Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Другі дзень дэбатаў на Магілёўшчыне — зноў без дыскусіі


5 верасьня магілёўскім выбарцам дзяржаўнае радыё і тэлеканал «Беларусь-2» прапанавалі ў запісе дэбаты кандыдатаў на дэпутацтва ў Палату прадстаўнікоў па дзьвюх выбарчых акругах — Магілёўскай-Цэнтральнай № 85 і Магілёўскай-Прамысловай № 87. Чакалася, што ў дэбатах па радыё возьме ўдзел пракурор вобласьці Эдуард Сянкевіч, а па тэлебачаньні — старшыня прафсаюзнай арганізацыі аб’яднаньня «Хімвалакно» Ігар Станкевіч, аднак яны вырашылі ўстрымацца ад дыскусіі.

Па радыё і тэлебачаньні выказаліся пяцёра апазыцыйных вылучэнцаў, адна беспартыйная кандыдатка і вылучэнец ад Лібэральнай дэмакратычнай партыі. Дыскусіі між удзельнікамі не атрымалася. Некаторыя заявілі, што хацелі б пачуць адказы на свае пытаньні ад апанэнтаў, якія ня ўдзельнічаюць у дэбатах.

Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімер Шанцаў, які выступаў на дэбатах па радыё як давераная асоба кандыдата на дэпутацтва па Магілёўскай-Цэнтральнай акрузе Аляксея Паўлоўскага, зьвярнуўся да Эдуарда Сянкевіча з пытаньнем, чаму ў Беларусі не выконваецца вышэйшымі дзяржаўнымі службоўцамі Канстытуцыя. А ўжо як кандыдат у дэпутаты па тэлебачаньні заклікаў выбарцаў перад тым, як ісьці на выбары, задумацца пра ўласны гонар.

Актывістка грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Аксана Закрэўская, якая балятуецца па Магілёўскай-Прамысловай акрузе, праз тэлебачаньне пытаньні, як яна выказалася, ад работнікаў «Хімвалакно», адрасавала Ігару Станкевічу. Усе яны зводзіліся да таго, чаму афіцыйны прафсаюз не бароніць інтарэсаў простых работнікаў прадпрыемства, а падтрымлівае кіраўніцтва.

Кандыдат у дэпутаты ад партыі БНФ па Магілёўскай-Прамысловай выбарчай акрузе Аляксандар Страх у сваёй прамове на дэбатах па тэлебачаньні заявіў, што сёньняшняя ўлада сапсавала адносіны з усімі цывілізаванымі краінамі і што ў беларускіх вязьніцах утрымліваюцца шаснаццаць вязьняў сумленьня. «Гэта нас не ўпрыгожвае», — выснаваў партыец.
XS
SM
MD
LG