрылі, падаставалі гэтыя труны.

— Гэта рабілі ня ўселюбскія людзі?

— Прыежджыя. Шыльды, дзе хто пахаваны, пазрывалі. Павыцягвалі труны. Мы сабраліся цэлай капэлаю, дзяўчаты, хлопцы. Пойдзем паглядзім, што там нарабілі. Як вусьцішна было! Адну графіню дасталі. Труну паставілі. Там толькі шкілет быў. Валасы, усё. Ну хіба ня зьдзек? Шукалі золата.

Алег Арурк прапаноўваў мясцовым уладам цікавы бізнэс-плян па адраджэньні маёнтку. Бальніцу ў сярэдзіне нулявых закрылі. Будынак стаяў без аховы. Пакінуты вятрам і алькаголікам. Нашчадак графа прапаноўваў уладкаваць яго пад сельскі гатэль і музэй роду. Ён быў гатовы ўдзельнічаць і фінансава, і арганізацыйна. Але раённыя ўлады выставілі дом на аўкцыён. Пачатковы кошт — паўмільёна рублёў. Чаму адразу не мільярд? Ахвочых, вядома, не знайшлося. Затым быў абвал рубля. А ў траўні сёлета дом згарэў. Якраз у чарговы прыезд Алега Арурка.

— Я разумею, што паходамі ва ўладу і сваімі прапановамі лішняе раздражненьне ўносіў. Маўляў, «вось езьдзіць тут, нешта хоча, а грошай не дае!» Вядома, хацелася б яго аднавіць. Таму што пакідаць у такім выглядзе, пакуль яно ня згіне і не абрынецца, шкада. Гэта ж прыродны парк, ляндшафтны. Трэба вырашаць комплексна. Шукаць інвэстара, аднаўляць парк.

Вядома, падпал звалілі на дзятву. Але стары Эдуард, што жыве непадалёк ад парку, у гэта ня верыць.

— Каб раней вы прыехалі, дом графскі пабачылі б. Спалілі.

— І хто спаліў, невядома.

— А, Божа! Кідалі на дзяцей. Але каб дзеці палілі, палілі б паперу. А там дровы бярозавыя. З мэтай было зроблена!

— З мэтай?

— Вядома, з мэтай. Былі прыехаўшы продкі. Там дровы бярозавыя. Нехта паліў, каб угарэлася.

— Там засталіся сьляды ад гэтых дроў?

— Былі сьляды.

— А вы іх бачылі?

— А яно мне трэба? Палац панскі. Спытаюць, чаго ты тут ходзіш?

Колькі сядзібаў аддаюцца ў Беларусі за адну базавую велічыню? Чаму была адкінутая працягнутая рука? Прычым чалавека невыпадковага? Але кропку ў гэтай гісторыі ставіць рана. Бо засталіся падмуркі. Яшчэ ня ўсю кафлю садралі са старых печаў. Парадкаваньнем і ўселюбскіх могілак, і графскай капліцы-пахавальні зараз займаюцца валянтэры клюбу «Гісторыка». Слова актывістцы клюбу Тацяне Міхайлоўскай.

— Ёсьць некалькі людзей, каму ёсьць справа да спадчыны. Калі ёсьць справа хаця б некалькім людзям, справа гэтая не памрэ. Яна будзе жыць. Гэтая тэма будзе падымацца нейкім чынам. Думацца, рабіцца нешта будзе. Калі казаць напраўду, раней хацелася парадкаваць усе могілкі. І тут цікава. І тут помнікі. Але зараз прыходзіць разуменьне, што некаторыя справы трэба ўмець адпускаць. Трэба даць некаторым рэчам памерці. Каб нараджалася нешта новае.

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG