Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сырыя ў цэнтры ўвагі ў Каіры і Пэкіне


Прэзыдэнт Эгіпту Мухамэд Мурсі заявіў, што для Сірыі «надышоў час зьменаў» і прэзыдэнт Башар Асад павінен пайсьці ў адстаўку.

Мурсі заявіў пра гэта ў часе сустрэчы міністраў замежных справаў Лігі арабскіх дзяржаваў у Каіры. Паводле яго, Асад павінен зрабіць высновы з «нядаўняй гісторыі» і павінен пакінуць сваю пасаду да таго, як будзе занадта позна. Паводле Мурсі, адказнасьць за спыненьне сырыйскага крызісу кладзецца найперш на арабскіх лідэраў, якіх ён заклікаў не губляць часу:

«Болей няма магчымасьці адкладаць рашэньні, зацягваць іх прыняцьце, губляць час. Няма такой магчымасьці. Кожны мае прызнаць, што сырыйскі народ для сябе ўжо ўсё вырашыў і цяпер неабходныя зьмены», — сказаў прэзыдэнт Эгіпту Мухамэд Мурсі.

Прэм’ер-міністар Турэччыны Рэджэп Эрдаган зьвінаваціў сёньня Асада і яго паплечнікаў ў «дзяржаўным тэрарызме». Ён скрытыкаваў таксама сусьветную супольнасьць, паводле яго словаў, за «бязьдзейнае назіраньне за забойствам мусульманаў».

Турэччына, якая прыняла больш як 80 тысяч сырыйскіх уцекачоў, раней заклікала да стварэньня «зонаў бясьпекі» для цывільнага насельніцтва.

Паводле сырыйскіх актывістаў, больш як 26 тысяч чалавек сталі ахвярамі канфлікту паміж апазыцыяй і рэжымам, які працягваецца болей як паўтара году. У ліку ахвяраў — цывільнае насельніцтва, паўстанцы і вайскоўцы ўрадавых сіл.

Тым часам, дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан, якая знаходзіцца з афіцыйным візытам у Пэкіне, заявіла, што Вашынгтон «расчараваны» адмовай Кітаю і Расеі далучыцца да высілкаў ЗША і іншых краінаў у прыняцьці жорсткіх санкцыяў супраць сырыйскага рэжыму Башара Асада.

Пасьля перамоваў з мінстрам замежных справаў Кітаю Янам Чзэ-цы Гілары Клінтан паведаміла, што дыпляматы абмяркоўваюць «дадатковыя шляхі» для ціску на Дамаск дзеля спыненьня гвалту.

Ян Чзэ-цы заявіў, што Пэкін «цалкам падтрымлівае» пасярэдніцкія высілкі спэцыяльнага пасланьніка ААН і Лігі Арабскіх дзяржаваў па Сырыі Лахдара Брахімі.

Кітай і Расея раней неаднаразова блякавалі прыняцьце Радай бясьпекі ААН рэзалюцыяў аб ужываньні да Сырыі жорсткіх санкцыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG